Беларусь паступова развітваецца з пластыкам. З 1 студзеня 2021 года пачынаецца першы этап, прапісаны ў пастанове ўрада, калі ад пластыку павінны адмовіцца ў кафэ і сталовых. На прадпрыемствах грамадскага харчавання забароняць пластыкавыя стаканчыкі, талеркі, палачкі для размешвання напіткаў і шэраг кантэйнераў для захоўвання ежы. Канчатковая адмова ад пластыкавага посуду плануецца на 2023 год.
Пластык, які нельга перапрацаваць, трэба чымсьці замяніць. Гэта могуць быць папяровыя пакеты і мяшкі для сыпкіх прадуктаў, кардонныя латкі для яек. Ужо цяпер многія прадукты прадаюцца ў крамах у папяровай тары, напрыклад, мука і цукар. А вось рыс і макароны ўсё яшчэ ў поліэтыленавых пакетах.
У многіх кафэ напіткі даўно разліваюць у папяровыя стаканчыкі. Але раней гэта было неабавязкова. Таму неэкалагічная тара ўсё роўна выкарыстоўвалася. Гаворка ідзе пра 200 мільёнаў аднаразовых пластыкавых стаканчыкаў у год. У выніку ў нас утвараліся дзясяткі і нават сотні тысяч тон палімерных адходаў.
Аднаразовая талерка з трыснягу ці крухмалу цалкам раскладаецца і не наносіць шкоды навакольнаму асяроддзю. Яе можна выкінуць са звычайным смеццем. Але такая талерка будзе даражэйшая, чым пластыкавая. Аднаразовыя відэльцы і лыжкі з кукурузнага крухмалу таксама параўнальна дарагія. Затое папяровы стаканчык можа каштаваць менш, чым пластыкавы. Падлічана, што камплект аднаразовага няпластыкавага посуду можа абысціся спажыўцу ў два разы даражэй за пластыкавы набор.
Толькі жыхары ЗША штодня расходуюць больш за паўмільярда аднаразовых трубачак. Каб паменшыць экалагічную нагрузку на навакольнае асяроддзе, у многіх краінах прыняты абмежаванні на выкарыстанне менавіта гэтага тавару. Пластыкавым трубачкам не проста знайшлі замену, а прапанавалі некалькі варыянтаў на выбар. Гэта саломінкі з металу і нержавеючай сталі. Недарагія і вельмі трывалыя. Можна выкарыстоўваць шматразова. Падыходзяць нават для гарачых напояў. Ёсць трубачкі з біяраскладальнай расліннай сыравіны – трывалыя, даўгавечныя і хутка ўтылізуюцца. Добры варыянт для прадпрыемстваў грамадскага харчавання. Трубачкі з паперы і кардону экалагічна бясшкодныя, прывабныя вонкава, на іх можна лёгка нанесці самы складаны дызайн. Таксама добра падыходзяць як для халодных, так і гарачых напояў. А яшчэ ёсць саломінкі-макароніны і пшанічныя трубачкі. Могуць быць нарэзаныя на любую даўжыню, цалкам экалагічныя і раскладаюцца за вельмі кароткі тэрмін. Здольныя захоўваць натуральную форму і цвёрдасць.
У Вялікабрытаніі ўступіла ў сілу забарона на продаж касметычных ватных палачак, пры вытворчасці якіх выкарыстоўваецца пластык. Чаму менавіта гэты тавар па-за законам? Уся справа ў колькасці адходаў. Брытанцы штогод выкарыстоўваюць мільярды ватных палачак. Ім таксама прыдумалі добрую, недарагую альтэрнатыву. Пры вытворчасці можна выкарыстаць драўніну або скручаную паперу.
Кітай адзін з буйнейшых у свеце спажыўцоў пластыку, гадамі ўлады краіны спрабуюць вырашыць праблему нераскладальных адходаў. Цяпер рэалізуецца маштабны план па скарачэнні выкарыстання аднаразовага пластыку. Да канца 2020 года ў буйных гарадах будуць забаронены нераскладальныя пластыкавыя пакеты, ва ўсіх астатніх населеных пунктах іх забароняць да 2022 года. Поўная забарона на ўсёй тэрыторыі краіны ўступіць у сілу ў 2025 годзе – да гэтага моманту крамы ўсё яшчэ могуць выкарыстоўваць такія пакеты для ўпакоўкі свежых прадуктаў. Кітайскія гасцініцы таксама абавязаны адмовіцца ад прапановы кліентам аднаразовых пластыкавых прадметаў.
Паводле даных Еўракамісіі, за год у Еўропе ў сярэднім на аднаго жыхара даводзіцца 31 кілаграм пластыкавых адходаў. Еўрапарламент адобрыў законапраект, накіраваны на скарачэнне смецця з пластыку. Так, з 2021 года ў Еўрасаюзе будзе забаронена выкарыстанне аднаразовых вырабаў, у прыватнасці пластыкавага посуду, ватных касметычных палачак, саломінак для піцця, якія могуць вырабляцца з іншых матэрыялаў. З 2024 года пластыкавыя бутэлькі будуць прадаваць толькі з прымацаванымі да іх накрыўкамі. Выкарыстанне вырабаў з пластыку, у якіх пакуль няма экалагічнай альтэрнатывы, напрыклад, посуду і ўпаковак для прадуктаў харчавання, павінна быць абмежавана. Акрамя таго, шэраг аднаразовых тавараў, якія змяшчаюць некаторую колькасць пластыку (тыя ж вільготныя сурвэткі), абавязкова на ўпакоўцы будуць суправаджаць указаннямі аб негатыўным уздзеянні на навакольнае асяроддзе.
У Беларусі колькасць смецця на душу насельніцтва ў 1,5-2 разы ніжэйшая, чым у краінах Еўропы. Але для нас гэта таксама пытанне адчувальнае. І хоць забарона на пластык у грамадскім харчаванні пачне дзейнічаць толькі з наступнага года, многія кафэ ўжо даўно перастроіліся. Гэта значыць, што мода на ўсё экалагічнае прыходзіць раней, чым прымаюцца заканадаўчыя абмежаванні.