Падзяліцца:
«Адлюстраванні. Наша сіла – у еднасці». Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 21.04.2020
«Адлюстраванні. Наша сіла – у еднасці». Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)

Тыдзень пасля Вялікадня ў праваслаўных вернікаў названы Светлай сядміцай, якая нясе ўсім нам радасць сцвярджэння Хрыстовага Ўваскрэсення. Душа настройваецца на светлы лад, чарговы раз усведамляючы, што цемра пераможана. А значыць, наша вера здольная на цуды, а яе сіла – у нашай еднасці.

Як ні дзіўна, простыя ісціны жыцця – самыя складаныя ў іх вызначэнні. І, можа быць, не заўсёды чалавек кіруецца імі спаўна, бо не адразу спасцігае іх сутнасць. Літаратура заўсёды была цудоўным дарадчыкам у нашых духоўных пошуках і сумненнях. Вельмі хочацца спадзявацца, што гэтая даўняя ісціна для маіх сучаснікаў ніколькі не састарэла.

Сёння, калі ўвесь свет пакутуе ад пандэміі, з рэальнымі праявамі якой найперш змагаюцца медыкі, шмат залежыць ад кожнага з нас. Колькі розных выдатных ініцыятыў было здзейснена за гэты час у падтрымку людзям у белых халатах, колькі слоў падзякі прагучала! Не менш важным па-ранейшаму застаецца і наш агульны клопат адзін пра аднаго, жаданне дапамагчы не толькі фізічна, але і знайсці духоўныя крыніцы, якія валодаюць таксама гаючай сілай.


Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры ў межах праекта «Чытаем класіку разам» праводзіць анлайн-чытанне рамана Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Гэта культавая кніга класіка, у якога сёлета 90-гадовы юбілей. На думку дырэктара музея Міхаіла Рыбакова, які, дарэчы, сам чытаў 1-ю главу, «…няхай мілагучнае роднае слова і яркія старонкі гэтага твора падораць вам асалоду сустрэчы з выдатнай класікай беларускай літаратуры, стануць духоўнай апорай і абярэгам, падставай гонару за свой народ і яго багатую культурную спадчыну». У акцыі прымаюць удзел вядомыя артысты, культурныя і грамадскія дзеячы, журналісты, палітыкі і бізнесмены. Анлайн-чытанне працягнецца да канца красавіка, штодня а 16-й гадзіне на канале YouTubе. Арганізатары ўжо маюць шмат водгукаў не толькі ад жыхароў Беларусі, але і ад гледачоў-беларусаў замежжа.

Літаратурны музей Максіма Багдановіча звярнуўся да сваіх наведвальнікаў таксама праз сацыяльныя сеткі пад хэштэгамі #ЛММБ #экспазіцыя #фота #вытрымка, дзе апошняе слова мае і сімвалічны сэнс – «гэта сіла волі, якая патрэбна нам сёння, каб перажыць уласны страх, паніку, раз’яднанне і застацца людзьмі, што «разам ляцяць да зор». І вось ужо на працягу месяца доўжыцца знаёмства з экспазіцыяй музея праз фотаздымак, як найбольш цікавы і інфарматыўны музейны экспанат. Пачалі з самага першага, ад дня нараджэння будучага класіка. А потым здарыўся цуд, які супрацоўнікі называюць «музейным прыгодніцкім дэтэктывам па высвятленні лёсу стрыечнага брата Максіма Багдановіча – Паўла Гапановіча». Знайшліся людзі, што дапамаглі ўпэўніцца ў версіі, якую вылучылі самі музейшчыкі. Але гэта ўжо тэма гутаркі пра навукова-пошукавую работу музея і, я думаю, будзе нагода асобна расказаць пра тое нашым слухачам.


Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы распачаў віртуальны праект, дзякуючы якому кожны жадаючы можа патрапіць на стацыянарную экспазіцыю «Шляхі» і пазнаёміцца з жыццём і творчасцю народнага паэта. Відэаролікі агучаны на беларускай і англійскай мовах. Цікава, што экскурсію па-беларуску вядзе вядомы акцёр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Раман Падаляка. Тыдзень таму музей далучыўся і да сумнага флэшмобу калег-музейшчыкаў Беларусі і Расііі ў Instagram і Facebook. З сумам, але і з гумарам згадваюць музейшчыкі тыя пытанні, што звычайна гучалі падчас экскурсій, аднак сёння іх няма каму задаваць. Напрыклад, адразу на ўваходзе экскурсантаў цікавіла: «Чаму такія цяжкія дзверы?» На фотаздымках пытанні наведвальнікаў музейшчыкі трымаюць у руках, а на тварах у іх маскі. Напрыканцы сам Янка Купалы ў масцы (скульптура Аляксандра Рыбкіна «Янка чытае кнігу») звяртаецца да віртуальных наведвальнікаў музея: «Чытаю ў самаізаляцыі. А што робіце вы?» У адказ пішуць рознае: чытаю, вучуся, малюю. Мэта музейшчыкаў – выклікаць на дыялог, наладзіць зваротную сувязь, можна сказаць, дасягнута!


Літаратурны музей Петруся Броўкі ў сённяшніх умовах прапануе праект БроўкаOnline, у межах якога з панядзелка па суботу на старонках сацыяльных сетак музея выходзіць шматпланавы кантэнт. Гэта і вершаваная спадчына Петруся Броўкі, і дзень кароткіх гісторый з жыцця паэта, і знаёмства з выставай «З місіяй – у падарожжа», якая ўжо засумавала па наведвальніках, і традыцыйная рубрыка «фондавая пятніца», якая распавядае пра прадметы з фондаў музея ды шмат чаго іншага.

Сацыяльна-культурную эфірную акцыю «Творчасць у імя будучыні» працягвае і Першы нацыянальны канал Беларускага радыё, удзельнікі якой – вядомыя ў нашай краіне дзеячы культуры і мастацтва, творчая моладзь. Сачыць за навінкамі акцыі можна як у радыёэфіры і сацыяльных сетках, так і на нашым сайце радыё.бел і Тэлеграм-канале.


Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: