У юбілейны год Беларускага радыё хацелася б яшчэ раз звярнуць увагу на наш штодзённы праект «Тэатр Беларускага радыё». Жанр радыёспектакля – унікальны і разам з тым даступны масавай аўдыторыі. Яго гісторыя пачынае свой адлік яшчэ з 30-х гадоў мінулага стагоддзя, і гэта – асобны кантынент беларускай тэатральнай культуры.
Колькі выдатных акцёраў прайшлі школу мастацкага радыёвяшчання і маюць сваю вельмі яркую радыйную біяграфію! Узгадаем хаця б народных артыстаў СССР Глеба Глебава і Барыса Платонава, Лідзію Ржэцкую і Галіну Макараву, Уладзіміра Уладамірскага і Леаніда Рахленку, Здзіслава Стому і Уладзіміра Дзядзюшку, Віктара Тарасава і Генадзя Аўсяннікава, народных артыстаў Беларусі Зінаіду Браварскую і Лілію Давідовіч, Валянціна Белахвосціка і Паўла Дубашынскага, Марыю Захарэвіч і Арнольда Памазана ды многіх-многіх іншых. Іх непаўторныя галасы засталіся ў шматлікіх радыёспектаклях, а вобразы, створаныя імі, дамалюе фантазія кожнага слухача.
Унікальнасць мастацкай аўдыяспадчыны яшчэ і ў тым, што яна дакладна захоўвае час. Многае з таго, што пастаўлена на Беларускім радыё, рабілася адразу пасля з’яўлення таго ці іншага літаратурнага твора. А значыць, у пастаноўцы адбіліся агульныя законы не толькі тагачаснай радыёрэжысуры, але і вобразная стылістыка эпохі. Хіба не цікава павандраваць па ёй, вызначыўшы адмысловы радыёмаршрут?
У рэпертуары «Тэатра Беларускага радыё» таксама шмат радыёверсій спектаклей, якія з поспехам ішлі на сцэнах вядучых тэатраў краіны ў розныя гады: Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага, Беларускага дзяржаўнага тэатра юнага гледача, абласных драматычных тэатраў.
Шмат цікавых прэм’ер адбылося ў «Тэатры Беларускага радыё» і за апошні час. Напрыклад, радыёспектаклі «Магнаты і сірата. Соф’я, князёўна слуцкая» па гістарычнай драме Уладзіслава Сыракомлі, «Млечны Шлях» паводле рамана Кузьмы Чорнага, «Крыж» па п’есе Аляксея Дударава, «Севярын і Гражына» паводле паэмы-аповесці Уладзіміра Караткевіча «Чазенія», «Воўчая зграя» паводле аповесці народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава ды іншыя.
Апошняя прэм’ера сёлетняга года – радыёспектакль «Найдорф» паводле аповесці лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі пісьменніка Івана Пташнікава, пастаўлены да 75-годдзя Вялікай Перамогі. Твор напісаны на рэальных фактах, звязаных з жыццём самога аўтара, ваеннага падлетка. Дзеянне адбываецца ў 1944-м годзе, перад самым вызваленнем Беларусі. Галоўныя героі – байцы партызанскай брыгады Яхрэм Жаваранка і Алёша Белановіч – увасабляюць сабой агульны вобраз абаронцы беларускай зямлі. Аповесць напоўнена моцнымі філасофскімі, эмацыйнымі і падзейнымі асацыяцыямі. Гэтыя буйныя планы вельмі падыходзяць для жанру радыёспектакля. На іх і былі зроблены акцэнты. Мова пісьменніка Івана Пташнікава настолькі самабытная, настолькі выразная сваёй змястоўнай насычанасцю, сваёй алегарычнасцю, што дазваляе акцёру адчуць асалоду ад яе шматпланавасці. Той самы выпадак, калі кажуць, што адчуваеш не толькі гук прамоўленага, але і яго пах. Паўтор гэтага радыёспектакля абавязкова прагучыць у нашым юбілейным сезоне.
А ўвогуле ў лістападзе ў «Тэатры Беларускага радыё» вас чакаюць два «Юбілейных тыдні»: да 100-годдзя драматурга Андрэя Макаёнка і 90-годдзя з дня нараджэння пісьменніка Уладзіміра Караткевіча. Увасабленне іх спадчыны ў жанрах мастацкага радыёвяшчання – вельмі цікавая з’ява. Так што сачыце за праграмай і абавязкова слухайце!
Хачу яшчэ раз падкрэсліць, што вынік кожнай пастановачнай работы залежыць ад усёй творчай каманды. У радыйнай студыі нараджаецца іншая мастацкая рэальнасць, імя якой радыёспектакль. Ён магнетычна злучае акцёрскі талент і душу слухача праз слова, музыку, шумавыя эфекты. І стварае адзіны і непаўторны аўдыясвет, які можа быць прачытаны і разгаданы кожным, нават праз гады і дзесяцігоддзі. А сцвярджэнне лепшых памкненняў чалавечай душы праз мастацкі вобраз ніколі не састарэе. Колькі будзе жыць чалавецтва – яно будзе наталяцца светлым, высокім, сапраўдным. Праз адмаўленне бруднага, няшчырага, злоснага. Што, дарэчы, і засведчыў за доўгі час свайго існавання Тэатр Беларускага радыё.