Падзяліцца:
«ПАРАЛЕЛІ. ВЫБАР ТУРЫСТАЎ – ПАДАРОЖЖЫ ПА СВАЁЙ КРАІНЕ». РАДЫЁБЛОГ ДЗМІТРЫЯ РУБАШНАГА (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 09.11.2020
«ПАРАЛЕЛІ. ВЫБАР ТУРЫСТАЎ – ПАДАРОЖЖЫ ПА СВАЁЙ КРАІНЕ». РАДЫЁБЛОГ ДЗМІТРЫЯ РУБАШНАГА (аўдыё)

Пандэмія працягвае знішчаць міжнародны турызм. Паводле звестак ААН, чакаецца скарачэнне галіны на 70%. Страты ў 8 разоў перавысілі выдаткі ад папярэдняга глабальнага эканамічнага крызісу. Калі захаваюцца абмежаванні на паездкі, у турыстычнай галіне можа знікнуць больш за палову працоўных месцаў, без заробку застануцца 170 мільёнаў чалавек па ўсім свеце. Таму зараз многія краіны звярнулі ўвагу на ўнутраны турызм як адзіную магчымасць выратаваць галіну.

У Расіі кожны турыст цяпер на вагу золата. Прыцягнуць стараюцца кэшбэкамі, а таксама таннымі чартарнымі рэйсамі па новых напрамках. Кэшбэк для турыстаў – гэта праграма, па якой за пакупку пуцёўкі па Расіі вяртаюць на картку некаторую суму грошай. Можна ўбачыць новыя месцы і патраціць менш.

З пачатку года курорты Краснадарскага краю прынялі больш за 10 мільёнаў гасцей. Вядома, сёлета краю не да рэкордаў, пандэмія колькасць гасцей істотна знізіла. Але з-за таго, што ў расіян практычна няма магчымасці наведваць многія замежныя курорты, а таксама дзякуючы праграме турыстычнага кэшбэку, унутраны турызм пакуль трымаецца.

Пецярбург выйшаў у лідары сярод гарадоў, куды жыхары Расіі едуць па праграме турыстычнага кэшбэку. Індустрыя забяспечвае Пецярбургу каля 100 тысяч працоўных месцаў. У сезон гэта лічба павялічваецца да 300 тысяч. Але ў гэтым годзе ўсё інакш. Так, сярэдняе падзенне загрузкі ў гасцініцах склала 60–70% у параўнанні з мінулым годам. І нягледзячы на тое, што па даходах ад унутранага турызму Санкт-Пецярбург заняў другое месца сярод гарадоў Расіі, доля турыстычнай галіны ў эканоміцы горада склала 0,4 %, што ў 10 разоў менш, чым у мінулым годзе.

Сапраўднымі хітамі года называюць чартарныя авіярэйсы ў глыбінку, дзе турысты бывалі рэдка. Напрыклад, у горы Кольскага паўвострава і Кемераўскай вобласці. Што тычыцца Байкала і Камчаткі, то гэтыя куткі прыроды хочуць наведаць многія. І цяпер мара стала бліжэй. Як кажуць, не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло.

Да Новага года чакаюць турыстаў месцы, якія пазіцыянуюць сябе як рэзідэнцыі Дзеда Мароза. І перш за ўсё – Вялікі Усцюг Валагодскай вобласці. Туды ўжо арганізаваны чартарныя авіярэйсы. З валагодскім Дзедам Марозам гатовы канкурыраваць яго калегі ў Татарстане, Карэліі і нават у Якуціі. З міжнародным турызмам для расіян пакуль усё дрэнна. Акрамя Турцыі, застаецца толькі некалькі далёкіх і дарагіх накірункаў.

У шэрагу краін турызм – аснова эканомікі. Больш выгадна падтрымаць унутраны турызм, чым плаціць дапамогу мільёнам людзей, якія страцілі працу. Так у Тайландзе ўрад аплачвае сваім грамадзянам 40% ад кошту начлегаў у атэлях, праграма ахапіла пяць мільёнаў жыхароў. А яшчэ двум мільёнам грамадзян урад амаль напалову аплаціў дарожныя выдаткі, ад арэнды аўтамабіляў да квіткоў на аўтобусы і цягнікі.

У Італіі таксама зрабілі стаўку на ўнутраны турызм. Дзяржава аплачвала адпачынак у італьянскіх гасцініцах на суму ад 150 да 500 еўра. Прапанова мела велізарны поспех, ім скарысталіся мільёны людзей.

Турыстычная галіна – гэта цэлы кангламерат сервісаў: тураператары і агенты, рэстараны і экскурсаводы, атэлі і транспартныя кампаніі. Разам яны даюць Латвіі 10% ад унутранага валавога прадукту. Латвійскі турызм – самая пацярпелая ад пандэміі галіна. Самалёты не лёталі, аўтобусы не ездзілі, гасцініцы стаялі пустымі. У красавіку колькасць замежных гасцей скарацілася на 98%. Турбізнес вельмі разлічваў на лета. І сапраўды, сітуацыя крыху палепшылася, але калі параўнаць з мінулым годам, то пастаяльцаў у латвійскіх гасцініцах стала на 40% менш.

«Залаты тыдзень» – традыцыйны перыяд дзяржаўных свят у кастрычніку, прымеркаваных да дня ўтварэння КНР. Грамадзяне Кітая ў гэты час традыцыйна падарожнічаюць па краіне, наведваюць родных. Сёлета за святочны тыдзень кітайцы зрабілі 638 мільёнаў паездак. Гэта ўсяго на 21% менш дапандэмійных паказчыкаў. Фатаграфіі «залатога тыдня» дэманструюць натоўпы людзей ля Вялікай Кітайскай сцяны, ля храмаў у Пекіне і Сіяне. Нягледзячы на гэта, усплёску захворванняў у Кітаі не адбылося.

Беларусы на фоне COVID-19 замест замежжа сталі часцей адпачываць у аграсядзібах, расказалі ў Дэпартаменце па турызме Міністэрства спорту і турызму. Безумоўна, унутраны турызм змяніўся. Людзі аддаюць перавагу індывідуальным, сямейным паездкам, альбо невялікімі групамі. Сядзібы ўвесь час былі занятыя, і многія проста не змаглі патрапіць туды. У прыярытэце ў беларусаў сёлета таксама было наведванне запаведнікаў і іншых месцаў, якія дазвалялі не знаходзіцца ў закрытым памяшканні з вялікай колькасцю людзей. Стымулам для развіцця ўнутранага турызму ў пэўнай ступені сталі і абмежаванні ў перамяшчэнні, уведзеныя іншымі краінамі.

Для падарожжаў унутры краіны ёсць незвычайныя экскурсіі, якіх няма ў іншых дзяржавах. Напрыклад, у Ельні па балотах можна прагуляцца ў балотаступах. Ёсць начныя вандроўкі, экскурсіі па дахах, туры з анімацыяй. Як распавялі ў Нацыянальным агенцтве па турызме, трэндам гэтага года сталі экскурсіі, падчас якіх удзельнікі займаюцца спортам і знаёмяцца з архітэктурнымі помнікамі. Таксама вялікую папулярнасць набылі туры на байдарках. Цэны на адпачынак з прыходам пандэміі амаль не змяніліся.

Зараз фарміруецца дзяржпраграма па турызме на 2021–2025 гады. У дакуменце ўлічаць моманты, якія стрымліваюць пакуль унутраны турызм, напрыклад, недастатковае развіццё інфраструктуры ў некаторых месцах.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: