Падзяліцца:
«Па сутнасці. Спрацавалі дакладна, як механізм гадзінніка. Дзякуем!» Радыёблог Алены Швайко (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 29.07.2020
«Па сутнасці. Спрацавалі дакладна, як механізм гадзінніка. Дзякуем!» Радыёблог Алены Швайко (аўдыё)

Гэтымі прыгожымі ліпеньскімі днямі па ўсёй Беларусі праходзіць урачыстае ўзнагароджванне нашых шаноўных медыкаў. Спала напружанасць ад пандэміі каранавірусу. Лягчэй стала працаваць у клініках. Амаль усе вярнуліся да штатнага рэжыму працы. І вось надыйшоў час, калі можна выказаць шчырыя цёплыя словы ўдзячнасці людзям, якія, рызыкуючы сваім жыццем, выратоўвалі жыцці беларусаў. Некаторыя нават доўгі час не бывалі дома, не бачылі сваіх родных.

Дазволю сабе некалькі фактаў з асабістага. З уласнага журналісцкага вопыту работы. Давялося на пачатку васьмідзесятых сустракацца з франтавымі ўрачамі – тымі, што прайшлі ўсю вайну. Уразіла іх самаадданасць прафесіі, гераічнае самаахвяраванне.

Успамінаю свайго свёкра Мікалая Маркавіча, калі ен расказаў пра раненне недалека ад Берліна, і як яго на сваіх плячах амаль кіламетр цягнула да ваеннага шпіталя зусім юная жанчына – малады ваенны ўрач. На ўсё жыццё запомніў яе імя Валянціна, а было ей тады ўсяго толькі 19! Гэты цяжкі кіламетр ён расказваў сваёй выратавальніцы вершы, спяваў песні, праўда ціха, на паўголаса. Чым мог падбадзёрваў, як кажуць. Пасля вайны яны сябравалі, тэлефанавалі адно аднаму.

Сёлетняя каранавірусная пандэмія – той жа фронт, толькі ворага не бачна. Як у нейкім фантастычным рамане. Спецкасцюмы і абсалютна незразумелая простаму чалавеку апаратура. І пры гэтым той жа гераізм, і тая ж самаадданасць медработнікаў. Першай удар невядомай інфекцыі прыняла Віцебская вобласць і прыняла дастойна. Дзякуючы медыкам, няпростая сітуацыя была ўзята пад кантроль. Кінуты былі ўсе сілы і магчымасці. Дзяржаўная сістэма аховы здароўя пацвердзіла сваю эфектыўнасць і высокі ўзровень. Наш, беларускі, вопыт ацанілі і сусветныя спецыялісты.

У Мінскім рэгіене напярэдадні ўшанавалі анестэзіёлага-рэаніматолага, загадчыка аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Валожынскай цэнтральнай раеннай бальніцы Дзмітрыя Старыкевіча. Ён прызнаўся: «Было цяжка, было нечакана. Графік змяніўся, 3,5 месяцы жылі ў бальніцы і не бачылі родных. Цяпер праца ў стандартным графіку. Прыемна, што адзначылі. А ўзнагарода – гэта заслуга ўсяго аддзялення».

Сярод узнагароджаных і ўрач-інфекцыяніст, загадчык інфекцыйнага аддзялення Чэрвеньскай цэнтральнай раеннай бальніцы Алег Елін. Ён падзякаваў за высокую ацэнку працы і асабліва падкрэсліў, што «барацьба з COVID-19 – гэта прафесійны абавязак медыкаў. Наша сістэма аховы здароўя паказала высокую жыццяздольнасць». У такі няпросты час для нашай краіны медыкі выконвалі і працягваюць выконваць свой абавязак.

Так, на нашу сістэму аховы здароўя, зрэшты, як і на ўсю медыцыну ў свеце легла сур’езная нагрузка ад пандэміі. У кароткія тэрміны Беларусь згрупіравалася і сітуацыя стала кіруемай. Беларускія медыкі спрацавалі дакладна, як механізм гадзінніка. Канешне ж, спачатку былі і некаторыя збоі, да прыкладу, у набыцці сродкаў спецабароны і апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх. Зрэшты, такія цяжкасці былі ва ўсіх дзяржавах, што змагаліся з пандэміяй. Свет атрымаў вялікі ўрок і неацэнны вопыт, як трэба рэагаваць на такія надзвычайныя сітуацыі. Пандэмія, на жаль, яшчэ не зышла, то тут, то там з’яўляюцца новыя выпадкі. Аднак беларускі вопыт барацьбы з ёй, у медыцынскім і тэхнічным плане, з цікавасцю вывучаюць за мяжой.

Але, галоўнае, як мне падаецца, гэта ўсё ж высокі прафесіяналізм і самаахвярнасць нашых урачоў. І за гэта ім ад усіх нас вялікі дзякуй!

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: