Падзяліцца:
«Адлюстраванні. Літаратуразнаўца і казачнік». Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 24.08.2020
«Адлюстраванні. Літаратуразнаўца і казачнік». Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)

Мінуў год, як не стала з намі цудоўнага чалавека і таленавітага творцы Пятра Васючэнкі.

Выбітны навуковец, цяпер ужо былы загадчык кафедры беларускай мовы і літаратуры Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага універсітэта, аўтар цікавейшых літаратуразнаўчых манаграфій і даследаванняў, пісьменнік, які выдаў больш за дзясятак кніг для дзяцей і дарослых, драматург, п’есы якога ставіліся ў розных тэатрах краіны, Пятро Васючэнка доўга і плённа супрацоўнічаў з Беларускім радыё. Пісьменнік-казачнік і літаратуразнаўца-навуковец – гэтыя яго дзве іпастасі паспяхова рэалізаваліся ў радыёжанрах.

Радыё ён любіў, нават называў яго сваім другім домам. Помню, яшчэ на пачатку 90-х Пятро прынёс у Галоўную рэдакцыю праграм для дзяцей і юнацтва сваю першую п’есу-казку разам з Сяргеем Кавалёвым, цяпер вядомым літаратуразнаўцам і драматургам, тады таксама пачаткоўцам. А на сёння ў фондах Беларускага радыё захоўваецца шмат радыёспектакляў і пастановак паводле твораў Пятра Васючэнкі. Займелі сваю радыйную прапіску і знакамітыя паны Кубліцкі ды Заблоцкі, нават раней, чым выйшла серыя кніг пра іх дзівосныя прыгоды.

Можна згадаць і больш познія яго радыёспектаклі: “Паэт і дзяўчына”, прысвечаны Янку Купалу, “Млечны шлях” паводле аднайменнага рамана Кузьмы Чорнага, “Севярын і Гражына” паводле паэмы Уладзіміра Караткевіча “Чазенія”, а таксама музычныя радыёспектаклі для дзяцей: “Жахлівы гам”, “Прыгоды новага калабка”, “Яйка ад Куры Шчабятуры” ды іншыя. З Пятром Васільевічам любілі працаваць радыёрэжысёры: Зінаіда Паўлоўская, Валянціна Кернажыцкая, Ігар Лапцінскі, Рэната Патака, Алег Вінярскі. Аўтар цудоўна разумеў спецыфіку радыёп’есы, у яго быў свой непаўторны стыль, дыялогі герояў будаваліся нязмушана і разам з тым вельмі дакладна. Насамрэч, ён меў вуха радыйнага драматурга. І ахвотна кантактаваў з пастановачнай групай, захапляўся самім працэсам, прыслухоўваўся да істотных заўваг рэжысёра, рэдактара.

А яшчэ Пятро Васючэнка, як літаратуразнаўца і пісьменнік, быў цудоўным суразмоўцам ля радыйнага мікрафона. Глыбокі, абазнаны ў самых розных тэмах, лаканічны і дакладны ў навуковых фармулёўках. Гутарка з ім – гэта свята думкі і сапраўднага адчування беларускага слова. Выступаючы на яго юбілейнай вечарыне ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, я напаўжартам сказала, што мы з ім прайшлі кіламетры эфірных дыялогаў пра літаратуру ў студыях Дома радыё. І Пятру дужа спадабалася гэтае вызначэнне. Ён быў частым госцем розных маіх праграм: “Дыялог над разгорнутай кнігай”, “Нам засталася спадчына”, “Дыярыуш”, “Гаспода”, “Творчы вечар”. Пра якія толькі лёсы і персаналіі мы ні гаварылі: Купала і Гарэцкі, Мрый і Ластоўскі, Багушэвіч і Сыракомля, Караткевіч і Чорны, Стральцоў і Быкаў ды шмат-шмат іншых. Некалі я вяла яшчэ адзін цікавы праект з сімвалічнай назвай “Нанава” – новае прачытанне беларускай класікі ў другой палове 90-х, пачатку 2000-х гадоў. У ім прымалі ўдзел супрацоўнікі Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і адзін з самых актыўных – Пятро Васючэнка, які на той час працаваў там.

Так атрымалася, што абодва выпускнікі журфака Беларускага дзяржаўнага універсітэта, мы з Пятром сустрэліся потым ў Доме радыё і доўгі час працавалі разам у рэчышчы беларускай літаратуры і мастацкага слова. І за ўсе гэтыя гады я не прыпомню выпадку, каб ён нас у чымсьці падвёў, паабяцаў і не зрабіў. Яго выключная адказнасць за сваю справу можа быць прыкладам нават для старэйшых, не кажучы пра моладзь. Кожны раз перад эфірам прагаворвалася не проста тэма, а абавязкова ўдакладняліся ўсе пытанні, усе магчымыя варыянты – і гэта з яго веданнем прадмета гутаркі! А пры сустрэчы ў студыі зноў нараджалася бліскучая імправізацыя...

Пятро належаў да той кагорты людзей, з якімі надзейна будаваць самыя амбітныя планы, ведаючы, што яны абавязкова рэалізуюцца. Здзіўляла яго працаздольнасць, жаданне і ўменне паспець шмат, як быццам тое было прадчуваннем адмераных Богам дзён. І пры ўсім гэтым – душэўная далікатнасць, дасціпны жарт і нязменнае пашанотнае стаўленне да іншых.

Маючы яго арыгінальныя і часам самаіранічныя аўтографы на ўсіх кнігах, што ён мне абавязкова дарыў, я чамусьці спынілася зараз на самым простым, якім была падпісана дзіцячая “Каляровая затока”: “Вельміпаважанай Галіне Васільеўне на ўспамін пра доўгае творчае супрацоўніцтва. Казачнік Пятро. 05.11.2008 г.”

...Так нечакана і зарана прыйшоў час успамінаў, а душа ў Пятра была ўсё ж казачніка…

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: