Ці заўважылі вы ў штодзённай мітусні, што вясна прыйшла? Няхай падмаражвае ўначы, аднак сонейка ўсёж-такі сціпла і пяшчотна падказвае нам, што ўступае ў свае правы веснавая пара…
А праз паўтара месяца мы будзем адзначаць 75-годдзе Вялікай Перамогі. Падрыхтоўка вядзецца даўно, хоць крыху інфармацыйна сцішылася. Аднак гэта не азначае, што святочнага парада і святкаванняў не будзе. Будзе!
Хачу расказаць вам пра надзвычай важную работу, якую зараз пачаў Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук. Беларускія вучоныя плануюць стварыць электронны банк даных пра Вялікую Айчынную вайну.
Акадэмія навук выступіла ініцыятарам такой усебеларускай акцыі па стварэнні своеасаблівага народнага летапісу вайны. Мэта акцыі – ўвекавечанне і захаванне памяці пакалення пераможцаў. Вучоныя-гісторыкі лічаць, што патрэбна у новага пакаленя беларусаў стварыць устойлівы механізм захавання гістарычнай памяці аб удзеле беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
Спачатку створаць цэнтр для арганізацыйнага і навуковага суправаджэння акцыі, дзе будуць сканцэнтраваны многія матэрыялы: даследчыя, дакументальныя, архіўныя. Калі браць апошнія, то тут варта браць архіўныя даныя і з беларускі крыніц, і з расійскіх. Есць магчымасць і з нямецкіх.
Задача акцыі – абагульніць існуючы ў краіне вопыт па захаванні памяці, выпрацаваць новую метадалогію з улікам выкарыстання мультымедыя і камп'ютарных тэхналогій. Тут неабходны дэталевы збор, адпаведная апрацоўка і алічбоўка інфармацыі, фота і відэадакументаў пра сваякоў, блізкіх, якія ваявалі і загінулі альбо былі паранены. І галоўнае, на якіх франтах.
Плануецца падрыхтоўка і выданне тэматычных кніг «Народнай Памяці», а ў перспектыве – і стварэнне электроннага банка памяці пра ўсіх жыхароў Беларусі, якія прымалі ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне, загінулых і зніклых без вестак. Можна будзе набраць прозвішча любога чалавека і адразу ўбачыць яго ўзнагародны ліст, біяграфічныя звесткі. Мяркуецца, што да электроннага банка дадзеных зможа атрымаць доступ кожны. Праўда, на першым этапе плануецца алічбаваць дакументальныя матэрыялы ўдзельнікаў вайны, якія захоўваюцца ў архіве Інстытута гісторыі.
Акадэмія навук плануе прыцягваць да гэтай працы грамадскасць, у тым ліку моладзь, музеі і архівы, розныя арганізацыі і ўстановы. Плануецца актывізаваць працу вакол “Кніг памяці”. Людзі павінны ведаць гісторыю сваёй сям'і, захоўваць сямейную памяць пра вайну.
Адметна, што ідэя навукоўцаў была адразу падтрымана музеямі, асабліва рэгіянальнымі. Вядома, што ў многіх раённых музеяў ёсць гісторыка-дакументальная хроніка "Памяць". Створаны і электронныя версіі. Зараз такая работа пройдзе ва ўсіх рэгіенах Беларусі.
Да яе падключаюцца і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага схода. Парламенцкія слуханні на тэму "75-годдзе Вялікай Перамогі: гістарычная памяць і патрыятызм – важнейшыя маральныя арыенціры беларускага грамадства і дзяржавы, фактары кансалідацыі ва ўмовах сучасных выклікаў і пагроз" плануецца правесці ў красавіку. У час вясенняй сесіі з удзелам ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўнікоў асноўных канфесій, дыпламатычнага корпуса, міжнародных арганізацый. Запросяць да ўдзелу ў дыскусіях і дасдедчыкаў ваеннай тэматыкі, каб ад эмоцый была магчымасць перайсці да дакладнай інфармацыі.
На парадку дня слуханняў – не толькі пытанні сацыяльнай абароны ветэранаў і выхавання моладзі ў кантэксце зберажэння гістарычнай памяці, але і наогул умацавання маральных асноў грамадства і дзяржавы, увекавечання гераічнага подзвігу беларускага народа ў гады ваеннага ліхалецця…