Пачатак ліпеня традыцыйна вяртае нас да купалаўскіх дзён, якія штогод ладзіць Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы. Праўда, пачынаюцца яны крыху раней – 28 чэрвеня, гэта дата трагічнай гібелі народнага паэта. Усяго тыдзень з нечым не дажыў ён да свайго 60-годдзя. А сёлета мы адзначаем 138 гадоў з дня яго нараджэння.
Час мала што змяніў у сутнасці вобраза Песняра. Для беларусаў ён быў і застаецца той пуцяводнай зоркай, што робіць наш шлях яркім для нас саміх і заўважным для іншых. Яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя ў праграмным вершы “Я не паэта…” ён прароча вызначыў свой лёс:
Кожны край мае тых, што апяваюць,
Чым ёсць для народа ўпадак і хвала,
А беларусы нікога ж не маюць,
Няхай жа хоць будзе Янка Купала
Насамрэч, аўтар згаданых радкоў цудоўна разумеў якая спадчына была да яго і што можа зрабіць ён для свайго краю. Гэта быў покліч гарачага сыноўнега сэрца і чыстай душы, якой балела за свой люд і хацелася дапамагчы яму ў лепшай долі. “…Ў народ і край свой толькі веру/І веру ў самаго сябе…” – вось тая дзейсная Купалава формула жыцця, дзякуючы якой можна шмат што спраўдзіць на сваёй дарозе, нават калі яна і не надта простая. А хто сказаў, што ў геніяў бываюць простыя лёсы?.. Чым цікавейшая постаць, тым больш выпрабаванняў пасылае ёй жыццё. Але, насуперак абставінам, складаецца творчая біяграфія і застаецца спадчына, вартая ўвагі шматлікіх пакаленняў нашчадкаў.
Увогуле розныя даты, звязаныя з жыццём і творчасцю класікаў, актывізуюць наша зацікаўленне асобай мастака слова, спрыяюць разуменню таго гістарычнага часу, у якім выпала ім жыць і спраўджваць свой талент. Узнікае шмат самых розных пытанняў, якія чалавек задае сабе: пра свае вытокі, радзіму, сэнс жыцця. Таму што літаратура акумулюе той высокі духоўны патэнцыял нацыі, без якога немагчыма самадастатковасць кожнага канкрэтнага чалавека.
Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы да дня нараджэння Паэта штогод ладзіць шэраг святочных мерапрыемстваў, аб’яднаных агульнай назвай “Купалаўскія дні”. Сёлета яны крыху розніліся з-за эпідыміялагічнай сітуацыі, але сама традыцыя ўшанавання класіка не згубілася: жальбіны, святая імша ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Радашковічах, ускладанне кветак да помніка Паэту ў Мінску, запрашэнне на яго радзіму ў Вязынку.
Увесь гэты тыдзень – па 12 ліпеня ўключна -- праводзіцца музейна-тэатральны on-line-фэст “Паўлінка на Купалле” – сумесны праект Дзяржаўнага літаратурнага музея Песняра і Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, месца правядзення – сайт Купалаўскага тэатра. Учора, у дзень нараджэння паэта, у знакавай для яго, а цяпер і ўсіх беларусаў, мясціне – Акопах -- адбылася ўрачыстая акцыя пасадкі саджанцаў бэзу “Паўлінка”. Гэтую цудоўную ідэю ажыццявілі музейшчыкі разам з акцёрамі-купалаўцамі, у тэатральным лёсе якіх ёсць славутая Купалаўская “Паўлінка”, і супрацоўнікі Цэнтральнага батанічнага сада Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Даследчыкі называюць Акопы месцам росквіту генія Янкі Купалы, як лірыка сусветнага значэння і выдатнага драматурга. Бэз “Паўлінка”, які будзе квітнець тут кожную вясну – своеасаблівы сімвал неўміручай спадчыны народнага Песняра.
А ўвогуле, цяперашнім летнім часам можна дазволіць сабе прайсціся зямнымі сцежкамі Янкі Купалы. На шчасце, у Беларусі іх нямала: Вязынка, Яхімоўшчына, Акопы, Ляўкі ды іншыя. Пачытайце ці перачытайце хаця б асобныя вершы класіка, яго цудоўныя паэмы. Вы атрымаеце безліч асалоды, новыя імпулься для ўласных думак і разважанняў.
І няхай мінае час, а прарочае слова Янкі Купалы застаецца з намі паўсюль. І кожны можа знайсці ў ім тое, што шукае душа. І абавязкова выпрастае плечы, і адчуе, якую сілу тояць у сабе муры продкаў, і усміхнецца сваёй нечаканай пяшчоце:
Малюся я небу, зямлі і прастору,
Магутнаму богу – ўсясвету малюся,
Ва ўсякай прыгодзе, ва ўсякую пору
За родны загон Беларусі…