Падзяліцца:
«Адлюстраванні. Адвечная мая…» Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 29.10.2020
«Адлюстраванні. Адвечная мая…» Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)

Яшчэ дзень-другі і мы сустрэнем апошні месяц восені – лістапад, які падарыў беларускай літаратуры двух цудоўных паэтаў: Яўгенію Янішчыц і Уладзіміра Караткевіча. Хаця пра яго мы часцей кажам «празаік-эпік». Аднак тым не менш, першай і апошняй кнігай Караткевіча сталіся менавіта кнігі паэзіі: «Матчына душа» і «Быў. Ёсць. Буду». У чым, мусіць, была нейкая лёсавасць творцы. Ён прыйшоў у айчыннае прыгожае пісьменства ў той час, калі адмаўлялася і замоўчвалася роднае, нацыянальнае, але самыя лепшыя радкі пісьменнік прысвяціў менавіта сваёй зямлі, якую абагаўляў:

Адвечная мая! Ў сцюдзёных росах,

Як летась, як мільёны год таму…

Ляцяць на ветры косы рыжай восені,

І кліча лісцяў жоўты сум зіму…

Паэзія Яўгеніі Янішчыц выклікае асацыяцыі асаблівай пранізлівасці і спавядальнасці. Яе чуйная душа ўвабрала ў сябе ўсё багацце гэтага свету і шчодра падзялілася ім са сваімі чытачамі. І галоўнымі набыткамі тут хацелася б назваць моц сапраўднага кахання, чалавечую годнасць, якой варта трымацца ва ўсе часы, і, канечне ж, шчырае прызнанне аўтаркі ў любові да адной-адзінай Бацькаўшчыны:

Сто разоў шукай другой красы,

А тым больш, што свет даўно не вузкі!

Ды калі ты не бязродны сын –

Гавары са мной па-беларуску.

«Ён быў сутнасцю Радзімы, як Радзіма была сутнасцю яго», – так вызначыў адзін з калег-літаратараў мастацкае крэда Караткевіча. А вядомы крытык Дзмітрый Бугаёў свой артыкул пра Янішчыц назваў «Летуценніца на скразняках эпохі». Насамрэч, кожная эпоха мае свае скразнякі і, каб вытрымаць іх, патрэбны дужыя крылы і ўраўнаважанасць душы. Але адкуль узяць гэта натуры паэтычнай, тонкай, якая ўласным дыханнем успрымае ўсе падзеі жыцця – вонкавыя і ўнутраныя?

Толькі б чэрствасць нас не астудзіла,

Толькі б спела слова не дарма.

Пад крылом праменнае Радзімы

Пахіснуцца

                      права нам няма!

Яны належалі да розных пакаленняў, але ў абодвух было вельмі натуральнае адчуванне сваёй Радзімы – пяшчотнае і моцнае, у іх было столькі непрыдуманай беларускасці: пісалі як дыхалі і адчувалі як пісалі. Мілая Ясельда Янішчыц і магутны Дняпро Караткевіча помняцца чытачу, як абавязковы складнік іх літаратурнага лёсу. Стыхія вады надае творчасці не толькі матыў неўтаймаванасці, але і вечнасці. Чаму мы ў звычайным жыцці так любім глядзець на рачную ваду? Яна валодае нейкай магічнай сілай, якую цяжка вытлумачыць, і нагадвае нам пра спрадвечны рух усяго жывога.

У дняпроўскіх хвалях, бы ў калысцы,

Разгайдалася хмурынак бель,

І спявае пад тугім вятрыскам

Лугавы вясёлы жаўтазель.

Ўсе шляхі прыводзяць не да Рыма,

А да родных вербаў і бяроз.

Любая, ў барах сівых радзіма,

Сын твой нарадзіўся тут і ўзрос.

Калі пісаліся гэтыя радкі, іх аўтару было толькі 25. Але якая вера ў сваё, роднае, якая любасць да мілых сэрцу мясцінаў!

«А самых лепшых – час не беражэ» – так пачынаецца верш Яўгеніі Янішчыц «Птах», светлай памяці Уладзіміра Караткевіча, напісаны адразу пасля яго адыходу ў вечнасць у 1984-м годзе. І далей у ім ёсць такія радкі: «Ён апантана верыў і любіў. І над зямлёй кружыў, падобна птаху…»

Вера і любоў гадавалі талент абодвух, а вышыня духу не давала змірыцца з пошасцю і няшчырасцю. Праз чатыры гады душа паэткі таксама ўзнялася ў высокае Неба, адкуль светла ўзіраецца ў край свой ціхі, дзе «продкаў галасы», дзе «белыя бусліхі і мудрыя лясы…»

А паэзія – яна з намі. У слотную восень і бэзавую вясну. Калі мы сам-насам ці нават і ў вялікім гурце. Гэта не істотна. Трэба толькі настроіць уласную душу на чароўны гук вершаванага слова, і яго мелодыя загучыць для кожнага з нас. Таму што жыццё складаецца не толькі са шматлікіх абавязкаў і штодзённых зямных спраў. Яно мае і водар Песні, якую праз усе стагоддзі складалі лепшыя Паэты – «рыцары сумлення і свабоды…»

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: