Каля 40% харчовых прадуктаў, якія вырабляюцца ў ЗША, аказваюцца ў сметніку. Напрыклад, амерыканскі фермер вымушаны прадаваць большую частку ўраджаю буйным крамам, якія прымаюць толькі гародніну пэўнага памеру і выгляду. Калі яна мае нейкія вонкавыя дэфекты, магазін адмаўляецца ад закупкі. Такі тавар адпраўляецца прама на звалку.
Сярэднестатыстычны жыхар Еўропы штогод выкідае каля 123 кілаграмаў, або 16% купленых прадуктаў. Практычна ўсе з іх можна было б выкарыстоўваць у ежу. У Германіі прадукты харчавання ў крамах танней, чым у іншых краінах Еўрасаюза. Адна з прычын – жорсткая канкурэнцыя на рынку, што вымушае супермаркеты зніжаць цэны і выстаўляць толькі бездакорны (хаця б вонкава) тавар. Па гэтай прычыне на паліцах няма месца пакалечанаму пакету малака або крыху счарнелым бананам. Прадукты часта аказваюцца ў кантэйнеры для смецця не таму, што сапсаваліся, а таму, што яны лішнія.
Паводле ацэнак Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН, у свеце губляецца трэцяя частка прадуктаў харчавання, а ў Еўропе – да 40%. Прадукты, якія выкідваюцца на нашай частцы свету, маглі б пракарміць 200 мільёнаў чалавек.
Здаецца, эпоха гастранамічнай раскошы заканчваецца. Пандэмія каранавіруснай інфекцыі можа прывесці да росту цэн на некаторыя харчовыя тавары, паведамляецца ў справаздачы Міжнароднага цэнтра супрацоўніцтва пры Нью-Ёркскім універсітэце. Адным з фактараў можа стаць ажыятажны попыт на прадукты харчавання. Таксама да росту цэн могуць прывесці меры па абмежаванні экспарту прадуктаў харчавання, якія прымаюцца ў некаторых краінах. Напрыклад, нядаўна экспарт рысу часова прыпыніў В’етнам, а гэта адзін з буйнейшых пастаўшчыкоў у свеце. Сукупнасць усіх фактараў можа прывесці да значнага павышэння цэн на некаторыя харчовыя культуры. Найбольшую рызыку скачка цэн маюць рыс і пшаніца. Дарэчы, калегія Еўразійскай эканамічнай камісіі забараніла вываз шэрагу харчовых тавараў з тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза ў сувязі з успышкай каранавіруса. Пад забарону трапіў экспарт грэчкі, рысу, мукі, жыта, цыбулі, часнаку і насення сланечніка. Абмежавальныя меры прымаюць і асобныя краіны ЕАЭС.
З распаўсюджваннем каранавіруса ў Расіі на рынку харчавання ўтвараюцца ўсё новыя прабелы. Спачатку сталі дэфіцытам цукар, соль, крупы і макароны. Потым усё гэта з’явілася і нават з лішкам. Але пачалі знікаць лімоны. Потым зноў з’явіліся, але па неверагоднай цане. Тое ж самае паўтарылі часнок і імбір. Вялікім попытам стаў карыстацца “набор вітамінаў”, гэта калі на латку лімон, галоўка часнаку, і кавалачак імбіру. Каштуе на беларускія грошы 30 рублёў! Сусветная арганізацыя аховы здароўя заявіла, што імбір – не самая добрая зброя ў барацьбе з каранавірусам. Але ўрачам расіяне не паверылі. Надзея, што імбір уратуе, спарадзіла попыт, а ён – прапанову. І гэта адбілася на цэнах. Яны стартавалі з 300 расійскіх рублёў за кілаграм, вельмі хутка пераадолелі псіхалагічны бар’ер у тысячу, а затым узялі планку ў дзве і тры тысячы. Гэта значыць, імбір падаражэў у расійскіх крамах у 10 разоў! Таму не трэба здзіўляцца, што гэтыя ж прадукты сталі даражэць і ў беларускіх крамах.
Але, мабыць, галоўнай прычынай чаканага дэфіцыту на сусветным рынку харчавання стане скарачэнне вытворчасці. У краінах, якія закрылі граніцы і ўвялі жорсткія абмежаванні на перамяшчэнне людзей, практычна спынілася эканоміка, а значыць не працуе ў поўную сілу і сельская гаспадарка.
У Германіі не хапае рабочых рук, з-за закрыцця граніц не могуць прыехаць сезонныя рабочыя, значная частка ўраджаю можа загінуць. Верагодны дэфіцыт асобных сельскагаспадарчых культур вельмі хутка адаб’ецца на цэнах.
Складаная сітуацыя ў Італіі, Францыі і Іспаніі. Жорсткі каранцін стаў сур’ёзнай перашкодай для вясенніх палявых работ. Як гэта адаб’ецца на вытворчасці прадуктаў харчавання, колькі нарыхтуюць гародніны, садавіны, пшаніцы? Пытанне застаецца адкрытым.
Вядома, больш абароненымі акажуцца краіны, якія самастойна забяспечваюць сябе прадуктамі харчавання, або такія, як Беларусь, якая звыш таго прадае прадукты харчавання на мільярды долараў у дзясяткі краін свету.