Падзяліцца:
«Адлюстраванні. Пад зоркамі матуль…» Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 14.10.2020
«Адлюстраванні. Пад зоркамі матуль…» Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)

Кастрычнік – месяц крыху сентыментальны хаця б ужо таму, што на яго прыпадае вельмі важнае для кожнага свята – Дзень маці. Гэта міжнародная традыцыя прыйшла да нас у 1996-м годзе і па календары супадае якраз з Пакровамі. Ад таго, напэўна, набывае яшчэ большы сімвалічны сэнс.

У мяне з дзяцінства гэты восеньскі месяц заўсёды выклікаў цёплыя пачуцці. 5 кастрычніка – дзень нараджэння маёй мамы, а ў першую нядзелю месяца – яе прафесійнае свята, Дзень настаўніка. Часам календарна яны супадалі, і тады адчувалася падвоеная радасць. Букеты позніх астраў, вяргінь, гладыёлусаў, якіх не паспеў схапіць першы прымаразак, стваралі асаблівую атмасферу ў нашым доме. Маміны вучні неслі іх сваёй любімай настаўніцы, як прызнанне і ўдзячнасць. Маму сапраўды любілі вучні і паважалі калегі. І калі яна, ветэран працы, аддаўшы школе больш за 30 гадоў, пайшла, як кажуць, на заслужаны адпачынак, яе 2-гі «А» ніяк не мог паверыць, што Еўдакія Паўлаўна больш не прыйдзе да іх на урок.

Праз 13 гадоў мамінага адыходу ў вечнасць я таксама ніяк не магу змірыцца з думкай, што наша сустрэча ў зямным жыцці не адбудзецца ніколі. І агульнапрынятае, што «час лечыць», на самой справе зусім не працуе. Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін, які ўсё сваё паэтычнае жыццё не стамляўся спавядацца сваёй маме Куліне Андрэеўне, некалі напісаў: «Мамы не стала – не стала Радзімы». Канечне, гэта непераўзыйдзеная барадулінская метафара, але ў дадзеным выпадку яна мае абсалютна рэальныя зямныя карані. Як, дарэчы, і такія яго радкі:

Мы ўсе жывём пад зоркамі матуль.

І гэты свет

Сагрэлі нам матулі…

Адну з лепшых паэтычных кніг Рыгор Барадулін назваў «Евангелле ад мамы». Другі наш сучаснік – пісьменнік Уладзімір Караткевіч невыпадкова першаму зборніку паэзіі даў назву «Матчына душа», а галоўны свой твор – знакаміты гістарычны раман «Каласы пад сярпом тваім» прысвяціў таксама маме Надзеі Васільеўне, якую абагаўляў і шанаваў усё жыццё.

На гранітным помніку маці народнага паэта Беларусі Янкі Купалы Бянігны Іванаўны, якая пахавана на Вайсковых могілках у Мінску, напісаны словы яе любімага сына Яся з верша «Мая навука»: «Наўчыўся я слоў беларускіх ад маці…» Сувязь маці з сынам была такой моцнай, што не ведаючы трагічных абставін яго смерці ў Маскве 28 чэрвеня 1942-га года, праз дзень, 30 чэрвеня, яе душа ў Мінску таксама выправілася ў нябёсы на сустрэчу з ім…

Ты гадуй сынка, матуля,

У пялёнкі спавівай,

Калышы, пей люлі-люлі,

Пей паціху баю-бай!

Над калыскай, з бегам ночак

Песні роднай не жалей,

Каб, як вырасце сыночак,

Верным вечна ён быў ёй. (Янка Купала, пачатак верша «Матцы»).

У фондах Беларускага радыё захоўваецца шмат унікальных літаратурна-музычных кампазіцый паводле вершаў беларускіх паэтаў розных пакаленняў, прысвечаных маці. Яны гучаць, як вянкі любові і пашаны самаму блізкаму чалавеку. І гэтыя радкі даўно сталіся высокім і ўдзячным прысвячэннем усім матулям…

За грамамі веку, за дажджамі,

За чаканнем сонца і адліг –

Сойка скрухі,

Перапёлка жалю,

Кнігаўка маіх лірычных кніг…

Такі вобраз сваёй мамы ў адным з вершаў выказала цудоўная паэтэса Яўгенія Янішчыц, якая прысвяціла роднай душы, Марыі Андрэеўне, шмат твораў. Паводле іх, дарэчы, у нас запісана пранізлівая кампазіцыя «Дзень добры, мама…» у выкананні артысткі Галіны Кухальскай. У 90-х гадах мне давялося сустрэцца з Марыяй Андрэеўнай, я рыхтавала праграму, прысвечаную яе дачцэ Яўгеніі Янішчыц. Дасюль помняцца лепшыя душэўныя якасці гэтай жанчыны. Напэўна, нездарма ў Яўгеніі з’явіўся некалі і такі радок: «Не, усё-ткі не я: мама мая – паэтэса…»

Кастрычнік – месяц крыху сентыментальны. І гэта добра. Яго рознакаляровая раскоша кранае любое, нават самае халоднае і раўнадушнае, сэрца. А яно для таго і дадзена нам Богам, каб любіць, пакутаваць і помніць. Менавіта энергія духоўнага руху лучыць нас з самымі блізкімі і дарагімі людзьмі, нават праз адлегласць расстанняў…

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: