Падзяліцца:
«Паралелі. Як працуе іпатэка?» Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 29.04.2020
«Паралелі. Як працуе іпатэка?» Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)

Уласная кватэра, прасторная і камфортная, а яшчэ лепш дом – мара кожнага чалавека. Ёсць розныя спосабы, як палепшыць жыллёвыя ўмовы. Адзін з самых вядомых – іпатэка. У Беларусі яна таксама працуе, але пакуль не ў тым аб’ёме, як у іншых краінах.

Іпатэка – гэта заклад нерухомай маёмасці. Пры звычайным крэдытаванні могуць спатрэбіцца паручыцелі, якія нясуць адказнасць і будуць пагашаць доўг, калі гэтага не робіць пазычальнік. Пры іпатэчным крэдытаванні ў якасці закладу выступае кватэра. І калі не заплаціць па крэдыце своечасова, то банк яе забярэ, прадасць і, такім чынам, верне сабе грошы.

Крэдыт па іпатэцы даюць на розных умовах, ён можа дасягаць 80 і нават 90 працэнтаў ад поўнага кошту кватэры. Працэнтныя стаўкі ў некаторых банках залежаць ад стаўкі рэфінансавання. Іпатэка адрозніваецца ад іншых відаў крэдытаў тым, што мае вялікія тэрміны выплат, якія дасягаюць 25 гадоў. У выніку памер штомесячных плацяжоў становіцца менш. Такі тып крэдытавання выбіраюць, каб знізіць нагрузку на сямейны бюджэт. Але зноў жа ёсць абставіны, якія трэба ўлічваць. У Беларусі купіць жыллё ў іпатэку можна досыць даўно. Аднак попытам у насельніцтва такія крэдыты не карысталіся. Занадта высокія працэнтныя стаўкі. Таму даводзілася выбіраць іншыя спосабы вырашэння жыллёвага пытання. Іпатэчны крэдыт, як правіла, трэба выплачваць штомесяц на працягу досыць доўгага часу. Але фінансавае становішча сям’і можа змяніцца. Напрыклад, жыхары спраўна плацяць 20 гадоў, а затым узнікаюць складанасці, пратэрміноўкі. У найгоршым выпадку можна застацца і без жылля, і без грошай, паколькі банк забярэ кватэру. У Беларусі да такога не даходзіла, але нельга выключаць гэту сітуацыю ў будучыні. Таксама трэба разумець, што кватэра застаецца ўласнасцю банка доўгія гады, пакуль крэдыт не будзе цалкам выплачаны. Гэта азначае, што без згоды банка вы не зможаце яе прадаць. Дадатковая ўмова заключэння іпатэчных дагавораў – страхаванне нерухомасці і жыцця крэдытаатрымальніка.

Як працуе іпатэка ў нашых суседзяў? У Расіі іпатэчнае крэдытаванне развіваецца больш актыўна. Такія крэдыты выдаюць на тэрмін да 30 гадоў. Сярэдні ўзровень ставак – 9-10 працэнтаў. Канчаткова працэнт залежыць ад памеру першапачатковага ўзносу, віду нерухомасці, даходу кліента, згоды на страхаванне і іншых фактараў. Ёсць льготы для моладзі, і хтосьці імі карыстаецца, але многія маладыя сем’і ў рэгіёнах не могуць дачакацца сваёй чаргі.

Ва Украіне стаўкі па жыллёвых крэдытах прыкметна вышэй – ад 17 да 25 працэнтаў. Украіна таксама мае сваю льготную іпатэку з больш прывабнымі ўмовамі, але атрымліваюць ільготныя крэдыты нямногія.

У заходніх краінах правілы жыллёвага крэдытавання прынцыпова іншыя. Банкі звычайна не ўказваюць загадзя стаўкі па іпатэцы, але прызначаюць іх індывідуальна. Льготы таксама існуюць, напрыклад, можа быць зменшана сума абавязковага першага ўзносу. Важная асаблівасць, якую трэба ўлічваць: стаўкі па іпатэцы ніжэй у тых краінах, дзе менш інфляцыя.

У Беларусі ствараюцца ўмовы для таго, каб насельніцтва актыўна ўдзельнічала ў будаўніцтве не толькі з дапамогай дзяржпадтрымкі, але і за кошт уласных сродкаў. На дапамогу павінны прыйсці такія інструменты, як іпатэка. З кастрычніка 2020 года ўступіць у сілу новы Указ Прэзідэнта «Аб іпатэчным жыллёвым крэдытаванні». Дакумент прыняты дзеля ўдасканалення дзяржаўнай жыллёвай палітыкі і стварэння дадатковых умоў па забеспячэнні правоў грамадзян, якія атрымалі крэдыт на жыллё.
Банк зможа забраць кватэру толькі пры адначасовым парушэнні дзвюх умоў крэдытнага дагавора: калі запазычанасць па асноўнай суме доўгу перавышае 10 працэнтаў ад сумы прадастаўленага крэдыту, а таксама пратэрмінаваная запазычанасць па асноўнай суме доўгу і працэнтах за карыстанне крэдытам складае больш за 90 дзён. Грамадзяне, якія праходзяць тэрміновую ваенную (або альтэрнатыўную) службу, змогуць скарыстацца адтэрміноўкай пагашэння запазычанасці па іпатэчным жыллёвым крэдыце і працэнтах за карыстанне ім на перыяд службы. Таксама прапісаныя ва Указе меры павінны падштурхнуць банкі выкарыстоўваць іпатэку як асноўны спосаб забеспячэння выканання абавязацельстваў па жыллёвых крэдытах.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: