Падзяліцца:
«Па сутнасці. Віншуем братнюю дзяржаву з Днём Расіі!» Радыёблог Алены Швайко (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 12.06.2020
«Па сутнасці. Віншуем братнюю дзяржаву з Днём Расіі!» Радыёблог Алены Швайко (аўдыё)

Сёння дзяржаўнае свята адзначаецца ў Расійскай Федэрацыі – Дзень Расіі. Кіраўнік нашай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ў сваім віншаванні расійскаму прэзідэнту Уладзіміру Пуціну адзначыў, што ў Беларусі з вялікай павагай ставяцца да поспехаў братэрскага народа ў стварэнні моцнай і квітнеючай Расіі, забеспячэнні прыстойнай якасці жыцця людзей і росту іх дабрабыту. Беларускі лідар выказаў перакананне, што канструктыўны міждзяржаўны дыялог, заснаваны на прынцыпах узаемнай павагі і падтрымкі, адпавядае карэнным інтарэсам жыхароў абедзвюх краін, спрыяе ўмацаванню стабільнасці і бяспекі ў рэгіёне, гаворыцца ў віншаванні.

Зрэшты, беларусы і расіяне ў самых цяжкіх выпрабаваннях былі разам: разам ваявалі з агульным ворагам ў гады Вялікай Айчыннай вайны, разам аднаўлялі разбураную пасля ваеннага ліхалецця вялікую дзяржаву – Савецкі Саюз.

Некалькі фактаў. 12 чэрвеня 1990 года адбыўся Першы З’езд народных дэпутатаў РСФСР, які прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце. Па-сутнасці, гэта дэкларацыя стала пачаткам распаду Савецкага Саюза.

Наступны год – 1991-ы – стаў годам цэлага параду суверэнітэтаў. Першымі выйшлі са складу СССР прыбалтыйскія краіны, затым Украіна і далей, як кажуць, “працэс пайшоў”. Гэтая фраза з лексікона першага и апошняга Прэзідэнта Савецкага Саюза Міхаіла Гарбачова была вельмі папулярнай напачатку 90-х. Адным словам, літаральна за год адна гістарычная фармацыя змяніла другую.

Між іншым, сённяшняе свята самі расіяне ўспрымаюць па-рознаму: сталыя людзі з легкім сумам, а новыя пакаленні з надзеяй.

Вядомы расійскі філосаф Барыс Юдзін неяк выказаўся пра лёс Расіі такім чынам: “Расія – вялікая дзяржава і яна не перастае здзіўляць: здзіўляць не толькі свет, але і нас, саміх расіян. Расія здзіўляла свет заўсёды: шыратой і шчодрасцю рускай душы, навуковымі адкрыццямі, мужнасцю і стойкасцю расійскага характара ў гады ваенных выпрабаванняў…”

І сапраўды, сёння Расія ўжо не тая, што была ў савецкія часы і нават зусім іншая, чым была, здаецца, параўнальна нядаўна.

Апошнім часам з-за глабальнага выкліку пандэміі не так шмат інфармацыі пра нашы інтэграцыйныя кантакты, але гэта не азначае, што яны не адбываюцца – проста ў іх, як кажуць, крыху іншы фармат.

Зараз, напрыклад, вядзецца падрыхтоўка да Форуму рэгіенаў Беларусі і Расіі. Сёмы па ліку, ён пройдзе ўвосень ў Мінску. У гэтыя дні Расія рыхтуецца да Парада Перамогі, які пройдзе 24 чэрвеня. Удзел у ім прымуць і беларускія ваеннаслужачыя.

Па самых розных пытаннях актыўна вядуцца двухбаковыя перамовы, кансультацыі, ідзе пошук узаемапрымальных рашэнняў на карысць абодвух народаў.

А сёння Беларусь віншуе братнюю дзяржаву-суседку з Днём Расіі. 20 гадоў гістарычнага шляху абедзве дзяржавы ідуць разам. Дарэчы, як і ў савецкія часы. У нас агульная гісторыя, шмат здабыткаў і дасягненняў. І мэты ў нас аднолькавыя – клопат пра сваіх грамадзян і забеспячэнне іх дабрабыту.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: