Літаральна праз тры тыдні пачнуцца заняткі ў школах. Адчыняцца новыя будынкі, пасля рамонту і мадэрнізацыі прымуць дзяцей і ўжо знаёмыя кабінеты. Адрасы новых школ – Віцебск, Гомель, Мінскі раён і Мінск.
Наогул, у новым навучальным годзе будуць працаваць каля 3 тысяч дзіцячых садоў, амаль столькі ж школ і паўсотні вышэйшых навучальных устаноў. Плануецца, што дзіцячыя садкі будуць наведваць больш за 435 тысяч выхаванцаў, у школы пойдуць мільён 55 тысяч дзяцей, у тым ліку 114 тысяч першакласнікаў.
Школы пачнуць заняткі ў асаблівым эпідэміялагічным рэжыме, а гэта азначае, што кожны клас, кожная лабараторыя павінны мець свае дэзсродкі. І перш, чым пачаць урок, педагогі павінны ўпэўніцца, што ў класе прайшла дэзінфекцыя. Вучні павінны мець ахоўныя маскі і пры неабходнасці іх прымяняць. Паколькі прагназуецца другая хваля каронавіруснай інфекцыі, то меры магчыма будуць прыняты і больш значныя.
Для бацькоў галоўнае зараз апрануць школьніка як падабае і каб не надта дорага. Хутка пачнуць працаваць школьныя кірмашы, на якіх можна набыць усе неабходнае.
Дарэчы, кошт камплекта адзення дзелавога стылю для школьнікаў 1-4 класаў складзе ад 70 да 231 беларускага рубля, 5-9 класаў – ад 72 да 283 рублеў, 10-11 класаў – ад 80 да 303. Кошт набору школьна-пісьмовых прылад і канцылярскіх тавараў складае ад 25 да 120 рублёў.
Малазабяспечаным сем'ям будзе аказана падтрымка. Дапамогу атрымаюць сем'і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, сем'і, у якіх бацькі, альбо адзін з іх з'яўляюцца непрацаздольнымі. Для шматдзетных сем'яў плата за падручнікі зніжаецца на 50 працэнтаў.
Ужо аб'яўлены дабрачынныя акцыі «Ад сэрца да сэрца», «Збяром партфель першакласніку», «Падары радасць дзецям», «У школу з добрым сэрцам». Апошняя акцыя самая масавая, яна рэспубліканская і праходзіць пад патранатам Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. У цэнтры ўвагі валанцераў – сацыяльна-педагагічныя прытулкі, карэкцыйна-развіваючыя цэнтры, шматдзетныя і няпоўныя сем'і. Акцыя прадоўжыцца да 15 верасня. Усяго па рэспубліцы плануецца правесці больш як 250 мерапрыемстваў. Прычым, акрамя ўстаноўленых кошыкаў для збору канцылярскіх тавараў і спартыўнага інвентару, у гандлёвых цэнтрах, на школьных базарах запланавана наведванне з гульнявымі, забаўляльнымі і адукацыйнымі праграмамі сацыяльных устаноў.
Нагадаю, ва ўсіх установах агульнай сярэдняй адукацыі вучням рэкамендуецца прытрымлівацца дзелавога стылю адзення. Разам з бацькамі вырашаны колер адзення, стыль і мадэль. Зараз адзенне для школьнікаў шыюць на 10 прадпрыемствах. Да новага навучальнага года пашыраны асартымент школьнага адзення як для дзяўчынак, так і для хлопчыкаў. Пакупнікам будзе прапанавана больш за 500 мадэляў, з іх 285 – зусім новыя. Школьныя рукзакі маюць зараз цікавы выгляд: толькі для першакласнікаў прапануецца каля 50 мадэляў. Цэны на іх захаваліся тыя ж, што летась.
Час яшчэ ёсць, але лепш падрыхтавацца да школы загадзя!