Міжнародны фонд дабрачыннай дапамогі штогод складае сусветны індэкс дабрачыннасці. У ім згадваецца і наша краіна. Адзначаецца, што ў Беларусі ахвяруюць грошы больш як 20 працэнтаў насельніцтва. Кожны чацвёрты наш суайчыннік аказваў дапамогу незнаёмым людзям. Кожны пяты займаўся валанцёрствам.
Лідарам апошняга рэйтынгу стала Інданезія. Гэтая краіна абышла М’янму, якая займала першае месца некалькі гадоў запар. Больш за 90 працэнтаў насельніцтва М’янмы займаюцца дабрачыннасцю ў той ці іншай форме. Тут прынята рэгулярна рабіць ахвяраванні, часцей за ўсё невялікія сумы перадаюць манахам. Жыхары Расіі расходуюць на дабрачыннасць да двух з паловай мільярдаў долараў за год. Прычым найбуйнейшыя нафтагазавыя кампаніі – не самыя шчодрыя дарыльшчыкі. Асноўную частку ахвяраванняў робяць звычайныя людзі.
У сусветным рэйтынгу не выяўлена прамой залежнасці паміж узроўнем дабрабыту насельніцтва і дабрачыннасцю. Іншымі словамі, нельга сцвярджаць, што багатыя людзі ахвяруюць больш, чым людзі з сярэднім і нізкім дастаткам. Так, напрыклад, у Топ-20 рэйтынгу толькі некалькі краін, з «Вялікай дваццаткі», у якую ўваходзяць найбуйнейшыя эканомікі свету. Хаця, канешне, у абсалюце маштабы дабрачыннасці вызначае памер эканомікі. Так, у Германіі расходы дабрачынных арганізацый складаюць 17 мільярдаў еўра, гэта трэцяя частка такіх расходаў у Еўрапейскім Саюзе. А ў цэлым у свеце два з паловай мільярды чалавек дапамагаюць незнаёмым людзям, кожны пяты называе сябе валанцёрам. У наш час дабрачыннасць усё больш становіцца ананімнай. Людзі не афішуюць свае добрыя справы. А вось занакамітасці і найбольш багатыя, наадварот, аддаюць перавагу публічнай дабрачыннасці. Не столькі дзеля славы, а каб паказаць прыклад іншым.
Як разумеюць дабрачыннасць і на што гатовы ахвяраваць жыхары Беларусі? Вынікі даследавання ў свой час прадставіў Беларускі Чырвоны Крыж. У нас вялікая колькасць гуманітарных і дабрачынных арганізацый, якія дапамагаюць дзяржаве вырашаць важныя сацыяльныя праблемы. Усё больш людзей свядома становяцца валанцёрамі. Расце колькасць сацыяльных праектаў. Большасць вырашае ахвяраваць напрамую людзям, якія маюць патрэбу, меншая частка – праз дабрачынныя і грамадскія арганізацыі. Бізнес дапамагае ў аднолькавай ступені як людзям напрамую, так і праз дабрачынныя структуры. Асноўны від ахвяраванняў – грошы.
Сёння мы можам ганарыцца ўздымам салідарнасці, гуманізму і дабрачыннасці ў нашым грамадстве. У гэты няпросты час беларусы дапамагаюць як сваім блізкім, так і незнаёмым. Агульная праблема абуджае ў людзях добрыя пачуцці. Нехта дапамагае суседзям па пад’ездзе, пажылым або тым, хто знаходзіцца на каранціне: ходзіць у краму і аптэку, выгульвае хатніх жывёл. Хтосьці прыносіць прадукты для медперсаналу, якія затым перадаюць у бальніцы. Адны шыюць маскі, не толькі для сябе і сваёй сям’і, але і для суседзяў. А ў кагосьці ёсць 3d прынтар або лазер, каб рабіць шчыткі для аховы медработнікаў. Калі ёсць асабісты аўтамабіль, можна прапанаваць дапамогу ўрачам у дастаўцы на працу, каб яны не карысталіся грамадскім транспартам. Хтосьці ўдзельнічае ў ініцыятыве «Добры тэлефон», размаўляе з пажылымі і не толькі, каб ім было не так самотна сядзець у самаізаляцыі. Калі ёсць вольны час, можна стаць валанцёрам, а ў каго ёсць фінансавая магчымасць – дапамагчы матэрыяльна.
Але ёсць людзі, для якіх дапамога і дабрачыннасць сталі прызваннем і прафесіяй. Заўтра – Міжнародны дзень медыцынскай сястры, прафесійнае свята ў гонар Флорэнс Найцінгейл, пачынальніцы сястрынскай справы. Дарэчы, сёлета адзначаецца 200-годдзе з дня яе нараджэння. Паслядоўнікі Флорэнс Найцінгел ў Беларусі, супрацоўнікі медыка-сацыяльнай службы Чырвонага Крыжа «Дапамога», кожны дзень клапоцяцца пра адзінокіх, пажылых, людзей з інваліднасцю, з цяжкімі хранічнымі захворваннямі. Прыходзяць да іх дамой, сочаць за станам здароўя, робяць медыцынскія працэдуры, падтрымліваюць псіхалагічна, дапамагаюць па гаспадарцы.
Вышэйшая ўзнагарода для медыцынскіх сясцёр ва ўсім свеце – медаль імя Флорэнс Найцінгейл, заснаваная ў 1912 годзе Міжнароднай Лігай Чырвонага Крыжа. Медаль прысуджаецца раз у два гады за выключную прыхільнасць справе міласэрнасці, гуманнасць і ўзорную прафесійную дзейнасць. У Беларусі гэтай узнагароды ўдастоены 6 медыцынскіх сясцёр за мужнасць і самаадданасць у гады Вялікай Айчыннай вайны і 6 медсясцёр за працу ў мірны час, у тым ліку 5 медыцынскіх сясцёр міласэрнасці Чырвонага Крыжа за беззапаветнае служэнне адзінокім пажылым і цяжкахворым людзям.