Беларускі аграпрамысловы тыдзень, які завяршыўся ў Мінску, традыцыйна выклікаў папулярнасць не толькі ў дзелавых колаў, але і звычайных наведвальнікаў. На выставы “Белагра”, “Белпрадукт” і іншыя мерапрыемствы былі заяўлены 360 кампаній. Прадпрыемствы харчовай і перапрацоўчай прамысловасці з усіх рэгіёнаў краіны паказвалі і прадавалі сваю прадукцыю, частавалі наведвальнікаў.
Форум паказаў, што для Беларусі харчовая бяспека мае ключавое значэнне. Мы стараемся поўнасцю забяспечыць сябе неабходнымі прадуктамі харчавання, і гэта атрымліваецца. Беларусь па праве лічыцца адной з вядучых еўрапейскіх сельскагаспадарчых дзяржаў. Нашу прадукцыю ведаюць больш як у 100 краінах свету. Яна канкурэнтная на сусветных рынках, яе цэняць за высокую якасць і смак. А ў наступныя пяць гадоў плануецца значныя сродкі ўкладаць ва ўдасканаленне тэхналогій і атрыманне новых высакаякасных прадуктаў.
Зараз выбар прадуктаў сапраўды велізарны, як ніколі. Разам з тым, вытворцы, вучоныя, рэстаратары, медыкі ўздымаюць іншую тэму – сфарміраваць культуру харчавання. Правільна складаць рацыён, адрозніваць карысныя прадукты ад нездаровых, прызнаемся, навучыліся не ўсё.
Для сучаснага чалавека велізарная праблема – недахоп часу. Гэта адбіваецца і на харчаванні. Фастфуд эканоміць час, але не прыносіць карысць здароўю. У перакладзе з англійскай фастфуд – ежа хуткага прыгатавання, якую звычайна гатуюць з высокакаларыйных прадуктаў простым і хуткім спосабам – смажаць на патэльні або ў фрыцюры. З-за гэтага нават дыетычны прадукт становіцца шкодным.
Фактычна любы бутэрброд – гэта фастфуд. Але звычайна пад такое вызначэнне падпадаюць піца, гамбургеры і чызбургеры, смажаная бульба, шаўрма, чабурэкі, пюрэ хуткага прыгатавання, чыпсы і сухарыкі. Першыя гамбургеры з’явіліся ў ЗША сто гадоў таму і каштавалі пяць цэнтаў. Менавіта нізкая цана прыцягнула масавага пакупніка, і гэта ежа стала неверагодна папулярнай у Амерыцы. Людзі сталі задумвацца, у чым жа падвох, калі гамбургер так мала каштуе. Тады гандляры дадумаліся плаціць спецыяльна нанятым людзям, якія ў белых халатах, пад выглядам урачоў, наведвалі закусачныя. Сумненні адпалі, і папулярнасць такіх забягалавак пабіла ўсе магчымыя рэкорды.
Акрамя таго, гэта індустрыя прымушае людзей з’ядаць больш, чым трэба. Рэстараны хуткага харчавання даўно выкарыстоўваюць такі фокус: падаюць ежу, якую не трэба доўга пражоўваць. Такім чынам, людзі менш насычаюцца і больш з’ядаюць. Вучоныя высветлілі, што значна складаней адмовіцца, калі вам прапануюць штосьці напрамую. І калі супрацоўнікі рэстаранаў прапануюць узяць яшчэ нешта, дзевяць з дзесяці наведвальнікаў згаджаюцца. Не забываем таксама, што ў стравах хуткага прыгатавання шмат солі і харчовых стымулятараў, створаных хімічным спосабам. Інакш такая ежа будзе здавацца нясмачнай.
Паказальны сумны прыклад Акіяніі. У гэтым рэгіёне жывуць самыя поўныя людзі ў свеце. На некаторых астравах людзей з лішняй масай больш за 90 працэнтаў! Рэзкі рост атлусцення ў нацый паўднёвай часткі астравоў Ціхага акіяна ў значнай ступені звязваюць з масавым імпартам танных, апрацаваных прадуктаў, замест традыцыйных рыбы і фруктаў.
Спажыванне нездаровай ежы з высокай каларыйнасцю, адсутнасць фізічнай актыўнасці, пераяданне, харчовая рэклама і стрэсы павялічваюць колькасць тоўстых людзей у свеце. Усё часцей нават маладыя пакутуюць ад ішэмічнай хваробы сэрца, высокага крывянога ціску, інсультаў і дыябету. У Вялікабрытаніі праблему заўважылі. Напрыклад, лонданская сетка грамадскага транспарту забараніла рэкламаваць нездаровую ежу. Гэта тычыцца прадуктаў з высокім утрыманнем тлушчу, солі і цукру. Так, сеткі хуткага харчавання могуць рэкламаваць свае салаты, а не газіраваныя напоі.
Стагоддзі таму, калі фарміраваліся нацыянальныя кухні народаў свету, людзі мелі няяснае ўяўленне пра карысную і здаровую ежу. За нямецкай кухняй замацавалася рэпутацыя цяжкай, тлустай і занадта каларыйнай. Баварскія сасіскі і сардэлькі, смажаная ў фрыцюры грудзінка, традыцыйны густы суп, здольны замяніць абед з дзвюх страў. У Чэхіі папулярнае меню са свіной рулькі і знакамітага піва дапаўняюць тлустае мяса і соўсы, сала, хлеб, бульба, а таксама бліны, сасіскі і халадзец.
Да нашай кухні таксама ёсць заўвагі. Адзначаюць вялікую колькасць страў з бульбы, тое, што дранікі падаюць разам з тлустымі малочнымі і мяснымі прадуктамі. Але варта падкрэсліць, што бульбы ўжо не ядуць у нас столькі, як раней. Выбраць правільныя прадукты – гэта таксама навука, якую многія з нас толькі пачынаюць асвойваць.