Падзяліцца:
«Адлюстраванні. Аўдыясвет спадчыны Кузьмы Чорнага». Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 23.11.2020
«Адлюстраванні. Аўдыясвет спадчыны Кузьмы Чорнага». Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)

22 лістапада – дзень светлай памяці пісьменніка Кузьмы Чорнага. А ўвесь сёлетні год – юбілейны для класіка беларускай літаратуры, у чэрвені адзначалася яго 120-годдзе з дня нараджэння.

Паводле глыбокага пераканання Чорнага: «Літаратура – гэта адна з найгалоўнейшых галін нашае культуры. І стварэнне літаратуры – гэта не ёсць забаўка чалавека, якога завуць пісьменнікам. Стварэнне літаратуры – гэта ёсць найадказнейшая вытворчасць. Працэс літаратурнае творчасці адбываецца і павінен адбывацца не толькі тады, калі пісьменнік садзіцца за стол з пяром у руках. Творчы працэс ідзе ў істоце пісьменніка несупынна і ў часе пісання набывае толькі больш выразныя і інтэнсіўныя формы…»

А прачытанне спадчыны Кузьмы Чорнага ў розных відах мастацтва – яшчэ адно пацвярджэнне геніяльнасці таленту вялікага пісьменніка. Сярод іншых перастварэнняў вобразаў і сюжэтаў класіка на мову музыкі, тэатра, жывапісу, кіно можна асобна гаварыць пра такі ўнікальны мастацкі жанр, як радыётэатр, які існуе на Беларускім радыё яшчэ з 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Свая, самабытная, старонка належыць у ім і Кузьму Чорнаму.

Паводле яго твораў у фондах Беларускага радыё захоўваюцца каля 20 радыёспектаклей, пастановак, інсцэніраваных апавяданняў. Першыя запісы «Вясковая ветэрынарыя» і «Як дзядзька Тамаш напалохаў ваўкоў» пазначаны 1956-м годам, а прэм’ера радыёспектакля «Млечны Шлях» адбылася ў 2014-м годзе, да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Знакамітая «Бацькаўшчына», якую некалі ставіў у БДТ-1 Леў Літвінаў яшчэ пры жыцці аўтара з народным артыстам СССР Уладзімірам Уладамірскім у ролі Леапольда Гушкі, мае новую радыёверсію рэжысёра Марыны Троіцкай запісу 1966 года. У ролях таксама заняты артысты Купалаўскага тэатра, а Леапольд Гушка – заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Барыс Уладамірскі, Евель Цывін – народны артыст СССР Леанід Рахленка.

У 1960 годзе Марынай Троіцкай ажыццёўлена радыёпастаноўка «Вялікае сэрца» паводле аднаго з самых метафарычных ваенных апавяданняў пісьменніка. У галоўнай ролі Пархвена Катлубовіча – народны артыст СССР Уладзімір Уладамірскі. Праз 6 гадоў гэты твор быў запісаны ў мастацкім выкананні народнага артыста СССР Леаніда Рахленкі.

Хочацца згадаць і цудоўны радыёспектакль «Вераснёвыя ночы». Сам твор напісаны ў 1928-м годзе яшчэ маладым аўтарам. Але ў ім ужо адчуваецца рука майстра: тонкага псіхолага і глыбокага лірыка. Вечная тэма ў сусветнай літаратуры, тэма кахання, набывае тут свой непаўторны шчымлівы матыў. Пастаноўка Марыны Троіцкай, год запісу 1968-ы, у галоўнай ролі Агаты – народная артыстка Беларусі Лілія Давідовіч.

Хрэстаматыйная аповесць Кузьмы Чорнага «Насцечка» мае дзве пастановачныя радыёверсіі 1961 і 1984 гадоў. Апошнюю з іх паставіла заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Рыма Маленчанка, у галоўных ролях Насцечкі і Сержа – артыстка Алена Хрысціч і заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксандр Шароў.

А ў 2014-м годзе здзейснілася яшчэ адна прэм’ера паводле спадчыны Кузьмы Чорнагарадыёспектакль «Млечны Шлях», рэжысёр Алег Вінярскі, музыка кампазітара Уладзіміра Саўчыка, гукарэжысёр Валерый Бяляеў. У ролі Кузьмы Чорнагаартыст Аляксандр Гарцуеў, Сямага – народны артыст СССР Генадзь Аўсяннікаў. Як адзначаў аўтар інсцэніроўкі драматург Пятро Васючэнка: «Гэта абсалютна еўрапейскі кароткі раман з вялікай канцэнтрацыяй зместу». А сам аўтар Кузьма Чорны задуму свайго рамана «Млечны Шлях» сфармуляваў так: «Беларускі чалавек сярод сваіх еўрапейскіх суседзяў у часе Айчыннай вайны». І ў радыёспектаклі мы імкнуліся паказаць філасофскае прачытанне ваеннай тэмы, як агульнага зла для ўсіх народаў Еўропы. Па сутнасці, на аўдыямове гучыць роздум пра лёс чалавецтва і лёс цывілізацыі, якая цалкам залежыць ад чалавека. А Млечны Шлях, якім названы раман, – сімвал вечнасці і чысціні, што аб’ядноўвае не толькі персанажаў твора, але і ўсе пакаленні людзей, што калі-небудзь жылі на Зямлі, з намі, сучаснікамі. Не забывайце сачыць за праграмай «Тэатра Беларускага радыё», і ў ім вы абавязкова пачуеце гэтыя цікавыя радыёработы паводле выдатнай спадчыны Кузьмы Чорнага.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: