Чарговую праграму прапануем правесці с запісамі выдатнага спяваючага акцёра ВАЛЯНЦІНА НІКУЛІНА. Пра яго, здаецца, ніколі не казалі як пра артыста-спевака, бо ён не меў такой папулярнасці, як АНДРЭЙ МІРОНАЎ ці МІХАІЛ БАЯРСКІ. Але ў 70-ыя выйшлі пласцінкі з песнямі са спектакля «Еще не вечер» і песнямі папулярных савецкіх аўтараў тых часоў, захаваліся запісы з тэлепастаноўкі «Дзень за днем», са спектакля «Молодая гвардия». І гэтыя нешматлікія песенныя работы артыста ўраджваюць шчырасцю і пранікнёнасцю выканання, адкрываюць нам рэдкую музыкальнасць ВАЛЯНЦІНА НІКУЛІНА.
Цікавы той факт, што МІКАЭЛ ТАРЫВЕРДЗІЕЎ прызнаваўся акцёру, што, пачуўшы яго ў выдатнай песні пра Радзіму ў тэлепастаноўцы «Дзень за днем», вельмі хацеў прапанаваць НІКУЛІНУ выканаць «Не думай о секундах свысока» – галоўную песню з серыяла «17 мгновений весны». Хто ведае, як магла б прагучаць кампазіцыя ў цёплым тэмбры нікулінскага барытону...
Праграма «Рэтра» выходзіць па буднях у 20-30 (паўтор у 23-30). Вядучы Уладзімір Баклейчаў.