Так і хочацца паўтарыць услед за паэтам: «Пераходзіць лета ў восень…» Сапраўды, прыкметна і не дужа, забіраючы спякоту, аднак даючы спадзеў на пакуль яшчэ цёплае сонца, і ўсё ж нават па старым календары сёння – ужо пачатак восеньскай пары. Можна сказаць, якраз на гэтай мяжы ў старажытных Бялынічах адсвяткавалі ХХVІІ Дзень беларускага пісьменства, і эстафета перайшла да Капыля, таксама багатага сваімі гістарычна-літаратурнымі традыцыямі краю. З ім звязаны лёс многіх пісьменнікаў, навукоўцаў. На Капыльшчыне нарадзіўся і класік беларускай літаратуры Кузьма Чорны, у якога ў чэрвені быў 120-гадовы юбілей. З гэтай нагоды Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры падрыхтаваў цудоўную літаратурна-дакументальную выставу, якая з поспехам экспанавалася на свяце ў Бялынічах. А цяпер працягне сваю працу ў самім музеі ў Мінску. Шкада, канечне, што сёлетняя пандэмічная сітуацыя не спрыяла таму, каб адзначыць юбілей пісьменніка па-сапраўднаму, з рознымі цікавымі мерапрыемствамі, пры ўдзеле шырокай публікі. Таму што гэтае імя выклікае асаблівую пашану ў беларусаў.
Сучаснікі з цеплынёй называлі яго «чалавекам вялікага сэрца», а літаратурная моладзь з удзячнасцю лічыла сваім «хросным бацькам». Да яго думкі заўсёды прыслухоўваліся, у сваіх крытычных адзнаках ён не хлусіў, а густу і таленту яму было не пазычаць. І Чорнаўскае «будзе друкавацца» для маладых гучала як пароль, як надзея, што яны абавязкова будуць працаваць у беларускай літаратуры.
Мы, чытачы прозы Кузьмы Чорнага ў ХХІ стагоддзі, цалкам пагаджаемся з даўнім вызначэннем крытыкі – «беларускі Дастаеўскі». Сам пісьменнік код сваёй творчасці і мастацкага мыслення выказаў у лаканічным і добра вядомым выслоўі: «Чалавек – гэта цэлы свет». Свет і святло яго душы застаюцца дасюль той загадкай, якая прыцягвае сваёй глыбінёй і праўдзівасцю. Непазнавальны і просты, абаяльны, а часам іранічна-востры, мужны ў пераадоленні хваробы і бязлітасны ў праўдзе пра таталітарны рэжым, Мастак «Боскай міласцю», які зведаў на ўласным лёсе цяжар свайго часу, але застаўся верны сабе, беларускаму слову і Бацькаўшчыне.
Кароткім быў зямны век Чорнага – усяго 44 гады. Уражвае прага да працы, якая ніколі яму не здраджвала, ні пры якіх жыццёвых абставінах. Якую сілу волі трэба было мець і якое жаданне пісаць, каб працаваць да апошняга ўздыху і верыць у тое, што ты робіш. І гэты яго апошні запіс у дзённіку, зроблены ў дзень смерці: «Божа, напішы за мяне мае раманы, хіба так маліцца, ці што?..», які цяпер часта цытуюць, гучыць як прысуд пісьменніцкага лёсу, той Галгофы, якую ён прайшоў… Высакародства душы і нязломнасць духу засталіся.
Паводле глыбокага пераканання Кузьмы Чорнага: «Літаратура – гэта адна з найгалоўнейшых галін нашае культуры. І стварэнне літаратуры – гэта не ёсць забаўка чалавека, якога завуць пісьменнікам. Стварэнне літаратуры – гэта ёсць найадказнейшая вытворчасць. Працэс літаратурнае творчасці адбываецца і павінен адбывацца не толькі тады, калі пісьменнік садзіцца за стол з пяром у руках. Творчы працэс ідзе ў істоце пісьменніка несупынна і ў часе пісання набывае толькі больш выразныя і інтэнсіўныя формы…»
У 1970-м годзе, на юбілейнай вечарыне класіка, Іван Мележ у сваім выступленні назваў Кузьму Чорнага «народным пісьменнікам». Цытую: «Калі няма больш высокай адзнакі для кожнага, хто жыве ў літаратуры, як годнасць народнага пісьменніка, то мы з поўным правам можам сказаць, што па ўсёй сваёй сутнасці Кузьма Чорны, бясспрэчна, пісьменнік народны. Яркі, нацыянальны, беларускі пісьменнік. Адзін з лепшых беларускіх пісьменнікаў, годны паслядоўнік і паплечнік Купалы і Коласа, слава і гонар нашага народа». Вось так вучні ацанілі свайго настаўніка…
Класічныя творы, канечне, пішуцца «навыраст». І новае прачытанне класікі адбываецца ў кожнага пакалення. Спадчына Кузьмы Чорнага вяртае нас да спрадвечнага: зямля, чалавек, свет. І колькі будзе жыць чалавек на зямлі, ён будзе шукаць сваё месца ў гэтым свеце, будзе любіць свой дом і свой край, каб зразумець і спраўдзіць сваё «я».