Падзяліцца:
«Адлюстраванні. «Бясстрашны рыцар беларушчыны…» Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 26.11.2020
«Адлюстраванні. «Бясстрашны рыцар беларушчыны…» Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)

26 лістапада – 90-годдзе з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча. Ён мог бы стаць глыбокім і вострым даследчыкам айчыннай літаратуры і гісторыі, але сцвердзіў сябе ў мастацкім слове. Відавочна, што, маючы цудоўную філалагічную адукацыю, ён бы выхаваў не адну пляяду годных вучняў, але пакінуў пасля сябе раманы, апавяданні, вершы, п’есы. Цалкам верагодна і тое, што ў яго асобе мы маглі б мець арыгінальнага мастака-графіка, але сёння зачытваемся яго прозай і паэзій. Ва ўсім гэтым – тое, што называюць провідам творчага лёсу. А ён склаўся так, што Уладзімір Караткевіч – прызнаны класік беларускай літаратуры.

Яго творы нараджаліся яшчэ на вачах старэйшага пакалення, а нам цяпер здаецца, што спадчына гэтага пісьменніка была з намі заўсёды, шмат-шмат гадоў. Пра феномен Караткевічавай папулярнасці і ўлюбёнасці беларусаў ў яго слова можна доўга разважаць, а можна прыняць як пастулат, як сцвярджэнне самога факту, які ўзнік ад запатрабаванасці ведаць і любіць сваё, шанаваць уласную гісторыю. Яго мастацкая стыхія такая моцная і па-чалавечы адчувальная, што аднолькава вабіць і проста чытачоў, і тых, хто сам займаецца творчасцю.

Без Уладзіміра Караткевіча мы не ўяўляем сёння беларускую гістарычную прозу. А па вялікім рахунку, уся спадчына пісьменніка – мастацкі летапіс нашай гісторыі. «Ён быў сутнасцю Радзімы, як Радзіма была сутнасцю яго», – вызначыў адзін з калег-літаратараў мастацкае крэда Караткевіча. А да гэтага яшчэ хочацца дадаць, што пісьменнік разбурыў стэрэатып нацыянальнага характару. Героі Уладзіміра Караткевіча – людзі моцныя, таленавітыя, неардынарныя. Давайце ўспомнім: Алесь Загорскі, Юрый Гораў, Раман Ракутовіч, Андрэй Грынкевіч, Андрэй Беларэцкі ды іншыя.

Сярод іх асобна стаіць імя беларускага сабрата вядомых літаратурных герояў Ціля Уленшпігеля і Кала Бруньёна – Гервасія Вылівахі з цудоўнай аповесці-прытчы «Ладдзя Роспачы». Вызваленне асобы «ад путаў сярэднявечча» ў згаданым творы трансфармавалася, па-сутнасці, у сучасную легенду пра беларуса гожага, свабодалюбівага і самадастатковага. Які, здавалася б, у самыя безвыходныя хвіліны жыцця здольны на пераможны ўчынак: «Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як не робіць ніхто, – і тады пераможаш...» Нават Смерць не можа адолець аптыміста і жыццялюба Выліваху. Кветка-шыпшына, якую Гервасій бярэ з сабою ў падземнае царства, як сімвал роднай зямлі, быццам абярэг, таксама надае яму моцы і ўпэўненасці...

Спадчына Уладзіміра Караткевіча – крыніца разумення і шанавання свайго, беларускага, крэўнага. Таго глыбіннага і сапраўднага, што падкрэслівае нашу адметнасць, годнасць і шляхетнасць.

«…Вялікі працаўнік і бясстрашны рыцар беларушчыны…» – так сказаў пра Караткевіча народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч.

Свет шчодры,

Свет мяне паўторыць...

Ну а не свет,

дык Беларусь. –

Мне – досыць...

У гэтых радках самога Уладзіміра Караткевіча – спавядальнасць інтанацыі майстра, які, абагаўляючы сваю Бацькаўшчыну, пакідае спадзеў на заўтра. Помніць і любіць – гэта якраз тыя словы, якія чытач забірае з сабою ў кожны дзень свайго жыцця пасля знаёмства з творчасцю пісьменніка. І болевы парог, мне думаецца, вызначае сутнасць не толькі Мастака. З гэтым адчуваннем кожны з нас ідзе па зямлі і, магчыма, большасць нашых учынкаў якраз вымяраецца яго, так бы мовіць, наяўнасцю. А літаратурная класіка зусім не застылая мастацкая форма, а жывое жыццё, у якім наша душа можа знайсці шмат паралеляў з уласнымі адчуваннямі і нават тое духовае апірышча, што здольнае ўратаваць нас ад магчымых памылак.

На Першым нацыянальным канале працягваецца «Юбілейны тыдзень» Уладзіміра Караткевіча да яго 90-годдзя. Сёння ў «Тэатры Беларускага радыё» прагучыць 1-я частка радыёспектакля «Севярын і Гражына» паводле паэмы-аповесці «Чазенія», а ў літаратурным «Творчым вечары» ў 21.05 вас чакае сустрэча з пастановачнай групай гэтай мастацкай радыёработы.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: