2020-ты, верагодна, стане годам рэкордных банкруцтваў у ЗША. Беспрацоўе з 3,5 працэнтаў у пачатку года падскочыла да 15 у красавіку. Шэраг буйнейшых кампаній падаў на банкруцтва, іншыя – у блізкім да гэтага стане. Сярод іх інвестыцыйныя, гандлёвыя, лагістычныя кампаніі. У спісе два гіганты турыстычнай галіны – сэрвіс арэнды жылля AirBnb і буйнейшы аператар па пракаце машын Hertz. Самы вялікі гандлёвы цэнтр краіны Mall of America спыніў выплату іпатэчных крэдытаў. Victoria’s Secret абвясціла аб банкруцтве. Chanel і Rolex спынілі вытворчасць. Zara закрыла 1200 магазінаў. У Nike больш за 20 мільярдаў долараў даўгоў, кампанія рыхтуецца да чарговага этапу звальненняў. Nissan Motor можа закрыцца ў Злучаных Штатах. Нават кававая імперыя Starbucks абвясціла, што назаўсёды закрывае 400 аб’ектаў.
Часопіс Forbes апублікаваў поўны спіс авіяцыйных ахвяр каранавіруса – авіякампаній, якія не перажылі каранцін. Зараз іх 14 з усіх кантынентаў. У складанай сітуацыі буйнейшы вытворца самалётаў у свеце – Boeing. Не лепш справы і ў яго еўрапейскага канкурэнта. Двухпавярховы Airbus A380 – адзін з самых папулярных самалётаў у пасажыраў. Яго ўнутраная прастора дазваляла авіякампаніям рэалізоўваць любыя фантазіі для паляпшэння сэрвісу, размяшчаць бары, фантаны і душавыя кабіны. Сёння, на жаль, A380 страціў сваю былую прывабнасць, паколькі авіякампаніі аддаюць перавагу больш эфектыўным машынам. Сітуацыя дайшла да таго, што ў мінулым годзе Airbus абвясціў, што назаўжды спыняе вытворчасць, а пандэмія канчаткова прызямліла самалёты гэтай мадэлі па ўсім свеце.
Як піша брытанская The Guardian, пандэмія нанесла разбуральны ўдар па турыстычнай галіне. Сусветная турысцкая арганізацыя ААН падлічыла, што даходы ад міжнароднага турызму могуць скараціцца на 80 працэнтаў у параўнанні з леташнім паказчыкам у 1,7 трыльёна долараў, а 120 мільёнаў працоўных месцаў могуць быць страчаны. На турызм прыпадае каля 15 працэнтаў ВУП Іспаніі і каля 13 працэнтаў Італіі. Гэта сур’ёзная страта нават для такіх дыверсіфікаваных эканомік. Але ёсць больш залежныя ад турызму краіны. Напрыклад, бюджэт Мальдыўскіх Астравоў на трэць залежыць ад грошай турыстаў.
Калапс адбываецца ў турыстычнай індустрыі Кеніі, з якой звязана праца мільёнаў чалавек. Абсалютная большасць замежных гасцей прыязджала ў Кенію, каб убачыць дзікую прыроду. Калі б не турызм, многія са 160 запаведнікаў ператварыліся б у паляўнічыя ўгоддзі ці былі б перададзены для вядзення сельскай гаспадаркі. А гэта пагроза адной з самых вялікіх канцэнтрацый жывёльнага свету на планеце. Таму страта даходаў, выкліканая пандэміяй, можа прывесці да катастрофы. Ужо цяпер у Кеніі назіраецца трывожны рост маштабаў браканьерства.
З усіх праблем, якія выпалі на долю турыстаў у сувязі з каранавірусам, асобна стаяць нягоды на круізных лайнерах. Палацы асалоды сталі ператварацца ў плывучыя турмы, а парты адзін за адным адмаўляліся прымаць заражаныя караблі. Нават пасля таго, як пасажырам дазволілі сысці на бераг, 100 тысяч работнікаў круізных лайнераў апынуліся ў марской пастцы. Многія ўжо чатыры месяцы не могуць вярнуцца на радзіму. Сярод іх некалькі тысяч грамадзян Маўрыкія. Востраў закрыты на каранцін і не ўпускае нават уласных жыхароў. Краіна паабяцала вярнуць дадому сваіх грамадзян да канца лета, але з умовай, што круізныя кампаніі аплацяць чартарныя рэйсы і ўнясуць па 1300 долараў за кожнага рэпатрыянта. У такую суму на Маўрыкіі ацанілі выдаткі на тэсціраванне, медыцынскае абслугоўванне і ўтрыманне на двухтыднёвым каранціне.
Надзвычай жорсткі каранцін дзейнічае ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы. Акрамя абмежаванняў на паездкі па краіне, масачнага рэжыму і сацыяльнага дыстанцыравання, тут забаранілі прадаваць алкаголь і цыгарэты. Праўда, у чэрвені з-за скаргаў бровараў і вінаробаў двухмесячная забарона на продаж алкаголю была адменена. Але ненадоўга. У гэтым месяцы ў ПАР з-за росту новых выпадкаў COVID-19 зноў увялі каменданцкі час і забарону на продаж алкаголю. Грамадзянам паведамілі, што трэба эканоміць кожны бальнічны ложак, у бальніц і ўрачоў няма ні сродкаў, ні часу, каб займацца траўмамі, выкліканымі ўжываннем алкаголю. Таму цяпер адна з папулярных тэм на форумах у інтэрнэце – як прыгатаваць самагон у хатніх умовах. Дарэчы, цыгарэты ў ПАР таксама можна купіць. На «чорным рынку» яны каштуюць 15 долараў за пачак.
Зараз многія чакаюць, калі ж адкрыюцца для турыстаў еўрапейскія краіны. Але трэба разумець, што адпачынак у ЕС стане яшчэ даражэй. Пасля таго, як у Італіі зноў адкрыліся гандлёвыя аб’екты, мясцовыя жыхары былі шакіраваны новымі цэнамі. Да каранціну ў Мілане кубак кавы каштаваў у сярэднім 1 еўра 30 цэнтаў, а зараз 2 еўра. Паслугі цырульні падаражэлі на чвэрць, цяпер стрыжка каштуе 25 еўра. Прыкметна ўзрасла ў цане гародніна, садавіна, каўбасы, сыры, макаронныя вырабы і іншыя прадукты, якімі славіцца італьянская кухня.
Большасць краін свету ўсё яшчэ працягвае трымаць межы на замку. Але ёсць і тыя, што адкрыліся для замежнікаў. Аднак перад тым, як планаваць туды паездку, трэба вывучыць умовы ўезду. Так, турыстам зноў дазволена ехаць у Камбоджу. Але каралеўству патрабуецца дэпазіт 3000 долараў для пакрыцця выдаткаў на тэсціраванне, ізаляцыю і медыцынскае абслугоўванне, уключаючы 1500 долараў на пахавальныя выдаткі. Як кажуць, сардэчна запрашаем!