Падзяліцца:
«Адлюстраванні. Прыходзьце, шукайце і... знойдзеце!» Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 05.02.2020
«Адлюстраванні. Прыходзьце, шукайце і... знойдзеце!» Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)

Бліжэйшыя пяць дзён у Мінску яе вялікасць Кніга будзе пачувацца галоўным госцем адмысловага свята. Як раз сёння, 5 лютага, урачыстае адкрыццё ХХVІІ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу. Сёлета для яе абраны сімвалічны слоган «Беларусь – адкрытая кніга», які яшчэ раз падцвярджае вялікую ролю друкаванага слова ў лепшых памкненнях народаў свету. А на святочнай пляцоўцы сапраўды збяруцца пісьменнікі і выдаўцы з розных краін, як мінімум – трыццаці. Ганаровым госцем абрана Расійская Федэрацыя, а цэнтральным экспанентам – Злучаныя Штаты Амерыкі.

Арганізатары гэтай традыцыйнай ужо для нас кніжнай падзеі агучваюць унушальную лічбу 500(!) – амаль столькі мерапрыемстваў пройдзе за гэтыя пяць дзён не толькі на самой выставе, але і іншых пляцоўках горада: у кнігарнях, музеях, бібліятэках. Тэма малой Радзімы і 75-годдзя Вялікай Перамогі – у цэнтры ўвагі канцэпцыі нацыянальнага стэнда выстаўкі.

Інтрыгуе сваімі вынікамі нацыянальны конкурс «Мастацтва кнігі», у шосты раз у межах кніжнага форуму праводзіцца міжнародны сімпозіум «Пісьменнік і час», будуць падведзены вынікі рэспубліканскага конкурсу маладых літаратараў «Першацвет», а таксама можна будзе пазнаёміцца і з новым выпускам аднайменнага альманаха, што выходзіць у «Мастацкай літаратуры». А колькі прэзентацый лепшых выданняў года самых розных выдавецтваў, аўтограф-сесій пісьменнікаў, сустрэч з чытачамі ў розных фарматах ад сур’ёзных да забаўляльна-гульнявых чакае наведвальнікаў выставы! Як кажуць, прыходзьце, шукайце і знойдзеце! Менавіта такія кніжныя падзеі становяцца жыццёвым ўвасабленнем вядомай трыяды: пісьменнік, выдавец, чытач.

Дарэчы, паводле статыстыкі, летась у Беларусі было выдадзена 9619 назваў кніг і брашур агульным тыражом 26 мільёнаў экзэмпляраў.

Сёння ўвогуле цяжка ўявіць сабе цывілізацыю чалавецтва без кнігі. І ў кожнага з нас ёсць свой незабыўны прыпамін, звязаны з ёй. Напрыклад, Уладзімір Караткевіч, улюбёнец многіх чытачоў, у сваім цудоўным эсэ «Пакуль гэта сэрца б’ецца», прысвечаным Янку Купалу, прызнаваўся: «Я дакладна памятаю, калі мне ўпершыню трапіла ў рукі кніга Купалы… у папяровай вокладцы. Я разгарнуў яе і ўбачыў:

На Купалле там птушка садзіцца, пяе,
У Піліпаўку воўк нема вые.
Сонца днём распускае там косы свае,
Ночкай зоры глядзяць залатыя…

Гэта было як ноч, як агеньчык у цёмным садзе і як водар яблыкаў на аўсянай саломе. І так гэта засталося на ўсё жыццё. Я чытаў тады ўсю ноч… І гэта было дзіва. Восьмы – а для мяне першы – цуд свету… Каб не было той ночы і той кнігі – я ніколі не пісаў бы так, як пішу. Ды й ці пісаў бы наогул?..»

А класік беларускай дзіцячай літаратуры Янка Маўр у свой час таксама вывеў падобную формулу творчага лёсу: «Я і сам, мусіць, стаў пісьменнікам, толькі дзякуючы кнігам. Яны мне адкрылі свет і людзей, яны абудзілі тое, што пасля назвалі творчай фантазіяй. Кніга для дзяцей павінна быць толькі добрай кнігай – цікавай і карыснай…»

І як тут ні прыгадаць Францыска Скарыну: «Книга есть мати всех речей и учитель всякому доброму умению». Насамрэч, гэтыя словы беларускага першадрукара гучаць для нас сёння жывой метафарай усяму кніжнаму багаццю, якое напрацавана за гады існавання чалавецтва. Колькі б часу не прайшло, якія б падзеі не перажылі мы за больш чым 500-гадовую гісторыю, што аддзяляе нас ад скарынаўскай эпохі, але прага чалавека да слова, спазнання свету праз адукацыю засталася. Інакш проста немагчыма. А няспыннасць гэтага працэсу ярка і прэзентабельна адлюстроўваюць нам штогадовыя кніжныя выставы-кірмашы.

Больш пра кніжную выставу ёсць тут

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: