Першае верасня – доўгачаканы дзень для тых, хто ўпершыню пераступіць школьны парог. Свята і для тых, хто зробіць чарговы крок па доўгай, але такой цікавай, поўнай адкрыццяў школьнай і студэнцкай дарозе.
Заўтра прыступяць да заняткаў больш як мільён школьнікаў, у тым ліку 114 тысяч першакласнікаў. Пачнецца навучальны год у звычайным фармаце. Пры гэтым пастаўлена задача да канца 2020 года распрацаваць адзіную платформу для дыстанцыйнага навучання. На ёй можна будзе расказаць пра лепшы вопыт настаўнікаў з усіх рэгіёнаў, прадставіць іх напрацоўкі, відеэаурокі. Як сказаў міністр адукацыі, платформа не заменіць класна-урочную сістэму. Аднак гэту работу трэба праводзіць, каб у будучым рэагаваць на любыя складанасці, якія могуць узнікаць у сувязі з уздымам сезонных вірусных інфекцый. Дарэчы, Міністэрствам аховы здароўя распрацаваны метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўмовах каранавіруса. Школы будуць працаваць з улікам сацыяльнага дыстанцыравання. Будуць больш уважліва сачыць за здароўем навучэнцаў. Абмяжоўваецца правядзенне бацькоўскіх сходаў, для камунікацыі раяць выкарыстоўваць тэлефон і электронную пошту.
Сістэма адукацыі змяняецца. Часта кажуць, што яна павінна быць сучаснай, адпавядаць сусветным стандартам. А ці ёсць такія стандарты? Ці варта браць прыклад з іншых краін? Пытанне няпростае. Для гэтага трэба зразумець, як і чаму вучаць у школах свету.
У Італіі вучацца 13 гадоў, абавязкова мяняюць школу два разы. Напрыклад, пасля пяці класаў пачатковай школы, у 11 гадоў, дзеці пераходзяць у сярэднюю. І гэта ўжо школа з іншымі настаўнікамі і аднакласнікамі. Там лічаць, што такая сістэма вучыць дзяцей прыстасоўвацца да новых абставін жыцця.
Распарадак дня кітайскага школьніка здаецца неверагодна складаным. Пад’ём у пяць раніцы і самастойныя заняткі. З 8.00 і да 16.00 урокі, а потым да 21.00 – дадатковыя заняткі. Летнія канікулы пачынаюцца ў жніўні і доўжацца адзін месяц.
Паасобнае навучанне хлопчыкаў і дзяўчынак – распаўсюджаная практыка ў Вялікабрытаніі. І такія школы па-ранейшаму папулярныя. Сярод матываў ёсць такі: у хлопчыкаў і дзяўчынак розныя крытэрыі поспеху, не трэба іх сутыкаць паміж сабой. Па выніках тэстаў дзеці выбіраюць сабе прадметы для вывучэння. Паколькі вучні выбіраюць розныя дысцыпліны, то на занятках пастаянна аказваюцца ў новым калектыве. Такім чынам, паняццяў “клас” і “аднакласнікі”, як у нас, там проста няма. Лічыцца, што свабодны выбар прадметаў вырашае праблему прагулаў. Бо школьнікі ходзяць толькі на тыя ўрокі, якія ім цікавыя. Сістэма адзнак у Вялікабрытаніі 100-бальная.
Пра амерыканскіх школьнікаў знята шмат камедыйных фільмаў і складзена анекдотаў. Напрыклад, пра тое, што кожны другі не можа паказаць Амерыку на карце. Дзеля справядлівасці трэба заўважыць, што амерыканскія школьнікі рана сталеюць, амаль усе ў 15 гадоў умеюць вадзіць машыну і шукаюць працу. У школе трэба абавязкова насіць форму. Падлеткам могуць прапанаваць самім зрабіць сабе расклад. Зыходзяць з таго, што ў 14-15 гадоў вучань ужо мае свае інтарэсы і можа сам вызначыць, якія веды яму спатрэбяцца ў жыцці. Вучоба – гэта хутчэй індывідуальны працэс. А вось спорт, музыка, навуковыя мерапрыемствы, наадварот, аб’ядноўваюць. За школьную каманду на спаборніцтвах можа балець увесь горад.
У Францыі кожны семестр бацькі па пошце атрымліваюць табель паспяховасці сваіх дзяцей. Усе выкладчыкі пішуць сваё меркаванне. Бацькам адразу становіцца зразумела, за што хваляць, а на якія праблемы трэба звярнуць увагу. Акрамя таго, адзначаюць колькі заняткаў вучань прапусціў, і колькі з іх не пацверджана дакументамі. У табелі пералічаны ўсе прадметы з адзнакамі па дваццацібальнай шкале. Ёсць калонкі, у якіх указаны адзнакі за папярэдні семестр, каб ацаніць дынаміку. Паказаны сярэдні вынік па класе, каб параўнаць поспехі дзіцяці з іншымі. А яшчэ французскім школьнікам забараняюць карыстацца тэлефонамі.
Навучальны год у Японіі традыцыйна пачынаецца ў красавіку. Школьнікаў і студэнтаў называюць аднымі з самых занятых і працавітых людзей у краіне. Нават у сярэдняй школе велізарная колькасць хатніх і праверачных заданняў. Канікулы карацей, чым у нас, але трацяць іх на падрыхтоўку да экзаменаў і напісанне работ.
У Фінляндыі задача сістэмы адукацыі – стварыць камфортнае асяроддзе. Працягласць урока – на меркаванне выкладчыка, хатніх заданняў амаль няма. А ў будучым плануюць наогул адмовіцца ад урокаў у звыклым разуменні. Дзень перастануць дзяліць на прадметы, іх заменяць адзіным на выбар настаўніка, які зможа камбінаваць навукі. Адзін занятак будзе доўжыцца каля трох гадзін з невялікімі перапынкамі.
Напэўна, ідэальных школ няма. Але, нягледзячы ні на што, з часам мы разумеем, што школьная пара – лепшы час жыцця. І нават для дарослых першае верасня – гэта свята. І толькі ад дарослых залежыць, якім будзе гэтае свята для дзяцей…