Лістапад саступіў дарогу завяршальнаму месяцу года, але пакінуў магчымасць далучыцца да многіх выставачных праектаў, якія былі распачаты да 90-годдзя з дня нараджэння пісьменніка УЛАДЗІМІРА КАРАТКЕВІЧА.
У чытальнай зале рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі працягвае працаваць юбілейная экспазіцыя «Сын Зямлі пад белымі крыламі», якая дае унікальную магчымасць адчуць тую непаўторную атмасферу, у якой нараджаліся героі яго будучых твораў. Варта падкрэсліць, што акадэмічная бібліятэка з’яўляецца захавальніцай самай вялікай часткі дакументальнай спадчыны пісьменніка, і на выставе можна убачыць самыя розныя экспанаты. Напрыклад, рукапісы твораў 1950-х гадоў з аўтарскімі малюнкамі, культавага рамана «Каласы пад сярпом тваім» альбо дакументы часоў вучобы Уладзіміра Караткевіча ў Кіеўскім дзяржаўным універсітэце, запісныя кніжкі, лісты, ці, скажам, сяброўскія шаржы на яго, выкананыя рознымі асобамі, ды шмат чаго іншага.
У Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі наладжана выстава «З кніг Уладзіміра Караткевіча», дзе ўпершыню прадстаўлены кнігі з кабінета пісьменніка і яго бібліятэкі, старадрукаваныя і рэдкія выданні, з цікавымі аўтографамі вядомых творцаў. Асноўнае месца ў экспазіцыі займаюць экслібрысы Караткевіча. Большая іх частка, дарэчы, зроблена самім пісьменнікам, а таксама мастакамі: Арленам Кашкурэвічам, Уладзімірам Басалыгам, Міколам Купавам, Вячкам Целешам.
Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры падрыхтаваў часовую літаратурна-мастацкую экспазіцыю «Уладзімір Караткевіч ў выяўленчым мастацтве», якая будзе працаваць да 20 снежня. Гэта сумесны праект з Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь і Цэнтральнай навуковай бібліятэкай імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. На выставе можна ўбачыць ілюстрацыі Генадзя Грака і Пятра Драчова да раманаў «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» і «Чорны замак Альшанскі», жывапісныя палотны Леаніда Дударэнкі, Уладзіміра Тоўсціка, Міхася Будавея, эскізы касцюмаў Валерыя Рачкоўскага да спектакля «Ладдзя Роспачы» ды іншыя цікавосткі.
На Першым нацыянальным канале таксама працягваецца эфірная Караткевічаніяна. Бліжэйшыя тры вечары запар у «Тэатры Беларускага радыё» будзе гучаць радыёспектакль «У снягах драмае вясна» паводле першай аповесці Уладзіміра Караткевіча, якая праляжала ў рукапісе больш за 30 гадоў. Асобнай кніжкай выйшла ў 1989 годзе ў выдавецтве «Юнацтва», праз пяць гадоў пасля смерці пісьменніка. Пра існаванне свайго празаічнага першынца, як сцвярджаюць даследчыкі, сам Караткевіч нідзе і ніколі не згадваў.
А падзеі, якія пакладзены ў аснову аповесці, вяртаюць нас ў часы студэнцтва пісьменніка, у далёкія і складаныя 50-я гады мінулага стагоддзя. Галоўны герой Уладзіслаў Берасневіч у многім нагадвае самога аўтара, а студэнцкі асяродак выпісаны з тых рэальных людзей, з кім вучыўся Караткевіч у Кіеўскім універсітэце. Яго аднакурсніца, кіяўлянка Муза Яўгенаўна Сняжко, з якой я некалі сустракалася і запісала вялікае інтэрв’ю, на маё пытанне пра гэтую аповесць заўважыла, што Караткевіч «выспеў духоўна для напісання такога твора, але, напісаўшы яго, не надрукаваў. Адносіны да мінулых часоў не змяніліся, хутчэй аўтара не задавальняў мастацкі ўзровень аповесці… Але ніхто з аднакурснікаў не заўважыў, што ў сваіх адзнаках Валодзя памыліўся ці нейкія падзеі пераказаў няправільна. А паколькі ён чалавек глыбокіх ведаў і ў яго няма павярхоўнасці ні ў чым, трэба думаць, чаму ён напісаў менавіта так. Зразумела, што аповесць ранняя, але да яе варта ставіцца з усёй сур’ёзнасцю».
Нягледзячы на пэўныя жыццёвыя супадзенні, сюжэт мастацкага твора дае нам магчымасць увогуле паразважаць пра асаблівасці гістарычнага часу і яго ўплыў на асобу чалавека. Лёс галоўнага героя студэнта Уладзіслава Берасневіча – прыклад таго, як чалавек з маладосці фарміруе сябе, свой погляд на свет, свае духоўныя ідэалы. А яшчэ ў гэтай аповесці мы прачытаем шчымлівую гісторыю юнацкага кахання…
Аднайменны радыёспектакль «У снягах драмае вясна» паводле аповесці Уладзіміра Караткевіча быў пастаўлены на Беларускім радыё ў 1990-м годзе, да 60-гадовага юбілею пісьменніка. Сёння ў «Тэатры Беларускага радыё» слухайце яго першую частку. Час эфіру – заўсёдны, у 22 гадзіны 5 хвілін! Не забудзьцеся, не прапусціце!