Падзяліцца:
«Адлюстраванні. Матыў болю і гневу». Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 06.05.2020
«Адлюстраванні. Матыў болю і гневу». Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)

Да 75-годдзя Вялікай Перамогі ў «Тэатры Беларускага радыё» праходзіць «Тыдзень памяці». Штовечар у нашай эфірнай тэатральнай зале гучаць спектаклі і пастаноўкі паводле мастацкіх твораў пра Вялікую Айчынную вайну.

Гаварыць пра перажыты боль і тую жахлівую трагедыю мільёнаў можна рознымі сродкамі. Літаратура і мастацтва дапамагаюць нам вяртацца ва ўчарашні дзень, каб будаваць заўтрашні. Да праўдзівых успамінаў жывых сведкаў ваенных падзей у нашай памяці застаюцца лепшыя ўзоры мастацкіх твораў пра вайну, якія выклікаюць глыбокія пачуцці і перажыванні. Яны нясуць моцны зарад кожнай душы, неабыякавай да гісторыі, здольнай разумець свет асацыятыўна і шукаць у ім сваё месца побач з іншымі.

Жанр радыёспектакля – унікальны і разам з тым даступны масавай аўдыторыі. Яго гісторыя пачынае свой адлік яшчэ з даваеннага часу, з 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Сёння, у юбілейны год Беларускага радыё, мы можам гаварыць пра багацейшую мастацкую аўдыяспадчыну, у якой творы пра вайну займаюць асаблівае месца. І гэты ваенны радыёлетапіс ствараўся на працягу ўсіх пераможных 75-ці гадоў. Таму што нашы калегі разумелі важнасць самой тэмы, яна была абсалютна натуральнай і жывой. І ўсе лепшыя ваенныя творы беларускай літаратуры абавязкова знаходзілі ўвасабленне ў жанры радыёспектакля. Гэта проза і драматургія пісьменнікаў-франтавікоў і пісьменнікаў з пакалення «дзяцей вайны», а таксама тых, хто прыйшоў у літаратуру ўжо ў пасляваенны час: Івана Мележа, Васіля Быкава, Кастуся Губарэвіча, Кузьмы Чорнага, Івана Шамякіна, Кандрата Крапівы, Алеся Адамовіча, Івана Чыгрынава, Віктара Казько, Барыса Сачанкі, Міхася Стральцова, Аляксея Дударава ды многіх іншых. У кожнага з іх – свой мастацкі спосаб адлюстравання тых трагічных падзей ХХ стагоддзя, але адна праўда пра Вялікую Перамогу, якая забрала кожнага трэцяга беларуса…

Стылістыка ваенных радыёспектаклей таксама вельмі розная. Гэта і батальныя гераічныя палотны, і камерныя псіхалагічныя пастаноўкі, і бязлітасныя сваёй натуральнасцю і дакладнасцю мінулых падзей балады-рэквіемы, і нечаканыя лірычнымі матывамі гісторыі сяброўства і кахання. Хаця, вядома ж, абсалютна кожнаму з іх найперш уласцівы матыў болю і гневу. Пачуцці, з якімі жыло, змагалася, ішло на смерць альбо цудам выжывала цэлае пакаленне, якому так трагічна выпала трымаць урокі гісторыі.

За апошнія гады мы запісалі некалькі новых радыёспектаклей ваеннай тэматыкі. Гэта “Пастка” і “Воўчая зграя” паводле аповесцей Васіля Быкава, “Млечны Шлях” паводле рамана Кузьмы Чорнага, “…І няма шляху чужога” паводле аповесці Уладзіміра Саламахі, радыёфільм “Пісьмы, вернутыя з небыцця…” – пра лёс старэйшага сына Кандрата Крапівы, які загінуў пад Сталінградам і ўспамінам пра якога засталіся толькі сціплыя салдацкія трохкутнічкі. Пра іх нам расказала ўнучка Кандрата Крапівы мастацтвазнаўца Алена Атраховіч.

Дарэчы, праца над гэтымі спектаклямі заўсёды пакідала асаблівае адчуванне. І я зразумела, чаму такая атмасфера была ў студыі. Таму што дачыненне да тых падзей мае кожны беларус – і ў другім, і ў трэцім пакаленнях… Гэта досвед роду, які генетычна перадаецца нашчадкам. А таму мастацкі твор выклікае ва ўсіх нас свае асабістыя пачуцці і асацыяцыі. Працуеш напоўніцу, як сказаў адзін артыст пасля завяршэння запісу, “я выклаўся на ўсе 100, я вам вельмі ўдзячны, што даверылі мне гэтую ролю”.

У сёлетні юбілейны год Вялікай Перамогі мы таксама не пакінем нашых слухачоў без падарунка. На Першым нацыянальным канале Беларускага радыё рыхтуецца прэм’ера радыёспектакля “Найдорф” паводле ваеннай аповесці лаўрэта Дзяржаўнай прэміі Беларусі пісьменніка Івана Пташнікава. Дачакаемся разам! А пакуль – з надыходзячым святам! Няхай светлай і дзейснай будзе ваша памяць пра герояў Вялікай Перамогі!

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: