Падзяліцца:
«Паралелі. Людзі з мязмежнымі магчымасцямі». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 02.12.2020
«Паралелі. Людзі з мязмежнымі магчымасцямі». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)

Заўтра адзначаецца Міжнародны дзень інвалідаў. У апошнія гады вядзецца дыскусія, як называць такіх людзей. Бо само слова «інвалід» нельга лічыць цалкам нейтральным. Яно прыйшло з англійскай мовы і азначае «нямоглы», «хваравіты», паказвае на парушэнне здароўя і можа пакрыўдзіць. Для сучаснага носьбіта англійскай мовы гэта гучыць груба і старамодна.

Кожнае выпадковае слова ў размове мае свае наступствы. Выкарыстоўваючы тыя ці іншыя фразы і выразы, нават неўсвядомлена, мы самі ствараем бар’еры і клішэ. У свой час стаў распаўсюджаным выраз «людзі з абмежаванымі магчымасцямі». Ён не ўсім падабаўся, ствараў нейкі стэрэатып і ў процівагу з’явіўся вобраз «людзі з бязмежнымі магчымасцямі», які падкрэслівае, што гэта людзі мужныя, моцныя, якія пастаянна пераадольваюць цяжкасці ў побыце, на працы, пры атрыманні адукацыі, каб адчуваць сябе роўнымі ў грамадстве.

У Канвенцыі ААН ужываецца тэрмін, які можна перакласці як «чалавек з інваліднасцю». Гэта значыць, у першую чаргу – чалавек, а потым яго асаблівасць. Хвароба не вызначае асобу. Каб выключыць негатыўную афарбоўку, па аналогіі лепш казаць «чалавек, які выкарыстоўвае каляску», а не «інвалід-калясачнік».

Яшчэ адзін нейтральны выраз – «людзі з асаблівымі патрэбамі». Іншы варыянт – «людзі з дадатковымі патрэбамі». Такім чынам, падкрэсліваецца не медыцынскі аспект, а сацыяльны. Бо пэўныя цяжкасці, перашкоды даводзіцца пераадольваць многім з нас. Няхай гэта будзе чалавек на калясцы або цяжарная жанчына, дзіця, ляўша, пажылы. Таксама ў многіх краінах адышлі ад вызначэння «група інваліднасці». Замест гэтага выкарыстоўваецца паняцце «працэнт страты здароўя».

Людзей з інваліднасцю з кожным годам становіцца больш. Гэта звязана з многімі прычынамі, у тым ліку ростам працягласці жыцця і даступнасці якаснай медыцынскай дапамогі. Сусветная арганізацыя аховы здароўя звяртае ўвагу, што стан інваліднасці становіцца неад’емнай часткай жыцця чалавека. У нейкі момант амаль кожны будзе адчуваць часовую або пастаянную непрацаздольнасць.

Цяпер больш за мільярд чалавек – каля 15% насельніцтва свету – сутыкаюцца з якой-небудзь формай інваліднасці. Чакаецца, што гэта колькасць будзе ўзрастаць у сувязі са старэннем насельніцтва і распаўсюджваннем неінфекцыйных захворванняў. Шмат што залежыць ад умоў, у якіх гэтыя людзі жывуць, ці маюць яны роўны доступ да медыцыны, адукацыі і занятасці. Таму грамадства абавязана дапамагчы кожнаму чалавеку незалежна ад яго фізічных магчымасцей рэалізаваць сябе, атрымаць веды і прафесію, гарантаваную медыцынскую дапамогу.

Пасля ратыфікацыі Канвенцыі аб правах інвалідаў у Беларусі быў прыняты Нацыянальны план дзеянняў па яе рэалізацыі. Гэта цэлая стратэгія на перыяд да 2025 года. Яна тычыцца медыцынскай дапамогі, рэабілітацыі, сацыяльнай абароны, стварэння роўных магчымасцей, прадастаўлення неабходных паслуг, адаптацыі аб’ектаў інфраструктуры. Усё гэта ўплывае на якасць жыцця, робіць чалавека больш незалежным.

У парламенце ідзе работа над праектам закона «Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі». Асобныя артыкулы рэгулююць правы людзей з інваліднасцю і ўказваюць на недапушчальнасць дыскрымінацыі па гэтай прыкмеце. Замацоўваецца абавязак па выдзяленні на ўсіх паркоўках месцаў для стаянкі транспарту інвалідаў, прадугледжана права карыстацца гэтымі паркоўкамі бясплатна.

Асаблівая ўвага ў дакуменце нададзена пытанням працаўладкавання. Не сакрэт, што людзі з інваліднасцю могуць сутыкнуцца з праблемамі пры прыёме на работу. У краіне больш за паўмільёна чалавек маюць інваліднасць, з іх каля 200 тысяч чалавек у працаздольным узросце. Каб чалавек мог сябе рэалізаваць, у новым законе прадугледжваюцца пэўныя механізмы. Гэта квоты на буйных і сярэдніх прадпрыемствах (дзе больш за сто чалавек) для прыёму на працу людзей з інваліднасцю. Калі прадпрыемствы не змогуць выканаць квоту, то павінны плаціць кампенсацыю, а грошы акумулююць у фондзе, які будзе фінансаваць адаптацыю і навучанне інвалідаў.

У праекце закона надаецца асаблівае значэнне праву на атрыманне адукацыі, уводзіцца прынцып інклюзіі, вызначаны падыходы да падрыхтоўкі кадраў, зместу навучальных праграм, безбар’ернага асяроддзя. Прапануецца ўкараніць паслугу персанальнага памочніка для інваліда. Яшчэ адзін важны момант, які знайшоў адлюстраванне ў законе, заключаецца ў дапамозе чалавеку, які атрымаў інваліднасць, фарміраваць жыццёвы шлях. Хтосьці мае патрэбу ў сацыяльных паслугах, а хтосьці здольны далей весці актыўную дзейнасць. І кожнага чалавека трэба падтрымаць.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: