Заўтра – Змітраўская субота або восеньскія Дзяды ці Асяніны, якія лічацца ў беларусаў самымі галоўнымі ў цыкле памінальных дзён. Часцей яны прыпадаюць на лістапад, той самы час, калі завяршаецца каляндарная восень з яе шчодрым ўраджаем. І селянін трымае ўдзячны адказ перад Духамі продкаў за плён і здабыткі працоўнага года. А царква на Змітраўскую памінальную суботу моліцца за ўпакой праваслаўных воінаў, якія загінулі ў баях за веру і незалежнасць сваёй Айчыны.
З даўніх часоў людзі верылі, што продкі ў гэты дзень нібыта выходзілі з царства мёртвых і наведвалі сваіх родных і блізкіх. Таму ў сем’ях пасля памінальнай вячэры са стала нічога не прыбіралі, бо спадзяваліся, што ў дом прыйдуць «небажыхары». Ва ўсялякім разе духоўная повязь рода была вельмі моцнай, і яна давала надзею жывым на падтрымку ў далейшым лёсе.
Вядома, шмат змянілася сёння ў нашым жыцці, але сутнасць традыцыі помніць свой род, быць удзячным яму засталася. Мы прыходзім да родных магіл, ставім памінальныя свечкі ў храмах, молімся за вечны супакой блізкіх душ і, канечне, верым у моц і еднасць свайго радаводу.
А месяц лістапад, нягледзячы на сваю маўклівую шэрасць, а часам і слотнасць, дадае нашаму стану якойсьці таемнасці. Прырода паціху замірае, каб хутка адрадзіцца наноў. Некалькі гадоў таму я прачытала адзін паэтычны зборнік з цудоўнай назвай «Душа лістападу», які ўразіў мяне сваёй адмысловай глыбінёй і выкшталцонасцю зместу, і ў якім таксама прыкметы апошняга восеньскага месяца наводзілі тым не менш на думкі пра непазбежнасць цудатворнай вясны з яе жыццядайнай энергіяй.
Бэсспрэчна, удалая мастацкая назва – найперш алегорыя. І ўсё ж колькі разоў пераконвалася ў тым, што лістапад – улюбёнае слова для паэтаў і музыкаў. А можа, увогуле, – для беларусаў? Для нас яно азначае не толькі кружэнне лістоты ў сваім апошнім перадзімовым вальсе, але гэта яшчэ і назва месяца, які сустракае зіму: «лістапад адлістападзіць і нагоніць халады…»
Як бы там ні было, але загадкавасць лістапада яшчэ і ў тым, што гэты месяц, як ніякі іншы, стаўся часам нараджэння многіх класікаў беларускай літаратуры: Якуб Колас, Міхась Чарот, Міхась Зарэцкі, Максім Лужанін, Міхась Лынькоў, Андрэй Макаёнак, Уладзімір Караткевіч, Ян Скрыган, Вячаслаў Адамчык, Анатоль Вярцінскі, Яўгенія Янішчыц – спіс можна доўжыць. Як, дарэчы, і бясконца расчытваць жыццёвыя біяграфіі і творчыя лёсы пісьменнікаў. Такія розныя хаця б таму, што на долю кожнага выпала свая гістарычная эпоха. А значыць – свае перашкоды для самарэалізацыі. Бо, як вядома, талент спраўджваецца хутчэй насуперак, чым – насустрач.
І тым не менш самотная пара лістапада, напэўна, надала кожнаму з іх пры нараджэнні тую жыццёвую трываласць, якую дэмаструе менавіта позні восеньскі час. Бо ён завяршае прыродны цыкл ад пышнай квецені да саспелага плода. Як метафарычны знак здзейсненага, таго, што збылося. І так штогод. І ў тым – вечны круг жыцця на «Зямлі пад белымі крыламі».
Не ў адной толькі нашай душы
Зерне ёсць хараства –
Аб ім казку складае ў цішы
Колас нівы, трава.
Не ў адным толькі сэрцы людзей
Іскра праўды гарыць –
Аб ёй песню пяе салавей,
Аб ёй рэчка журчыць… (Я.Колас)
Існуе думка, што класічныя творы – тыя, якія напісаны «навыраст», якія перажываюць свой час на гады і стагоддзі. Іх актуальнасць і праўдзівасць выглядае натуральна ў любым гістарычным кантэксце. Таму, напрыклад, Коласава «Новая зямля» альбо Караткевічавы «Каласы пад сярпом тваім» ва ўсе часы будуць вяртаць нас да спрадвечнага: Радзіма і род, воля і годнасць, каханне і сяброўства. Таксама як і выкрывальніцкі смех камедый Макаёнка, якія працягваюць фіксаваць розныя заганы і парадоксы жыцця.
Безумоўна, мастацкі твор не ёсць злепак жыццёвых сітуацый, але праз вобраз і літаратурнага героя, і яго прататыпаў чытач можа часам адказаць сабе на пытанне «хто ён такі, чалавек?» І калі наша душа гатова прыняць і зразумець непазбежную самоту лістапада – жыццё абавязкова аддзячыць нам святлом і памяццю наступных пакаленняў.