Па данных перапісу насельніцтва ў Беларусі жыве 9413446 чалавек. Нацыянальны статыстычны камітэт удакладняе, што мужчын у нашай краіне крыху больш за 46 працэнтаў, адпаведна жанчын – амаль 54. Не цяжка вылічыць, што на 100 жанчын прыходзіцца 86 мужчын. І, наадварот, на 100 мужчын – 116 дам.
Трэба адзначыць, што суадносіны мужчын-жанчын у Беларусі выраўноўваюцца. У пасляваенны час, 50-я, 60-я гады разрыў быў больш значным. Штогод хлопчыкаў у нас нараджаецца больш, чым дзяўчынак. Але да 30-33 гадоў колькасць мужчын і жанчын становіцца практычна роўнай. Найбольшая дыспрапорцыя складаецца ў пажылых узростах: да 65 гадоў мужчын становіцца ў паўтара разы менш, чым жанчын, а да 74 гадоў – удвая.
Чаму так адбываецца? Практычна ва ўсіх краінах свету жанчыны жывуць даўжэй за мужчын. Адна з прычын – генетычная. Акрамя таго, гармон тэстастэрон, які ўплывае на развіццё арганізма і робіць мужчыну мацнейшым, адначасова становіцца прычынай больш рызыкоўных паводзін. Розніцу ў працягласці жыцця можна растлумачыць і тым, што мужчыны больш схільныя да курэння, пераядання і ўжывання алкаголю. А жанчыны больш клапоцяцца пра сваё здароўе, часцей наведваюць урачоў і бяруць бальнічны, прымаюць больш лекаў.
Апошнія даследаванні сведчаць, што розніца ў працягласці жыцця мужчын і жанчын у бліжэйшыя дзесяцігоддзі будзе скарачацца. Так, у Вялікабрытаніі яна да 2030 года можа скласці толькі адзін год і дзевяць месяцаў. Вучоныя лічаць, што такая дынаміка захаваецца ў краінах, дзе зніжаецца спажыванне тытуню і алкаголю. Таксама гэта звязана з поспехамі ў барацьбе з захворваннямі сэрца, ад якіх пакутуюць у большай ступені мужчыны. Скарачэнне смяротнасці пры дарожных здарэннях таксама павялічыць працягласць жыцця мужчын.
Недахоп мужчын яшчэ больш адчуваецца ў нашых суседзяў, у краінах Балтыі, дзе многія жанчыны не могуць знайсці сабе спадарожніка на радзіме. А некаторыя астраўныя дзяржавы на Карыбах пачалі называць архіпелагамі жанчын. Тут адна з самых моцных дыспрапорцый на карысць жанчын. На гэты конт жартуюць: каб ліквідаваць дэмаграфічны матрыярхат, трэба мужчын завозіць цэлымі караблямі.
Аднак у свеце ёсць краіны, у якіх нявесту знайсці складана, таму што мужчын нашмат больш, чым жанчын. Аб’яднаныя Арабскія Эміраты пакутуюць ад катастрафічнага недахопу жанчын. Перапіс насельніцтва паказаў сумную статыстыку: на 100 жанчын прыходзіцца 247 мужчын. І гэта не рэкорд. У Катары гэтыя суадносіны – 315 на 100. Асноўнай прычынай прыросту насельніцтва стала міграцыя. Больш за 90 працэнтаў работнікаў прыехалі з іншых краін. І ў першую чаргу – гэта мужчыны, якім працоўную візу атрымаць лягчэй.
Кітай стаў краінай, дзе пераважаюць мужчыны. Іх больш на 40 мільёнаў! З-за гендэрнага дысбалансу ім цяжка знайсці сабе пару, а разрыў у колькасці мужчын і жанчын, хутчэй за ўсё, працягне расці. Цяжэй за ўсё халастым мужчынам стварыць сям’ю ў бедных сельскіх рэгіёнах, дзе яшчэ пануюць традыцыйныя ўяўленні, што мужчына павінен дасягнуць пэўнага ўзроўню фінансавай стабільнасці, перш чым шукаць сабе жонку.
Індыя. 108 на 100 на карысць мужчын. Прычынай называюць выбарачны падыход да нараджэння дзяцей. Апублікаваныя ўрадам данныя паказваюць, што практычна ўсе індыйцы жадаюць, каб у сям’і нараджаліся хлопчыкі, а не дзяўчынкі. Лічыцца, што дзяўчынка – гэта большы клопат, яна абыходзіцца дорага, ёй трэба знайсці мужа і пасаг. Асновы тысячагадовай культуры не змяніць хутка. Таму калі сям’я даведваецца, што павінна нарадзіцца дзяўчынка, такая цяжарнасць лічыцца нежаданай. У апошнія 50 гадоў дзяўчынак нараджаецца ўсё менш і цяпер гэты паказчык дасягнуў мінімальнай адзнакі. Залішняя колькасць мужчын можа прымусіць многіх з іх адкласці шлюб, тады як самыя бедныя, верагодна, наогул не змогуць ажаніцца.
У Канадзе таксама пераважае мужчынскае насельніцтва. Гэта звязана з тым, што жанчыны часта едуць у іншыя краіны працаваць і на радзіму не вяртаюцца. Чакаецца, што ў Нарвегіі мужчыны будуць у большасці яшчэ 80 гадоў. Прычына таму – іміграцыя. Такая ж сітуацыя ў некаторых іншых краінах Еўропы, куды пераехала шмат замежнікаў, у асноўным мужчын.