Актуальнасць рэкламы не выклікае сумненняў, ва ўмовах рынку гэта важны элемент эканомікі. У краінах з высокім узроўнем жыцця і масавай вытворчасцю на рэкламу расходуюцца велізарныя сродкі. Знаёмая ўсім фраза «рэклама — рухавік гандлю» ў поўнай ступені раскрывае яе асноўную функцыю: перадачу інфармацыі аб тавары, знаемства з ім патэнцыяльных пакупнікоў, перакананне ў неабходнасці яго купіць. Не так часта можна пачуць станоўчыя водгукі пра рэкламу, але нягледзячы на крытыку, яна трывала ўвайшла ў наша жыццё.
Упершыню ў 1937 годзе былі сфармуляваны і апублікаваны некаторыя правілы паводзін вытворцаў рэкламы, якія вядомыя пад назвай «Кодэкс нормаў рэкламнай практыкі Міжнароднай гандлёвай палаты ў Парыжы». Ужо тады звярнулі ўвагу, што любое рэкламнае пасланне «павінна быць юрыдычна бездакорным, прыстойным, сумленным і праўдзівым», «стварацца з пачуццём адказнасці перад грамадствам і адпавядаць прынцыпам добрасумленнай канкурэнцыі». Яшчэ некалькі цытат з гэтага дакумента, якія актуальныя і ў наш час: «рэклама не павінна злоўжываць даверам пакупніка, эксплуатаваць недахоп жыццёвага вопыту ў дзяцей і моладзі, іграць на пачуцці страху ці забабонах». «Рэкламнае пасланне не павінна ачарняць ніякую фірму, прамысловую або камерцыйную дзейнасць або прафесію, а таксама іншы тавар».
Выдаткі на рэкламу сталі важкай часткай бюджэтаў замежных кампаній. У ЗША толькі на рэкламу ў сродках масавай інфармацыі траціцца больш за 5% сумарных выдаткаў на вытворчасць і рэалізацыю тавараў. У вытворцаў лекаў — 20%, касметыкі — 14%, кухонных прылад — 13%, спіртных напояў — 12%. Дзясятая частка кошту галантарэі і мыйных сродкаў — гэта рэкламныя расходы. Высокі ўзровень адлічэнняў на рэкламу ў прамыслова развітых краінах тлумачыцца стаўкамі за рэкламнае месца або эфірны час у найбольш эфектыўных сродках масавай інфармацыі.
Буклеты са скідкамі ў супермаркетах, улёткі з рэкламай нацяжных столей, шаф-купэ, вокнаў і дзвярэй... Многія ўжо стаміліся ад такой рэкламы ў паштовых скрынях. Назапасіліся прэтэнзіі да дакучлівай рэкламы і ў пасажыраў гарадскога транспарту, вымушаных слухаць гучныя аб'явы. Але рэкламны рынак чакаюць змены. Палата прадстаўнікоў у другім чытанні адобрыла папраўкі ў заканадаўства аб рэкламе. Некаторыя нормы накіраваны на лібералізацыю ў гэтай сферы. Так, адменена адміністрацыйная працэдура па ўзгадненні зместу вонкавай рэкламы і рэкламы на транспартным сродку. Таксама прадастаўлена права ўстанаўліваць вонкавую рэкламу без праектнай дакументацыі. Скарочаны аб'ём медыцынскай рэкламы, якой патрабуецца ўзгадненне з Міністэрствам аховы здароўя.
Вялікі рэзананс атрымала пытанне аб гукавой рэкламе ў грамадскім транспарце. З улікам доўгіх і актыўных абмеркаванняў парламентарыі прыйшлі да высновы, што ўсё ж такі гукавую рэкламу ў грамадскім транспарце трэба забараніць. Але рэклама на электронным табло ў выглядзе інфармацыйнага радка і пэўных малюнкаў дазволена. Трэба звярнуць увагу, што забараняецца камерцыйная гукавая рэклама ў грамадскім транспарце, а не сацыяльная.
Яшчэ адна важная навела: замацоўваецца норма, якая абавязвае рэкламадаўцаў і распаўсюджвальнікаў спыніць дастаўку рэкламы ў паштовыя скрыні па першым патрабаванні іх уладальнікаў. Скаргі ад жыхароў, незадаволеных дакучлівай рэкламай у паштовых скрынях, паступалі рэгулярна. Пры распрацоўцы праекта закона нават разглядалася пытанне аб поўнай забароне такога віду рэкламнай рассылкі. Але падчас абмеркавання ўсё ж частка жыхароў выказалася супраць такой меры. Многім ўлёткі ў паштовых скрынях спрашчаюць жыццё. Пажылыя людзі, напрыклад, хочуць атрымліваць інфармацыю пра акцыі ў супермаркетах, а жыхары новабудоўляў дзякуючы рэкламе эканомяць час на пошукі выканаўцаў рамонтных паслуг і пастаўшчыкоў будаўнічых матэрыялаў.
Распрацоўшчыкі пастараліся ўлічыць інтарэсы абодвух бакоў. Зараз можна адмовіцца ад рэкламы, для гэтага трэба звярнуцца да заказчыка або распаўсюджвальніка, патэлефанаваць або адправіць зварот на юрыдычны адрас, пазначаны на рэкламнай прадукцыі. А можна проста змясціць на паштовай скрыні налепку «не рэкламе». Закон выразна ўказвае на абавязак спыніць дастаўку рэкламы ў такіх выпадках.
Вядома, наляпіць антырэкламны стыкер на паштовую скрыню — добрая ідэя. Але цалкам схавацца ад яе немагчыма. Што ж рабіць, калі рэклама здаецца надакучлівай і аднастайнай? Ёсць некалькі парад. Будзьце прадузятымі, памятайце, што адзіная мэта любой рэкламы — заахвоціць вас купіць што-небудзь. Не верце на слова, калі чуеце пра «лепшыя цэны», «самы правільны выбар» і «лепш не бывае», задайце сабе пытанне: ці так гэта? Памятаеце, што людзі ў рэкламных роліках на самай справе акцёры, якіх спецыяльна запрасілі на здымкі і ім плацяць за гэта грошы. І яшчэ важна ўмець думаць і сумнявацца.