Падзяліцца:
«Адлюстраванні. Здзівіцца і захапіцца геніем Караткевіча». Радыёблог Галіны Шаблінскай
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 29.09.2020
«Адлюстраванні. Здзівіцца і захапіцца геніем Караткевіча». Радыёблог Галіны Шаблінскай

Шматграннасць таленту пісьменніка Уладзіміра Караткевіча, 90-гадовы юбілей якога мы будзем адзначаць у лістападзе, дазваляе гаварыць пра яго прысутнасць ва ўсіх жанрах беларускага мастацтва. Напрыклад, народны мастак Беларусі Арлен Кашкурэвіч згадваў, што дзякуючы Караткевічу, прачнулася яго нацыянальная свядомасць, цікавасць да сваіх каранёў, і як мастак ён пачаў працаваць над беларускай тэмай. Кампазітар Сяргей Картэс казаў, што яго вельмі цікавіла паглыбленне Караткевіча ў гісторыю, у старажытнасць і пісьменніцкая фантазія натхняла яго музычнае ўяўленне. Кінарэжысёр Валерый Рубінчык, чыя стужка “Дзікае паляванне караля Стаха” атрымала шмат узнагарод Міжнародных фестывалей, ва ўспамінах пра аўтара гэтай знакавай аповесці пісаў: “Ён быў самабытным, арыгінальным чалавекам, ні на кога не падобным ні знешне, ні па сутнасці… У тыя, “нашы” часы, ён быў сімвалам чалавечай, творчай і ўвогуле мастацкай свабоды, увасабляў сабой натуральную, арганічную цягу беларускай культуры да сусветных мастацкіх плыняў і тэндэнцый… У гэтым сэнсе яго ўплыў велізарны – і асабліва на моладзь!..”

Між іншым, самы даступны від мастацтва, кіно, увасобіў многія выдатныя творы класіка. Міхаіл Пташук экранізаваў “Чорны замак Альшанскі”, Юрый Марухін – “Маці ўрагану”, Богдан Парэмба – “Сівую легенду”. Першай мастацкай стужкай, пастаўленай па творчасці Караткевіча, было “Жыццё і ўзнясенне Юрася Братчыка” або “Евангелле ад Іуды”, ці “Летапіс Белай Русі” кінарэжысёра Уладзіміра Бычкова. Ёсць яшчэ чацвёртая назва гэтага фільма - “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”. Менавіта так названы вядомы раман Уладзіміра Караткевіча, які выйшаў пазней, а пачыналася ўсё з кінасцэнарыя. І гэта – адзіны выпадак, калі праца над фільмам запачаткавала нараджэнне вялікага філасофскага празаічнага твора, а яшчэ – адзіная кінастужка, у якой зняўся сам аўтар.

Чарговы, васямнаццаты, том Збору твораў Уладзіміра Караткевіча, які цяпер выходзіць у выдавецтве “Мастацкая літаратура”, раскрывае нам мастацкі талент пісьменніка. Пра яго здольнасць маляваць ведаюць многія, але у такой колькасці малюнкі класіка беларускай літаратуры прадстаўлены ўпершыню. Некалі яго лепшы сябра народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін напісаў, што “мастак Караткевіч мог бы, відаць, спаборнічаць з пісьменнікам Караткевічам. Бездакорна валодаў лініяй, кампазіцыяй. Некалькімі штрыхамі мог перадаць характар, ці ўлюбёна-рамантычна, ці здзекліва-гратэскна… Скарбы гэтыя раскіданы па ўсёй Беларусі, па краінах былога Саюза, яны ў сяброў і прыхільнікаў вялікага пісьменніка”. Рыгор Іванавіч выказаў пажаданне ўбачыць іх калі-небудзь надрукаванымі. І вось прыйшоў той самы час, калі мы можам гартаць цэлы том амаль у 500 старонак малюнкаў Караткевіча.

Ёсць меркаванне, што ўсяго іх у спадчыне пісьменніка больш за 600. Але наўрад ці можна сёння назваць дакладную лічбу. Верагодна, штосьці засталося яшчэ ў прыватных архівах. Дарэчы, пры жыцці аўтара яны не друкаваліся, і сам ён не ўспрымаў іх як выключны мастацкі жанр. Але маляваў паўсюль – на палях рукапісаў, у канспектах лекцый, запісных кніжках, блакнотах, у лістах да пісьменнікаў, сваякоў, на паштоўках. Сюжэты самыя разнастайныя. І ў гэтым таксама была асаблівасць яго творчай натуры. Ёсць шмат сяброўскіх шаржаў, жартоўных тэкстаў з ілюстрацыямі і, канечне, - аўташаржаў! Што, зноў жа, красамоўна характарызуе самога пісьменніка, яго іранічны характар.

Адным словам, усё гэта трэба бачыць на ўласныя вочы. Каб яшчэ раз здзівіцца і захапіцца геніем Караткевіча, яго адносінам да жыцця і здольнасцю скласці агульны кантэкст сваёй творчай біяграфіі, галоўным лейтматывам якой гучаць невынішчальны аптымізм і любоў да свайго, спрадвечнага…




Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: