У студзені Мінадукацыі ў тэставым рэжыме запусціла адзіны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс для школ. Каардынуюць працу спецыялісты Нацыянальнага інстытута адукацыі і Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. А вось за тэхнічнае аснашчэнне адказвае Галоўны інфармацыйна-аналітычны цэнтр Міністэрства адукацыі. Сёння ў спецпраекце раскажам, што сабой уяўляе гэтая платформа, якія матэрыялы ўжо ёсць і які функцыянал чакаць у бліжэйшы час.
На сёння адукацыйны рэсурс – гэта бібліятэка матэрыялаў, якія знаходзяцца ў воблачным сховішчы. Пры неабходнасці вучань можа самастойна прайсці нейкую тэму, напрыклад па біялогіі ці беларускай мове. Спатрэбіцца гэта ў некалькіх выпадках: першы – вучань захварэў, застаўся дома і не пайшоў у школу, другі – калі менавіта на занятках было штосьці цяжкае і вывучыць тэму за 45 хвілін не атрымалася. Намесніца дырэктара па метадычнай рабоце Нацыянальнага інстытута адукацыі Людміла Раманоўская расказвае, што ўбачыць вучань, калі зойдзе на партал.
Пасля таго як вучань абраў неабходную тэму, яму прапануюць відэаролік. Дарэчы, для кожнага класа свой хронаметраж. Так, для пачатковай школы гэта ўсяго 7 хвілін. Безумоўна, распрацоўшчыкам важна было зрабіць кантэнт не толькі цікавым, але і інтэрактыўным.
Крочым далей. Паглядзелі відэа – можна прыступаць да самакантролю. Пакуль што на сайце гэта можна зрабіць з дапамогай тэсту. Пасля таго як яго зрабілі – убачым вынік і, магчыма, няправільныя адказы. Сістэма дазваляе вярнуцца да медыякантэнту яшчэ раз і паўтарыць матэрыял.
Калі вы ўпершыню зайшлі на платофрму, можна ўбачыць, што пакуль ёсць матэрыялы для трэцяй чвэрці. Але, як запэўнівае Людміла Раманоўская, кантэнт будзе папаўняцца паступова. А спачатку вырашылі апублікаваць больш «аператыўныя» матэрыялы. Выключэнне – адзінаццацікласнікі.
Да распрацоўкі матэрыялаў запрошаны настаўнікі з рэгіёнаў. Як адзначае Людміла Раманоўская, гэтыя настаўнікі – сапраўдныя героі. Спецыяльнага адбору не было, падключаліся ўсе, хто пажадаў.
З намі на сувязі тыя, хто стаяў ля вытокаў стварэння пляцоўкі. Гэта настаўніца біялогіі смаргонскай гімназіі Ірына Клявец і настаўніца гісторыі і грамадазнаўства першай салігорскай гімназіі Вольга Жураўлевіч.
Праект, які зроблены сёння – гэта першы крок, які дазволіць айчыннай сферы адукацыі паступова перайсці ў лічбавы свет. Тыя, хто паспеў убачыць партал, маглі заўважыць спасылкі на іншыя рэсурсы (кшталту электронных бібліятэк). Як заўважае намесніца дырэктара па метадычнай рабоце Нацыянальнага інстытута адукацыі Людміла Раманоўская, тое, што бачыць карыстальнік, – гэта пакуль своеасаблівая хуткая дапамога на час пандэміі.
Яшчэ наконт планаў. У распрацоўшчыкаў ёсць ідэя стварыць асабістыя кабінеты для вучняў і настаўнікаў і звязаць іх з электронымі дзённікамі і журналамі. Але гэта пакуль на перспектыву. Цяпер жа – да сярэдзіны лютага – плануецца запусціць мабільную версію рэсурсу. Калі ў вас ёсць пажаданні наконт працы адукацыйнага партала, звяртайцеся на інфалінію Нацыянальнага інстытута адукацыі.
Ёсць цікавая тэма для праекта? Дасылайце яе на нашы старонкі ў сацыяльных сетках. Усе выпускі праекта даступныя на сайце радыё.бел. Да сустрэчы ў эфіры!