На тэрыторыі Пакістана знойдзены астанкі людзей, якія жылі сем тысяч гадоў да нашай эры. У іх зубах пры жыцці былі зроблены акуратныя адтуліны, якія лічаць самым старажытным доказам стаматалагічнай дапамогі.
Прайшлі тысячы гадоў, але і сёння ў гэтай краіне шмат людзей не маюць доступу да якаснай медыцыны. Няма іншых варыянтаў, як лячыць зубы на вуліцы. У Пакістане тысячы нелегальных вулічных стаматолагаў, для пацыента замест звыклага ляжачага крэсла – нізкі табурэт, а замест бор-машыны – ручны свердзел. Інструменты стэрылізуюць у тазіку на газавай плітцы. Уставіць пратэз на вуліцы каштуе два долары, гэта ў дзясяткі разоў танней, чым у клініцы. І, вядома, вулічныя працэдуры робяць без звыклай сёння анестэзіі.
У сярэднявеччы зубалячэбная практыка аказалася ў руках людзей, вельмі далёкіх ад медыцыны: шаманаў, цырульнікаў, лазеншчыкаў, рамеснікаў і нават катаў. Часцей за ўсё лячэнне зводзілася да выдалення хворага зуба. Акрамя таго, людзі спадзяваліся на дапамогу вышэйшых сіл. Асаблівай павагай карысталася святая Апалонія, менавіта да яе звярталіся з малітвамі пры зубным болі. Не дзіўна, што міжнароднае свята сучасных стаматолагаў адзначаецца 9 лютага, у дзень гэтай святой.
Зубалячэнне ўпершыню стала разглядацца як асобная медыцынская спецыяльнасць на мяжы XVII–XVIII стагоддзяў у Францыі, дзе каралеўскім дэкрэтам заснавана ступень хірурга-дантыста.
Упершыню спецыялізаваная ўстанова для падрыхтоўкі зубных урачоў з’явілася ў ЗША ў 1840 годзе.
А на тэрыторыі Беларусі першая зубалячэбная школа адкрылася ў Мінску ў 1907-ым. Для таго часу гэта было вялікай падзеяй. Бо раней лячэннем зубоў займаліся ў асноўным дактары, якія мелі права лячыць усе хваробы і выконваць любыя аперацыі без выключэння. Для практыкі пры школе была арганізавана клініка, там вялі амбулаторны прыём. За першы навучальны год хворым выдалілі 500 зубоў, паставілі 800 пломбаў, з якіх 130 сярэбраных і 27 залатых. У 1911 годзе ў Мінску вялі практыку 20 зубных урачоў і 60 дантыстаў. У даведачнай літаратуры таго часу іх паважліва называлі «асобы інтэлігентных прафесій».
Пасля рэвалюцыі зубалячэбная адукацыя перайшла пад кантроль медыцынскіх факультэтаў універсітэтаў. У Мінску такіх спецыялістаў сталі рыхтаваць на медыцынскім факультэце БДУ. У 1960 годзе на базе Мінскага медыцынскага інстытута арганізавана стаматалагічнае аддзяленне, якое затым пераўтворана ў факультэт.
Цяпер у Беларусі штогод адбываецца каля 15 мільёнаў візітаў да стаматолагаў, ставіцца 8 мільёнаў пломбаў і паўмільёна пратэзаў. Беларусы сталі адказней падыходзіць да папярэджання стаматалагічных захворванняў. З прафілактычнай мэтай звяртаюцца 40 працэнтаў пацыентаў.
Па статыстыцы, карыес маюць 60-90 працэнтаў дзяцей школьнага ўзросту і амаль ўсе дарослыя. Здараецца, што ў дзіцяці да трох гадоў няма ніводнага здаровага зуба. Каб прадухіліць з’яўленне карыесу ў раннім узросце, спецыялісты раяць выконваць простыя правілы. Чысціць зубы дзіцяці рэкамендуецца адразу пасля іх з’яўлення. Таксама з ранняга дзяцінства неабходна прывучаць карыстацца зубной ніткай. І, вядома ж, дзецям трэба тлумачыць, які ўплыў на здароўе зубоў аказвае бескантрольнае ўжыванне прысмакаў. Спецыялісты рэкамендуюць чысціць зубы не менш за два разы на дзень па 2–3 хвіліны. Менавіта гэты час неабходны для выпрацоўкі іонаў фтору.
Навука і тэхналогіі рушылі на кіламетры наперад. Стаматалогія – адзін з найбольш прагрэсіўных напрамкаў медыцыны, яе нават параўноўваюць з майстэрствам ювеліра. З’явіліся даўгавечныя матэрыялы, якасныя прэпараты для анестэзіі. Але і сёння многія пацыенты баяцца стаматолага больш, чым зубнога болю. Паталагічны страх прымушае цярпець да апошняга. З-за таго, што візіт да доктара адкладваецца, замест карыесу даводзіцца лячыць пульпіт, што больш непрыемна і дорага, альбо выдаляць зубы, якія раней можна было вылечыць.
Адзін з галоўных фактараў страху – падсвядомыя рэакцыі, звязаныя з мінулым негатыўным вопытам. Таму важна знайсці доктара, якому давяраеш. А пасля анестэзіі сучаснымі сродкамі болю стопрацэнтна не будзе. Што рабіць, каб лячыць зубы радзей? Парада простая – хадзіць да стаматолага часцей. Мінімум раз у паўгода. Прыйсці і праверыць, ці ўсё ў парадку.