Страхавыя работнікі Беларусі адзначылі сваё прафесійнае свята. У нашай краіне штогадовыя страхавыя выплаты ўжо вымяраюцца сотнямі мільёнаў долараў. У асноўным гэта тычыцца аўтатранспарту і медыцынскага страхавання. Несумненна, страхоўка патрэбна кожнаму, але не кожны яе купляе. Логіка такая: навошта траціць грошы, калі верагоднасць узнікнення страхавога выпадку невялікая. Сапраўды, па статыстыцы, яна рэдка перавышае 5 працэнтаў. Тым не менш, кажуць, што пераломны момант наступіў. І беларусы актыўна страхуюць не толькі дамы і машыны, але выбіраюць пенсійнае, медыцынскае і іншыя віды страхавання.
Дарэчы, як паведамілі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны, у Беларусі будуць максімальна развіваць добраахвотнае пенсійнае страхаванне, каб павялічыць памер пенсій і забяспечыць годны ўзровень жыцця ў старасці. Пакуль механізм добраахвотнага пенсійнага страхавання не так запатрабаваны, ім карыстаюцца толькі 4 працэнта грамадзян. Магчыма, праблема ў тым, што не ўсе пра гэта ведаюць і не ўсе разумеюць, якія гэта дае перспектывы.
Штогадовыя выдаткі чалавецтва на розныя страхоўкі складаюць прыблізна 5 трыльёнаў долараў. Найбольш актыўна людзі страхуюць уласнае жыццё. На гэта сумарна расходуецца да 2 трыльёнаў долараў штогод. Страхаванне маёмасці каштуе трохі менш. А на медыцынскія страхоўкі прыпадае прыкладна трыльён. Нягледзячы на гіганцкія страхавыя прэміі, прыбытак страхоўшчыкаў на глабальным рынку вагаецца ў межах 10 працэнтаў ад атрыманых сродкаў.
Пандэмія прымусіла многіх зрабіць акцэнт на медыцынскае страхаванне. Так, сёння Злучаныя Штаты займаюць першае месца па колькасці ахвяр каранавіруснай інфекцыі. ЗША – адзіная развітая краіна, якая не мае абавязковага медыцынскага страхавання. Але нават наяўнасць поліса не пазбавіць пацыента ад неабходнасці самастойна пакрываць нейкую частку медыцынскіх паслуг. Для хворых пнеўманіяй з ускладненнямі кошт лячэння ў шпіталі можа скласці 20 тысяч долараў. Пры падключэнні да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх сума можа вырасці ў чатыры разы. Таму для большасці людзей фактар кошту лячэння мае сур’ёзнае значэнне пры вырашэнні звяртацца па медыцынскую дапамогу с сімптомамі каранавіруса.
Адны страхоўкі заснаваны на здаровым сэнсе, іншыя выклікаюць здзіўленне. Страхоўшчыкі ў роўнай ступені ўлічваюць усе запыты. У розных краінах дзейнічаюць страхоўкі ад скасавання шлюбу, ад увядзення сухога закона, ад незапланаванага бацькоўства або шкоды ад дзеянняў іншапланецян. У ЗША застрахавана паўмільёна хатніх жывёл. І ёсць прыклады, калі на лячэнне катоў і сабак выплачвалі дзясяткі тысяч долараў.
Самыя вялікія страхавыя выплаты пацягнула банкруцтва амерыканскага банка Lehman Brothers у 2007 годзе. Менавіта гэта падзея стала пачаткам глабальнага эканамічнага крызісу. Тады страхавыя кампаніі выплацілі 100 мільярдаў долараў.
У 2011 годзе ў Японіі моцнае землетрасенне і цунамі забралі жыцці больш як 15 тысяч чалавек. Былі цалкам разбураны 90 тысяч будынкаў. Эканоміка Японіі панесла страты ў 350 мільярдаў долараў. А агульная сума страхавых кампенсацый дасягнула 42 мільярдаў.
Каля 40 мільярдаў склалі страхавыя выплаты пасля тэрактаў у Нью-Ёрку 11 верасня 2001 года і пасля разбуральнага ўрагану Катрына. Крушэнне круізнага лайнера Costa Concordia ля берагоў Італіі абышлося страхавым кампаніям у 3 з паловай мільярды долараў. Толькі аперацыя па падыманні патанулага лайнера каштавала каля мільярда. Для параўнання, агульная сума страхавых выплат у выніку катастрофы «Тытаніка» ў 1912 годзе склала каля 12 мільёнаў. Калі гэту суму перавесці ў цяперашнія цэны з улікам інфляцыі, страхавыя выплаты складуць менш за 300 мільёнаў долараў.
У 2009 годзе 17-гадовая брытанская дзяўчына атрымала цяжкія траўмы пасля таго, як у аўтамабіль яе сям’і ўрэзаўся грузавік. Адвакаты дабіліся кампенсацыі ад страхавой кампаніі ў 37 мільёнаў долараў на лячэнне і рэабілітацыю. Гэта абсалютны рэкорд страхавой сумы, выплачанай у якасці кампенсацыі фізічнай шкоды асобнаму чалавеку.
У Швейцарыі людзі расходуюць на розныя полісы больш, чым на ежу ў месяц. Тут, як і ўсюды, ёсць абавязковае і добраахвотнае страхаванне. З абавязковага – здароўе і машыны. У Германіі пераважае добраахвотнае страхаванне, але таксама ёсць абавязковыя страхоўкі. Напрыклад, паляўнічыя абавязаны страхаваць адказнасць пры наступленні няшчаснага выпадку.
Нават самы абачлівы чалавек – рызыкуе. Дома, на працы, падчас паездкі на аўтамабілі, мы рызыкуем сваёй маёмасцю і грашыма, а чалавек, які адкрыў уласную справу, рызыкуе ўдвая. Таму страхаванне застаецца ўніверсальным і самым надзейным спосабам кампенсацыі страт.