Падзяліцца:
«Адлюстраванні. Шляхі-дарогі ў лёсе класікаў...» Радыёблог Галіны Шаблінскай
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 21.01.2020
«Адлюстраванні. Шляхі-дарогі ў лёсе класікаў...» Радыёблог Галіны Шаблінскай

Паводле выказвання французскага класіка Анатоля Франса: «Адзін дзень, праведзены мастаком ў дарозе, лепш за дзесяць, якія прайшлі дома. Столькі навакольных уражанняў застаецца для чуйнай душы!» А наш сучаснік, пісьменнік Яраслаў Пархута, аўтар шматлікіх кніг эсэ пра Беларусь, ухваляў дарогі за іх незабыўныя сустрэчы: «Перш за ўсё з людзьмі, лёсы якіх гэтак розняцца!..»

Дарогі, сапраўды, вызначаюць творчы і жыццёвы лёс пісьменніка. Дзякуючы ім, надараюцца незабыўныя падзеі, яны пашыраюць геаграфію кантактавання творцы з цэлым светам, гістарычна звязваюць яго з Радзімай, урэшце, канцэнтруюць вялікі і малы свет у мастацкім слове аўтара. Быць у дарозе – значыць рухацца наперад, шукаць шляхі да паляпшэння сваіх ведаў і ўдасканалення ўласнай душы.

Адзін з першых нашых вандроўнікаў, Францыск Скарына, яшчэ ў 16-м стагоддзі ажыццявіў сваю галоўную місію першадрукара і асветніка, дзеля чаго пабываў у многіх тагачасных краінах Еўропы. Яго жыццёвы і творчы шлях, як сцвярджаюць даследчыкі, быў звязаны з Вільняй і Кракавам, Познанню і Капенгагенам, Падуяй і Прагай, Вітэнбергам, Масквой, Кёнігсбергам. І з гэтай прычыны Скарыну справядліва называюць чалавекам свету.

Класік беларускай літаратуры Францішак Багушэвіч, аўтар хрэстаматыйнага выслоўя: “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!”, вельмі любіў сваю сядзібу Кушляны, якая знаходзіцца на тэрыторыі сучаснага Смаргонскага раёна. Тут ён правёў і свае апошнія гады. А да гэтага – насычанае падзеямі жыццё ў Вільні і Пецярбургу, Доцішках і Нежыне, Чарнігаве і Валагодскай губерніі. Геаграфія шляхоў аказалася досыць шырокай. І, можна сказаць, на іх выходзіць першы зборнік Францішка Багушэвіча “Дудка беларуская” пад псеўданімам Мацей Бурачок у 1891 годзе ў Кракаве.

Пісьменніца Алаіза Пашкевіч-Цётка, зямная дарога якой аказалася нядоўгай – толькі 40 гадоў, рана пачала свой шлях у вялікі свет. Ураджэнка Гродзеншчыны, Цётка зведала розныя маршруты ў сваім жыцці. На яе лёсавых сцяжынах перакрыжаваліся Вільня і Пецярбург, Львоў і Кракаў. Яна цудоўна апісала свае падарожжы ў Фінляндыю, Швецыю, Германію, Італію. Але, як заўважыла некалі даследчыца творчасці Цёткі, аўтар рамана-дылогіі “Крыж міласэрнасці” Валянціна Коўтун: “...перажыванні Алаізы былі найперш звязаны з лёсам таго краю, таго народа, якому напрыканцы жыцця сястра міласэрнасці і паэтка ахвяруе нават жыццё. Менавіта на грунце роздуму пра народны лёс і народны характар і фарміравалася сутнасць Цётчынай творчасці, якую яна, назваўшыся беларускім музыкаю, адразу злучыла са струнамі і тонамі чуйнай скрыпкі...”

Адам Міцкевіч, класік польскай літаратуры, беларус па паходжанні, быў моцна звязаны з беларускай зямлёй. Жыццёвыя сцежкі будучага паэта пачыналіся на Навагрудчыне, а затым праляглі праз Вільню, Коўна, Маскву, Еўпаторыю, Бахчысарай, Пецярбург, Рым, Дрэздан, Веймар, Лазану, Парыж, Лондан, Стамбул. У лёсе Адама Міцкевіча сыйшлося ўсё тое, што вызначае вялікі талент: зямля, якую ён моцна любіў, адданая сябрына ў маладосці, якая ў гісторыі беларускай літаратуры засталася Таварыствам філаматаў і філарэтаў, нешчаслівае першае каханне, якое нарадзіла шмат геніяльных радкоў, доля выгнанніка, якому суджана было памерці на чужыне.

Згадваючы пра апошнія гады жыцця народнага паэта Беларусі Янкі Купалы, думаецца і пра тое, што Вялікая Айчынная вайна заспела яго таксама ў дарозе, на шляху вяртання з Прыбалтыкі, са з’езда латышскіх пісьменнікаў, куды яны ездзілі разам з Міхасём Лыньковым і Петрусём Броўкам. Сустрэча з родным Мінскам была драматычнай: горад гарэў, чуліся выбухі. Так пачаліся ваенныя дарогі пясняра: спешная эвакуацыя ў Ляўкі, на Аршаншчыну, адтуль – на Маскву. А праз некаторы час і далей, у сталіцу Татарскай АССР – Казань, да якой ён, дарэчы, не даязджае, а спыняецца ў пасёлку Печышчы па прапанове дырэктара мясцовага млынзавода. Адсюль прыязджае Янка Купала на пачатку лета 1942 года зноў у Маскву, а дзень 28 чэрвеня стаўся апошнім у яго зямным лёсе...

Можна яшчэ прывесці шмат іншых прыкладаў з жыцця пісьменнікаў-класікаў, якія пераконваюць у адным – вялікі талент спраўджваецца праз вызначаны Богам лёс, а ён заўсёды пазначаны рознымі шляхамі-дарогамі.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: