Падзяліцца:
«Адлюстраванні. Дзейсная памяць». Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 28.12.2020
«Адлюстраванні. Дзейсная памяць». Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)

Згадваючы такі няпросты і напружаны адыходзячы год, хачу сказаць, што і ў ім было здзейснена шмат выдатных ініцыятыў і добрых спраў. 2020-ы ў нашай памяці застанецца юбілейным годам Вялікай Перамогі. Сёлета выйшла нямала грунтоўных, унікальных кніг і альбомаў, прысвечаных падзеям Айчыннай вайны. Гэтая тэма, пры ўсіх не лепшых гістарычных кірунках, па-ранейшаму застаецца важнай для беларускіх пісьменнікаў.

Вядомы паэт і журналіст, Ганаровы грамадзянін горада Светлагорска Ізяслаў Катляроў стварае праўдзівы ваенны летапіс не толькі паэтычным словам, але і сваімі дзейснымі клопатамі пра нашу памяць аб тых далёкіх суровых падзеях. Гэта ў многім дзякуючы яго нераўнадушнаму сэрцу і актыўнай грамадзянскай пазіцыі ў Светлагорскім раёне Гомельскай вобласці за апошнія шэсць гадоў з’явіліся два знакавых мемарыяльных комплексы. Першы з іх – у 2014-м, і прысвечаны ён вядомай аперацыі Баграціён, з якой пачыналася вызваленне Беларусі, а другі ўстаноўлены сёлета, памяці спаленай вёскі Ала, якая стала ахвярай нямецкіх карнікаў 14 студзеня 1944 года.

Сапраўды, Ала – самая трагічная вёска Беларусі, дзе было спалена і расстраляна 1758 чалавек, з іх – 950 дзяцей. Разам з жыхарамі Алы загінулі і тыя, хто шукаў тут ратунку ад фашыстаў, сыйшоўшы з суседніх вёсак. Пасля вайны Ала не адрадзілася. Засталася брацкая магіла і Паклонны крыж.

Ну а сёлета тут створаны мемарыяльны комплекс «Ала», куды, напэўна, як у Хатынь, варта прыехаць кожнаму беларусу. І не толькі. Скажу па ўласным адчуванні, вам, можа, і не спатрэбіцца экскурсавод. Таму што захочацца ў поўнай лясной цішыні прайсціся пешым маршрутам па былой вясковай вуліцы, уздоўж якой вас сустрэнуць веснічкі і парталы – сімвалы спаленых хат… А ў цэнтры комплекса – званніца з набатным звонам. Вельмі ўзрушваюць скульптуры беларускіх мастакоў, выкананыя з прыроднага каменя, на якіх адлюстравана трагедыя Алы. Увогуле інфармацыі, якая тут чытаецца нашай памяццю, нямала. Але галоўнае – сама мясціна, з сённяшнім блакітам неба ў высозных дрэвах. Як вярнуцца ў той жахлівы студзеньскі дзень 1944-га? Сведкаў з таго пекла выйшлі адзінкі…

Як раз пра іх ды іншых ахвяр нацысцкай карніцкай аперацыі расказвае ў сваёй дакументальнай паэме «Ала» Ізяслаў Катляроў. Дваццаць старонак твора – згустак болю загінулых, галасы якіх чуюцца аўтару, і цемрашальства ворага, які не спыняецца ні перад чым.

Ола – двенадцать жертвенных Хатыней,
и нам она – для духовысоты.
Мы – совести взыскующая память,
мы – мстительный, да, человечий стыд.
Хоть прошлое уже нельзя исправить,
но будущее нам принадлежит!

Паэма «Ала» ўвайшла ў новую кнігу Ізяслава Катлярова «Бридский мох», што надрукавана сёлета ў выдавецтве «Беларуская навука» і прысвечана ваеннай тэме. А яе назвай стала яшчэ адна дакументальная паэма аўтара – «паэтычны аповед» пра легендарную наступальную аперацыю «Баграціён». У памяць пра якую ў 2014-м годзе ля вёскі Раковічы Светлагорскага раёна ўстаноўлены пераможны манумент і створаны мемарыяльны комплекс. Адсюль пачыналася ў 1944-м маштабнае вызваленне Беларусі.

Ізяслаў Рыгоравіч сам належыць да пакалення дзяцей вайны. Першыя пасляваенныя гады пакінулі шмат эмацыйных зарубак ў падлеткавай памяці:

Война не может оставаться доброй –
и не жестоких не бывает войн…

Аднойчы перажытае не адпускае творцу – гэта аксіёма. Мастацкі вобраз, змадэляваны аўтарам паводле рэальных падзей і моцнай ўзрушанасці ўласнага сэрца, становіцца быційнай філасофіяй іншых людзей, прагназуе дзейсны пачатак нашых думак і спраў.

Мы память растеряли по годам, –
она меж нами нищенкою бродит…
Вновь превращают памятники в хлам,
а Беларусь… А Беларусь – возводит.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: