Успамінаецца верш Максіма Багдановіча, які ўсе мы вучылі ў дзяцінстве:
Здаецца, успаміны пра доўгую, марозную, са снежнымі забавамі зіму такія ж далёкія, як і ўрокі, на якіх чыталі гэтыя вершы. А колькі мы ведаем папулярных песень пра мароз, пра завіруху, якія часта гучаць па радыё зімой. Вось толькі з надвор’ем яны сёлета не вельмі стасуюцца. Цяпер кожны чарговы год цяплейшы за папярэдні. А гэта зіма пабіла многія тэмпературныя рэкорды.
Сіноптыкі кажуць, што пачатак вясны бывае каляндарны – 1 сакавіка, астранамічны – 20 сакавіка і кліматычны, калі адбываецца пераход сярэдняй сутачнай тэмпературы паветра праз нуль градусаў. Сёлета кліматычная зіма так і не наступіла, не было ўстойлівага пераходу на мінусавыя тэмпературы. Ці то восень ніяк не скончыцца, ці то вясна даўно прыйшла. Тым больш, што тэмпературны фон зараз адпавядае першай дэкадзе красавіка!
Адсутнасць снегу стала катастрофай для арганізатараў зімовых спартыўных спаборніцтваў. У больш паўночнай Эстоніі цёплае надвор’е вымусіла адмовіцца ад правядзення чэмпіянату Еўропы па біятлоне. Да апошняга там спадзяваліся стварыць дастатковы запас штучнага снегу, каб падрыхтаваць трохкіламетровую трасу. Але ўсё роўна чэмпіянат прыйшлося перанесці. І пройдзё ён другі год запар у беларускіх Раўбічах, дзе шучны снег паспелі нарыхтаваць. А ў хуткім часе ў Мінску абяцаюць пабудаваць лыжны манеж, дзе можна будзе займацца зімовымі відамі нават летам.
Увесь інтэрнэт абмяркоўваў, што ў Брэсце ў самы разгар зімы, у сярэдзіне студзеня, прачнуліся пчолы. А на Вадохрышча на Палессі і ў Гродзенскай вобласці на клумбах заквітнелі прымулы, выпусціла коцікі вярба, на агародах узышоў часнок і зацвілі клубніцы. На Міншчыне ўжо адкрасавалі пралескі, паказаліся з зямлі цюльпаны. А ў Гомелі цвітуць персікі! У розных раёнах краіны грыбнікі ўсю зіму збіраюць лісічкі і апенькі.
У Беларусі на зімоўку засталіся пералётныя птушкі, яны сталі прывыкаць, што зімой ёсць зялёная трава і досыць корму. Такім чынам, птушкі першымі адаптаваліся да змянення клімату. У адрозненне ад жывёл, чый графік жыцця парушылі анамаліі надвор’я. Не змаглі заснуць на зіму вожыкі і мядзведзі.
Першая навальніца сёлета здарылася ў студзені. Яе заўважылі на метэастанцыях у Мінску і Магілёве. Гэта надзвычай рэдкая з’ява. Раней навальніцы зімой былі толькі ў 1951, 1958 і 1990 гадах.
Сябры ездзілі ў вёску на Віцебшчыну. Расказвалі, што мясцовыя жыхары ў студзені збіралі бярозавы сок! Сам пацвердзіць не магу, не бачыў. Але з такімі прыроднымі метамарфозамі ўжо нічаму не здзіўляешся. Тым больш, што пасля Новага года да нас у студыю прыходзілі вучоныя з Акадэміі навук і давалі парады дачнікам. Калі плануеце рабіць прышчэпкі на пладовых дрэвах, то рыхтаваць іх трэба не ў канцы зімы, як звычайна, а яшчэ ў студзені, пакуль не пайшоў сок.
А вось з пасадкамі пакуль спяшацца не трэба. Усяму свой час. Тым не менш, гародніну на дачы хутчэй за ўсё можна будзе пасадзіць як мінімум на тыдзень раней. Павінны сябе добра адчуваць і экзатычныя да нядаўняга часу культуры. Цяпер кавуны ў Беларусі вырошчваць не больш складана, чым памідоры. Разам з тым, аграрыі заклікаюць рыхтавацца і да негатыўных з’яў. Так, з-за цёплай зімы Белавежская пушча апынулася пад пагрозай нашэсця насякомых-шкоднікаў, а сельскай гаспадарцы трэба будзе перажыць вясеннюю засуху. Магчыма, вельмі хутка ў Беларусі выдатна сябе будуць адчуваць шкоднікі, характэрныя для паўднёвых шырот, больш стане і пустазелля.
Дзесяцігоддзе з 2010 па 2019-ты ўжо назвалі самым цёплым на Зямлі за ўсю гісторыю метэаназіранняў. А што ж будзе далей? Яшчэ ёсць тыя, хто не верыць у глабальнае пацяпленне і ў тое, што клімат змяніўся? Тады ўспомніце, калі вы апошні раз апраналі футра ці самую цёплую куртку для моцных маразоў? Хутчэй за ўсё, не гэтай зімой.