Падзяліцца:
«Адлюстраванні. Не адкладайце на потым…» Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 04.11.2020
«Адлюстраванні. Не адкладайце на потым…» Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)

Пачатак лістапада для беларусаў традыцыйна звязаны з восеньскімі Дзядамі – святам памінання і шанавання продкаў. Гэты час у прыродзе – ціхі і крыху сумотны, як і чалавечая душа, якая «шчыміць і тужыць», згадваючы сваіх блізкіх і родных, што адыйшлі ў высокія нябёсы. І толькі наша дзейсная памяць пра іх не дае забыцца пра ўсё зробленае і назапашанае цэлым родам. Такі своеасаблівы летапіс кожнай сям’і, якая мацуецца даўнімі і трывалымі каранямі продкаў…

А яшчэ пачатак лістапада для беларусаў – гэта дзень нараджэння класіка нацыянальнай літаратуры народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. За свае няпоўных 74 гады жыцця ён зрабіў вельмі шмат для беларускай нацыі. Паэт і празаік, драматург, публіцыст і перакладчык, вучоны і арганізатар айчыннай навукі, літаратурны крытык, лексікограф, педагог, нязменны віцэ-прэзідэнт беларускай Акадэміі навук з дня яе ўтварэння, актыўны грамадска-палітычны дзеяч, дэпутат Вярхоўнага савета СССР і БССР – пералік можна доўжыць. Відавочна тое, што ў адной асобе спраўдзіўся не толькі вялікі талент, але і чалавек годнай грамадзянскай пазіцыі.

Мой родны кут, як ты мне мілы!..

Забыць цябе не маю сілы!

Сапраўды, гэтыя радкі Якуба Коласа, якімі пачынаецца паэма «Новая зямля», ужо даўно сталіся для нас беларускім брэндам. І ў тым ёсць справядлівасць творчай наканаванасці і мастацкага лёсу. Зямля, якая цябе нарадзіла і дала духоўную моц у вялікім шматлюдным свеце, застаецца з табою праз гады і адлегласць.

Прафесар Міхась Мушынскі, самы аўтарытэтны коласазнаўца, у адным са сваіх артыкулаў пісаў, што Колас «усё сваё свядомае жыццё бараніў годнасць пісьменніка, годнасць літаратуры як высокага мастацтва, як увасаблення творчай энергіі народа. Як адзін са стваральнікаў беларускай літаратурнай мовы, ён шмат зрабіў дзеля яе паспяховага развіцця і ўзбагачэння». Сёння добра вядомы той факт, што ў дзень сваёй смерці Якуб Колас занёс у ЦК КПБ ліст, дзе выказваў сваю занепакоенасць пра крытычны стан беларускай мовы, прапаноўваў меры яе абароны. Гэты дакумент быў упершыню надрукаваны ў 1990-м годзе ў штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва».

Напэўна, каб лепш спазнаць загадку лёсу і творчасці народнага паэта варта накіравацца на Стаўбцоўшчыну – радзіму Якуба Коласа, адкуль і пачыналіся сцежкі маладога Кастуся ў вялікі свет. Туды прыязджаў пісьменнік у сталым узросце – каб сустрэцца са сваім маленствам, мілымі яго сэрцу людзьмі, каб наталіцца дарагімі згадкамі, і, нарэшце, што вельмі важна – дапамагчы сваім землякам. Чатыры мемарыяльныя сядзібы: Акінчыцы, Ласток, Альбуць, Смольня ўваходзяць у склад філіяла Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа «Мікалаеўшчына».

Восеньскія краявіды Коласавых сядзіб кранаюць сваёй маўклівай пяшчотай, задуменнасцю старых дрэваў, таемнай сцішанасцю ваколіц. Дарэчы, у сучаснай сядзібе Альбуць можна расчытаць гісторыю славутай «Новай зямлі». Тут ёсць фотаздымкі прататыпаў герояў паэмы, рукапісы, выданні гэтага твора розных гадоў, тагачасныя прадметы побыту. Яскрава адчуць той час і узгадаць, напрыклад, любімага дзядзьку Антося, вам дапаможа выстава «Пчалярства і рыбалоўства».

А Ласток, у якім Міцкевічы жылі з 1885 па 1890-ы гады, – адзіная мемарыяльная сядзіба, пабудова якой, уявіце, захавалася з тых часоў! Дзіўнае святло і прыгажосць гэтай мясціны абудзілі некалі творчую фантазію маленькага Кастуся. Даследчыкі нават выказваюць думку, што не было б Ластка ў біяграфіі Коласа, магчыма, не было б і яшчэ аднаго шэдэўра беларускай літаратуры – паэмы «Сымон-музыка».

У Смольні вам, напэўна, захочацца сустрэцца з маладымі класікамі – тымі, якімі былі Якуб Колас і Янка Купала ў 1912 годзе падчас сваёй першай сустрэчы менавіта на гэтым падворку. А сядзіба Акінчыцы, з якой і пачынаецца маршрут знаёмства са шляхамі Коласа, першай пачула ў 1882-м годзе голас немаўляці.

Так што не адкладайце на потым сустрэчу з роднымі Коласавымі мясцінамі. І няхай дапамогуць яны вам зазірнуць у глыбіні душы народнага Песняра і вялікага Чалавека. Каб усвядоміць штосьці важнае і ў сваім жыцці…

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: