Падзяліцца:
«Паралелі. Харчавацца правільна». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 09.09.2020
«Паралелі. Харчавацца правільна». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)

Спецыялісты Нацыянальнай акадэміі навук за апошнія тры гады распрацавалі больш за 50 найменняў функцыянальных прадуктаў для харчавання ў дзіцячых садках і школах. Гэта прадукты, якія павышаюць жыццёвыя сілы і ахоўныя функцыі арганізма і абараняюць ад розных захворванняў. Сухія сняданкі з ільняной клятчаткай, сокі і нектары, узбагачаныя інулінам, малочны шакалад з кальцыем і вітамінам Д, батончыкі-мюслі з харчовымі валокнамі. Гэтыя прадукты могуць знайсці годнае месца ў школьных буфетах. Акрамя таго, прапанавана адкарэкціраваць нормы харчавання ва ўстановах адукацыі, каб знізіць у рацыёне колькасць цукру на 20-25% і солі на 35%.

Ужо цяпер харчаванне дзяцей можна назваць дыетычным. Выключаны маргарын, вырабы з фрыцюру, касцяныя булёны і вострыя прыправы. Перавага аддаецца паравым, тушаным і вараным стравам. У школьных буфетах забаронены чыпсы, салодкія газіраваныя напоі, кансервы. У Мінску, напрыклад, на восень распрацаваны двухтыднёвыя рацыёны харчавання для навучэнцаў. Яны складзены з улікам узросту і нормаў спажывання харчовых рэчываў і энергіі для дзяцей, згодна з санітарнымі нормамі. Пры гэтым стравы два дні запар не павінны паўтарацца. Спецыялісты рэкамендуюць бацькам выконваць гэтыя прынцыпы таксама дома, выкарыстоўваць для дзяцей свежыя і карысныя прадукты. Правільнае харчаванне – гэта аснова здароўя, і клапаціцца пра яго трэба з дзяцінства.

Паводле інфармацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, амаль два мільярды жыхароў планеты (каля 30%) маюць лішнюю масу цела. У Беларусі яна ў кожнага чацвёртага. А, напрыклад, у 2011 годзе такіх людзей сярод беларусаў быў толькі 21%. Варта задумацца...

Праблема найбольш актуальная ў дачыненні да дзяцей і моладзі. Звыклая карціна: малое заплакала – бацькі далі цукерку. Часта дзяцей перакормліваюць, прапануюць порцыі не па ўзросце, аддаюць перавагу паўфабрыкатам або фаст-фуду. Школьнікі і студэнты, замест паўнавартаснага абеду ў сталовай, аддаюць перавагу чыпсам, піражкам і газіроўцы. А дзе ўзяць гадзіну ў дзень для фізічнай нагрузкі, калі ўвесь вольны час праводзіш за камп’ютарам? У выніку кожнае дзясятае дзіця ў Беларусі мае складанасці з масай цела.

Праблема гэта паступова становіцца актуальнай для ўсіх. Лішняя вага ўжо некалькі дзесяцігоддзяў застаецца галоўнай праблемай амерыканскай сістэмы аховы здароўя. Спажыванне нездаровай ежы з высокай каларыйнасцю, адсутнасць фізічнай актыўнасці, пераяданне, харчовая рэклама і стрэсы павялічваюць колькасць тоўстых людзей у Амерыцы. Тут самы высокі ўзровень атлусцення сярод развітых краін у свеце. Амерыканцы ўсё часцей пакутуюць ад ішэмічнай хваробы сэрца, высокага крывянога ціску, інсультаў і дыябету.

За апошнія 20 гадоў аўстралійцы выраслі ў сярэднім на сантыметр, але пры гэтым прыбавілі больш за 3 кілаграмы. Лішнія кілаграмы – вялікая праблема і для Егіпта, асабліва для жанчын. Гіпадынамія і культ ежы, якой павінна быць шмат. Прычым, як правіла, гэта каларыйныя стравы. У Ізраілі ўзровень атлусцення павялічыўся ў тры разы за апошнія тры дзесяцігоддзі. І зноў вінаваты «хуткая ежа» і сядзячы лад жыцця. Традыцыйныя крамы са свежымі прадуктамі тут замянілі супермаркеты і гандлёвыя аўтаматы.

Танныя апрацаваныя прадукты сталі ў Харватыі нормай і замянілі здаровую ежу. Сардэчна-сасудзістыя праблемы сталі вядучай прычынай смерці сярод жыхароў краіны. Яны спажываюць у дзень на 700 калорый больш за рэкамендаваную норму.

Атлусценне ў Вялікабрытаніі ідзе па тым самым сцэнарыі, што і ў Амерыцы. У выніку з-за гэтай праблемы тут памірае больш людзей, чым у любой іншай краіне Еўропы. Але зроблены першы правільны крок. Міністэрства аховы здароўя распрацавала праграму, якая прадугледжвае зніжэнне ўтрымання цукру ў ласунках на 20%.

Дабрабыт, звязаны з вялікімі запасамі нафты, прывёў да значных змен у ладзе жыцця жыхароў Персідскага заліва. Рост даходаў, міжнародныя сеткі хуткага харчавання, лёгкі доступ да аўтамабіляў, багацце прадуктаў і хуткая ўрбанізацыя ўнеслі Катар, Кувейт, Бахрэйн і Эміраты ў спіс краін, дзе асабліва шмат людзей з лішняй вагой.

Сусветная арганізацыя аховы здароўя вызначае лішнюю масу цела і атлусценне як «ненармальнае або празмернае назапашванне тлушчу, якое ўяўляе небяспеку для здароўя». Людзі ядуць усё больш і больш. Што прыводзіць да сур'ёзных наступстваў ва ўсім свеце. За апошнія тры дзесяцігоддзі дабілася поспехаў у зніжэнні ўзроўню атлусцення толькі Францыя. Вынікі найбольш прыкметныя сярод падлеткаў. Там прынята спецыяльная дзяржпраграма. У навучальных установах прыбралі аўтаматы са шкоднай ежай. Для дзяцей і іх бацькоў праводзяць заняткі па культуры харчавання. Са школьнікамі працуюць псіхолагі і дыетолагі.

Ніхто не можа прымусіць харчавацца правільна, кожны чалавек прымае рашэнне сам. Важна толькі памятаць, што ад гэтага залежыць самае дарагое – наша здароўе.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: