Спачатку, безумоўна, шчырае віншаванне ўсім праваслаўным са светлым Уваскрэсеннем Хрыстовым. Сёння другі дзень велікодных святкаванняў. Няхай гэта духоўнае свята прынясе ў нашы дамы спакой, а нам – толькі добрыя пачуцці, справы і думкі…
А пакуль поўная мабілізацыя па ўсіх напрамках: медыцына, эканоміка, жыллёва-камунальная гаспадарка.
У гэты няпросты час словы ўдзячнасці, цеплыні мы шчыра гаворым нашым урачам, якія зараз на перадавой лініі барацьбы з каронавірусам.
Кожны дзень мы чуем навіны: дапамагаюць медыкам прафсаюзы, прыватнікі сталі шыць медыцынскія маскі, валанцёры спяшаюцца да пажылых: ім неабходны прадукты і лекі. Міліцыя таксама падключылася і дапамагае медыкам. Артысты і творчыя людзі прысвячаюць ім свае ан-лайн выступленні. Беларусы ахвяруюць грошы.
І медыцынскія работнікі ўдзячныя беларускаму грамадству за падтрымку. Такое меркаванне выказаў намеснік галоўнага ўрача Брэсцкай абласной клінічнай бальніцы Вячаслаў Гаўрыленка. Прывяду цытату: «Цяпер цяжка, вялікая нагрузка, але мы спраўляемся. Вельмі ўдзячны за матэрыяльную і маральную дапамогу. Яна ніколі не бывае лішняй у такой сітуацыі, – лічыць Вячаслаў Гаўрыленка. – Атрымліваем душэўную цеплыню ад многіх людзей, якія палічылі магчымым патраціць свой час, энергію, грошы для падтрымкі медыцыны ў няпросты час. Гэта дае нам дадатковыя сілы. Прыемна ведаць, што мы не адны». Сёння градацыі ў прафесіі ўрача няма, афтальмолаг, уролаг, кардыелаг — усе на перадавой.
Прадстаўніцы Беларускага саюза жанчын таксама вырашылі падтрымаць медыкаў. Яны набылі прадуктовыя наборы. Аб’яднанне мае намер і ў далейшым дапамагаць медыцынскім работнікам. Дарэчы, Беларускі саюз жанчын адкрыў рахунак, куды можна пералічыць грошы. Цэнтралізавана на ўсе вобласці саюз збірае заяўкі для забеспячэння медыкаў усім неабходным.
Сёння мы ўсе разам! Разам змагаемся з гэтай інфекцыйнай навалай. І запрашаем усіх далучацца да нашай сацыяльна-культурнай акцыі «Творчасць у імя будучыні». Яна таксама скіравана на падтрымку ўсіх, хто супрацьстаіць эпідэміялагічнаму выкліку.
У нашай акцыі ўжо актыўна прымаюць удзел дзеячы культуры і мастацтва, эстрадныя зоркі, творчая моладзь. Творы ў іх выкананні і шматлікія словы падзякі за выратаванне жыццяў, выратаванне нашай будучыні прысвячаюцца менавіта людзям у белых халатах…