Падзяліцца:
"Параллели. Традиции сильной семьи" - Радиоблог Дмитрия Рубашного
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 01.07.2020
"Параллели. Традиции сильной семьи" - Радиоблог Дмитрия Рубашного У Беларусі ў сярэднім кожны дзень з’яўляюцца на свет 206 дзяцей і ствараюцца 117 новых сем’яў. У краіне мільён восемсот тысяч дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў. Кожнае пятае дзіця выхоўваецца ў шматдзетнай сям’і. Брэсцкая вобласць – лідар не толькі па колькасць шмадзетных, але і самых вялікіх сем’яў, у якіх дзесяць і больш дзяцей.

Як адзначыла міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч, для шматдзетных сем’яў прадугледжана разнапланавая падтрымка: у сферы жыллёва-крэдытнай палітыкі, адукацыі, сацыяльнай абароны. За апошнія гады прыняты шэраг значных дакументаў па актуальных пытаннях на карысць шматдзетных сем’яў. Сярод апошніх – працяг праграмы сямейнага капіталу з 1 студзеня 2020 года. Асноўнай навацыяй стала пашырэнне напрамкаў датэрміновага выкарыстання сродкаў з улікам патрэб сям’і: на будаўніцтва або набыццё жылля, атрыманне платных медыцынскіх паслуг або адукацыі. Па даных на 1 мая, для шматдзетных сем’яў адкрыта 83 тысячы ўкладаў. Прынята 12 тысяч рашэнняў аб датэрміновым распараджэнні сродкамі сямейнага капіталу, з іх больш за 90 працэнтаў – на паляпшэнне жыллёвых умоў.

Нядаўна таксама быў прыняты Указ “Аб сацыяльнай падтрымцы асобных катэгорый грамадзян”. З 1 верасня прадугледжана шматдзетным сем’ям павялічыць перыяд прадастаўлення дзяржаўнай адраснай сацыяльнай падтрамкі ў выглядзе штомесячнай сацыяльнай дапамогі, а таксама пашырыць крытэрыі патрэбнасці для яе назначэння. З гэтага года для ўключэння бацькаў у працэс выхавання дзяцей мужчынам прадастаўлена магчымасць узяць сацыяльны адпачынак да 14 дзён у першыя 6 месяцаў пасля нараджэння дзіцяці. Гэта норма замацавана ў Працоўным кодэксе. Усё гэта дапамагае адрадзіць традыцыі вялікай і моцнай сям’і.

Разам з тым, статыстыка разводаў не суцяшае: кожны другі шлюб распадаецца. Развесціся прасцей, чым шукаць кампрамісы, вырашаць праблемы ў дыялогу, працаваць над адносінамі. Вялікія надзеі звязваюць з развіццём сямейнай медыяцыі. Гэта даступны спосаб разабрацца ў сямейных канфліктах, не даводзячы іх вырашэнне да суда. 

З 1 ліпеня ўступаюць у сілу чарговыя змяненні ў Кодэкс аб шлюбе і сям’і. З сённяшняга дня пры прыёме заявы аб скасаванні шлюбу орган, які рэгіструе акты грамадзянскага стану, будзе тлумачыць мужу і жонцы іх права на ўдзел у інфармацыйнай сустрэчы з медыятарам. Аналагічная працэдура будзе праходзіць і пры падачы заявы аб скасаванні шлюбу ў судзе: тут таксама нагадаюць пра магчымасць добраахвотнага ўрэгулявання спрэчкі з удзелам медыятара.

Немалы працэнт разводаў прыпадае на маладыя сем’і, якім менш як 5 гадоў. Скасаванне шлюбу – гэта працэдура, якая патрабуе прававога афармлення, падзелу маёмасці, вызначэння парадку ўзаемаадносін з дзецьмі. Гэта эмацыйна складаны працэс. Задача медыятара пры гэтым – аказаць сем’ям псіхалагічную дапамогу ў пераадоленні сямейных канфліктаў, захаванні нармальных адносін паміж разведзенымі бацькамі і дзецьмі.

Медыяцыя – адна з тэхналогій альтэрнатыўнага ўрэгулявання спрэчак з удзелам нейтральнага, не зацікаўленага ў гэтым канфлікце боку. Медыятар дапамагае выпрацаваць пагадненне па спрэчцы, пры гэтым бакі цалкам кантралююць працэс прыняцця рашэння і яго ўмовы. Такая працэдура хутка атрымала шырокае прымяненне ў Еўропе ў вырашэнні любых канфліктаў, асабліва ў сямейных адносінах.

Пакуль інстытут медыяцыі ў Беларусі не выкарыстоўваецца шырока, не ўсе яго перавагі вядомыя людзям, і, адпаведна, да яго, як да ўсяго новага, пакуль прыглядаюцца. Таму ўнесеныя ў Кодэкс змяненні дазволяць зрабіць медыяцыю больш папулярным спосабам урэгулявання канфліктаў з мінімальнымі маральнымі і матэрыяльнымі стратамі. Разам з тым, медыяцыя не стала абавязковай працэдурай. Заканадаўцы зыходзілі з таго, што немагчыма прымусіць чалавека да ўзаемаразумення і прымірэння.

Яшчэ адна важная навацыя ў Кодэксе – магчымасць заключыць пагадненне аб дзецях шляхам яго натарыяльнага засведчання. Раней муж і жонка толькі пры скасаванні шлюбу маглі заключыць паміж сабой такое пагадненне. З 1 ліпеня магчымасць з’явілася і ў бацькоў дзіцяці, якія не былі ў шлюбе або шлюб паміж якімі ўжо скасаваны. У пагадненні аб дзецях бацькі могуць вызначыць, з кім з іх будуць жыць дзеці, парадак зносін з дзецьмі і ўдзелу ў іх выхаванні, памер аліментаў на дзяцей, парадак выезду дзіцяці за мяжу i iншыя пытаннi выхавання і ўтрымання дзяцей.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: