Увесь гэты тыдзень напоўнены святочнай эфірнай нотай. 95-годдзе Беларускага радыё, якое прыпадае на 15 лістапада, спарадзіла шмат розных творчых ініцыятыў і аб’яднала людзей розных пакаленняў. Напэўна, тут правільна будзе сказаць, што ў кожнага – свае радыёсустрэчы і свой матыў увагі да беларускага эфіру.
Мы звыкла кажам «напісанае застаецца», але ж і «прамоўленае» мае сваю энергетыку часу і прасторы, сваю філасофію мастацкага і быційнага. Тым больш, калі яно выказана не прыхапкам, не паміж іншым, а ў студыі – у радыёэфіры. Літаратурная радыёжурналістыка – надзвычай цікавы «мацярык» у нашай прафесіі. Гэта тая стыхія эмацыянальнага і разумовага, пра якую можна марыць. Наўпроставая сувязь з мастацкім словам, радыёвобразам і гукам валодае найкарацейшым шляхам да свайго слухача. Больш таго, яна паварочвае чалавека да сябе самога, як бы запрашае зазірнуць ва ўласную душу: а што там адбываецца? Літаратура, якая стагоддзямі адказвала чалавеку на розныя жыццёвыя пытанні часцей праз мастацкую метафару, дзякуючы радыёэфіру, робіцца даступнай досыць шырокай аўдыторыі.
Як чытач, я люблю знаходзіць у творы не проста думкі, сугучныя ўласна маім, але і адчуваць той аўтарскі настрой, у якім магла ўзнікнуць задумка. Тады як бы знікае сама мяжа кніжнага і жыццёвага, а проста застаеца цікавасць да творчага працэсу, у якім ты можаш паўдзельнічаць. Бо ўрэшце ўсе мы разам – аўтары аднаго геніяльнага твора – жыцця. А яно ў сваю чаргу і нараджае шматлікія літаратурныя сюжэты. Журналіст сталее разам са сваім героем. Вельмі важна быць цікавым для субяседніка. Інакш не атрымліваецца паўнавартасная гутарка. А яе складнікі – самыя нечаканыя.
Цудоўна памятаю, якім святам было кожнае з’яўленне ў студыях Дома радыё народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. Усе запісы з ім – абсалютная імправізацыя! Гэта бліскучы прыклад субяседніка дасціпнага, эмацыйнага, які імгненна рэагуе на пытанні вядучага праграмы, умее метафарычна вызначыць любую з’яву, падзею, тонка валодае словам. І складаецца ўражанне, быццам ты прысутнічаеш пры нараджэнні новага верша. Бо там, дзе Рыгор Іванавіч – там шлейф, там водар паэзіі. І не адчуваць гэтага немагчыма!
Вельмі светла згадваюцца мне і сустрэчы з Алесем Звонакам, паэтам з пакалення рэпрасаваных беларускіх літаратараў. Ён ужо тады быў у шаноўным узросце – 85 гадоў! І запісвала я нашы гутаркі не ў студыі, а ў яго дома. Так шчасліва супала, што пасля першага інтэрв’ю ён атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі за кнігу паэзіі «Святлацені». Потым не прамінаў пажартаваць: «Гэта з вашай лёгкай рукі, Галіна Васільеўна». А ўвогуле, здзіўляла ў ім жыццялюбства, гумар, ён ніколі ў гутарках не наракаў на гады зняволення, мужны характар не дазваляў скардзіцца, «плакацца». Ва ўсім адчувалася годнасць, самадастатковасць. І, канечне, хацелася слухаць яго вершы.
А густоўная, абаяльная Алена Сямёнаўна Васілевіч! Цудоўны празаік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі за вядомую тэтралогію «Пачакай, затрымайся…», паводле якой, дарэчы, на Беларускім радыё пастаўлены радыёспектакль ў 8 частках! Кантактаваць з ёю было вялікай насалодай! Яна актыўна супрацоўнічала з дзіцячай рэдакцыяй радыё, мы шмат разважалі пра літаратуру для падлеткаў, увогуле – пра ролю мастацкага вяшчання для слухацкай аўдыторыі. Заўсёды дакладная ў вызначэннях, параўнаннях, тактоўная ў жыццёвых ацэнках Алена Сямёнаўна выклікала захапленне ў моладзі.
Я наўмысна згадала ў гэты дзень такія знакавыя для беларускай літаратуры імёны. Сустрэчы з імі засталіся ў маёй душы, як падарунак творчага лёсу, як свята, што заўсёды з табой. Але да яго трэба спачатку дарасці. І гэта – самы галоўны урок радыйных гутарак з сапраўднымі Майстрамі мастацкага слова. Наша прафесія не даруе таптання на месцы. Але можа аддзячыць, калі мы вызначаем сабе высокія планкі. Бо адшукаць патрэбнае слова, выпесціць яго ў сваіх думках і сэрцы, каб яно сталася тваім, непаўторным – справа ўласна аўтара.