Падзяліцца:
«Па сутнасці. Дастойнае даўгалецце» Радыёблог Алены Швайко
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 07.10.2020
«Па сутнасці. Дастойнае даўгалецце» Радыёблог Алены Швайко

У Беларусі распрацоўваецца нацыянальная стратэгія - праект “Дастойнае даўгалецце-2030”. Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, якое ініцыіравала праект, вядзе кансультацыі са шматлікімі ведамствамі і міністэрствамі, ад якіх залежаць канцэптуальныя палажэнні дакумента. У канцы года стратэгія павінна быць зацверджана ва ўрадзе. Давайце паразважаем, што можа стаць асновай гэтай стратэгіі?

Многія беларускія доўгажыхары, калі іх просіш патлумачыць сакрэт даўгалецця, адзначаюць: жыць трэба пазітыўна, быць запатрабаванымі сям'ёй і раднёй, ніколі не зласловіць, не крыўдзіцца і дапамагаць. Заўсёды, пры любых абставінах, дапамагаць суседу, калі ёсць патрэба, дапамагаць родным. Зрэшты, гэта пастулаты духоўнай часткі жыцця любога чалавека.

Возьмем тыя палажэнні нацыянальнай стратэгіі “Дастойнае даўгалецце”, якія павінны стаць асновай дакумента. Па-першае, Мінпрацы вырашыла звярнуцца да той катэгорыі насельніцтва, на якую і разлічана стратэгія. Пенсіянеры і пажылыя будуць запрашацца ў сацыяльныя цэнтры абласных і раённых службаў, каб падзяліцца сваімі прапановамі па тых аспектах сацыяльнага жыцця пажылога чалавека, якія, на іх думку, павінны быць галоўнымі.

І яшчэ, міністэрства акцэнтуе ўвагу на такім аспекце. Існаванне пенсіянераў у дзяржаве - гэта не толькі пра сацыяльныя выплаты. “Дастойнае даўгалецце-2030” - гэта і іншыя бакі жыцця грамадства: ахова здароўя, культура, спорт і турызм. Напрыклад, спартыўныя збудаванні павіны быць разлічаны на тое, што ў іх будуць займацца пажылыя людзі. Турыстычная галіна таксама павінна актыўна падключыцца да тэмы. Зрэшты, пенсіянеры, аказваецца, - сярод самых актыўных турыстаў і вандроўнікаў. Не забудзем і пра транспарт, які павінен улічваць усе патрэбы пажылых, быць даступным і мець пэўныя выгоды.

У Беларусі атрымальнікамі пенсій з'яўляюцца 2,5 млн чалавек, пры гэтым амаль чвэрць пенсіянераў працягваюць працаваць. Так, пенсійнае забеспячэнне - гэта асабліва важная сацыяльная місія дзяржавы. Паводле даных за верасень, у Беларусі сярэдні памер працоўнай пенсіі па ўзросце складаў амаль Br475. Будзе працягвацца выплата надбавак і павышэнняў, з улікам якіх індывідуальны памер пенсійных выплат для кожнага чалавека адрозніваецца.

Частка пенсіянераў, паўтару, працягвае працаваць. На верасень такіх было больш за 600 тысяч. Стварэнне ўмоў для таго, каб пажылыя як мага даўжэй маглі працягваць працоўную дзейнасць, калі таго пажадаюць, - стане адным з важных напрамкаў работы ў прапанаванай стратэгіі "Дастойнае даўгалецце - 2030". І яшчэ добра было б, каб і сістэма адукацыі ўключылася ў распрацоўку гэтага нацыянальнага праекта. Розныя адукацыйныя праграмы, накіраваныя на набыццё ведаў у той альбо іншай сферы, да прыкладу, айці. А чаму б і не – час у пажылых ёсць, калі ласка, авалодвайце!

Адзначым, што нацыянальная стратэгія “Дастойнае даўгалецце-2030” выдатна ўпісалася ў Мэты ўстойлівага развіцця Беларусі. Вядома, многае зменіцца ў ёй да 2030-га. Распрацоўшчыкі мяркуюць, што час, эканамічная палітыка дзяржавы будуць уплываць на кожны аспект жыцця беларуса-пенсіянера.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: