Падзяліцца:
«Па сутнасці. Так сказалі ў «Радыёфакце» – гэта знак якасці!» Радыёблог Алены Швайко (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 04.03.2020
«Па сутнасці. Так сказалі ў «Радыёфакце» – гэта знак якасці!» Радыёблог Алены Швайко (аўдыё)

Дазволю сабе колькі хвілін на настальгію. Сёння, 4 сакавіка, спаўняецца 29 гадоў, як прагучалі першыя пазыўныя папулярнай інфармацыйнай праграмы Беларускага радыё — «Радыёфакт». Магчыма, старэйшае пакаленне памятае першыя выхады — гэта быў 1991 год.

Узгадаем, які гэта быў перыяд для Беларусі. Станаўленне парламента, пачатак фарміравання інстытута прэзідэнцтва. Наша краіна першая адчула распад Савецкага Саюза. Пустыя полкі ў магазінах, нявыплата заработнай платы і першыя мітынгі ў сталіцы, і не толькі ў сталіцы, рабочых буйных прадпрыемстваў. Памятаю, як мы, журналісты «Радыефакта», рабілі рэпартажы з натоўпу.

Мяняўся дзяржаўны лад, на вачах адна грамадска-палітычная фармацыя змяняла другую. Сур’езна загаварылі пра рыначныя адносіны, мацнеў голас першых бізнесутварэнняў. А якія асобы былі ў нас героямі праграмы: знакамітыя палітыкі, эканамісты, артысты, пісьменнікі. Нават і пералічваць не буду, бо эпоха была багатай і на герояў, і на падзеі. Па сутнасці, пачалася новая старонка ў гісторыі вяшчання Беларускага радыё. І мы, журналісты, разумелі гэта. Менавіта тады напачатку «Радыефакта» і пачалося вяшчанне ў прамым эфіры.

Кожная творчая група «Радыефакта» – а іх было тры — імнулася асвятляць аператыўна ўсё, што адбывалася ў краіне. Я з вялікім задавальненнем нагадаю прозвішчы маіх сяброў па працы. Першым выйшла ў эфір творчая група Аляксандра Шаўко – надзвычай пазітыўнага харызматычнага журналіста. Як па жыцці, так і ў эфіры. Яго вельмі любілі радыёслухачы. Пісьмы і тэлефанаванні ён атрымліваў штодня. Другой стала група Аляксандра Цітаўца – таленавітага журналіста, сапраўднага прафесіянала. Жаночая творчая група была больш сціплай, аднак не менш крэатыўнай – Іна Ясінская, Людміла Макарава, Валянціна Верашчагіна і Ганна Бузак.

Адметна, што за 29 гадоў «Радыёфакт» не страціў сваёй значнасці і папулярнасці. Фразу ў грамадскім транспарце «так сказалі сёння ў «Радыёфакце» (што азначае праўдзіва і не падвяргаецца сумненням) – я чую нярэдка. І галоўнае, не толькі ад прадстаўнікоў старэйшага пакалення. Нас слухае і маладое, якое сёння цяжка здзівіць — існуе шмат іншых інфармацыйных рэсурсаў, тых жа сацыяльных сетак. Зрэшты, сёння любы карыстаецца Інтэрнэтам і пра многае, вядома, даведваецца якраз адтуль.

Аднак і сёння інфармацыйна-аналітычная праграма «Радыёфакт», захоўваючы лепшыя традыцыі – аператыўнасць і даставернасць, – адназначна займае пачэснае месца сярод інфармацыйных крыніц.

Так, у «Радыёфакта» змянілася ўжо некалькі пакаленняў вядучых, аўтараў, рэдактараў, гукарэжысёраў, рэпарцёраў. Але кожны з іх, безумоўна, асоба, якая ўносіць сваю арыгінальную нотку ў гучанне і змест праграмы.

І ўсё ж галоўнае – гэта напаўненне: рэпартажы, інтэрв’ю, вывераная інфармацыя. Жадаеце даведацца, што адбываецца ў Беларусі і за межамі краіны, калі ласка, — проста ўключыце зранку «Радыёфакт» і ўсё стане на свае месцы.

Давайце пажадаем праграме творчага даўгалецця і цікавых журналісцкіх сустрэч у эфіры!

З Днём нараджэння, «Радыёфакт»!

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: