Падзяліцца:
«Розгалас. Афганскі ўрок». Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 18.08.2021
«Розгалас. Афганскі ўрок». Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)

Гэты «Радыёблог» пачнём літаратурнай цытатай.

«У той час полк стаяў у Індыі, і не паспеў я да яго дабрацца, як ўспыхнула другая вайна з Афганістанам. ...я даведаўся, што мой полк фарсіраваў перавал і рушыў далёка ў глыб непрыяцельскай тэрыторыі. Разам з іншымі афіцэрамі, якія трапілі ў такое ж становішча, я пусціўся наўздагон свайму палку; мне ўдалося дабрацца да Кандагара, дзе я нарэшце знайшоў яго і адразу ж прыступіў да сваіх новых абавязкаў.

Шмат каму гэтая кампанія прынесла ўшанаванні і павышэнні, мне ж не дасталася нічога, акрамя няўдач і няшчасця. Я быў пераведзены ў беркшырскі полк, з якім удзельнічаў у фатальнай бітве пры Майвандзе. Ружэйная куля трапіла мне ў плячо, разбіла костку і зачапіла падключычную артэрыю. Верагодней за ўсё я трапіў бы ў рукі бязлітасных газі, калі б не адданасць і мужнасць майго ардынарца...»

Так пачынаецца раман Артура Конан Дойля «Эцюд у барвовых танах» – твор, у якім упершыню з'яўляецца легендарны персанаж Шэрлак Холмс. А расповед пра вайну ў Афганістане ідзе ад асобы не менш легендарнага доктара Уотсана. У нашы дні некаторыя медыцынскія падрабязнасці з гэтага тэксту выклікаюць усмешку ў людзей абазнаных. Маўляў, выжыць пасля такога ранення ў артэрыю ў канцы ХІХ стагоддзя было фантастычнай удачай. Яшчэ большую ўсмешку выклікае тое, што ўжо ў наступных творах аб прыгодах дэтэктыва і яго памочніка доктар Уотсан расказвае, што афганцы паранілі яго не ў плячо, а ў нагу.

Але я прывёў цытату не для таго, каб разбірацца ў неадпаведнасцях тэкстаў Конан Дойля. Гэты ўрывак цудоўна перадае тагачасныя настроі адносна вынікаў войн паміж Брытаніяй і Афганістанам. Літаратурны герой доктар Уотсан прымаў удзел у другой такой вайне, яна адбылася ў 1878-1880 гадах. Усяго ж войн было тры, яны расцягнуліся ажно на 80 гадоў, і ў выніку не прынеслі брытанцам жаданага поспеху. Лондан так і не здолеў устанавіць кантроль над гэтай краінай. Да таго ж, афганцы ваявалі на добра ім вядомай тэрыторыі, дзе ўмелі арганізоўваць засады і страляць у гарах.

Па меркаванні расійскіх ваенных гісторыкаў, Афганістан ХІХ стагоддзя – гэта вытворная ад геапалітычнага супрацьстаяння Брытаніі і Расіі. Лондан ператварыў краіну ў поле бітвы дзвюх супердзяржаў. Гэта шмат у чым абмежавала афганцам магчымасці для самастойнага развіцця. А таксама – нарадзіла многія праблемы, якія назіраюцца да сёння. У выніку Афганістан дабіўся-такі сваёй незалежнасці, але краіна стала месцам сутыкнення савецкіх, брытанскіх, нямецкіх і амерыканскіх інтарэсаў.

Праз многія дзесяцігоддзі пасля Вялікабрытаніі ў Афганістан увайшоў Савецкі Саюз. Увайшоў абмежаваным кантынгентам сваіх войскаў, як сцвярджалася, для аказання дапамогі афганскаму народу. Меркавалася падтрымаць рэформы, якія праводзіла Народна-дэмакратычная партыя Афганістана, каб ім не перашкаджалі ўзброеныя ісламісты. Разлік быў на тое, што сама прысутнасць савецкіх войскаў стане фактарам стабільнасці, гарантам мірнай абстаноўкі ў краіне. Аднак, выйшла інакш.

Як прызнаюць сёння многія ўдзельнікі тых падзей, зноў-такі не ўлічылі менталітэт афганскага народу, асаблівасці развіцця гэтай краіны, няправільна ацанілі ўнутрыпалітычныю абстаноўку. Таму фактычна савецкія салдаты ўспрымаліся як іншароднае цела ў мясцовым грамадстве, іх уцягнулі ў партызанскія баявыя дзеянні. Праз 10 гадоў ваенны кантынгент давялося выводзіць.

І вось Афганістан – зноў у цэнтры ўвагі. У гэтай краіне гісторыя паўтарылася тройчы, і язык не паварочваецца назваць гэтае паўтарэнне фарсам. На гэты раз са сваім статутам у афганскае грамадства зайшлі амерыканцы. Джордж Буш-малодшы збіраўся пабудаваць у Афганістане дэмакратыю па амерыканскім узоры. Ці трэба здзіўляцца, што нічога не атрымалася? «Правал» – гэта самае мяккае азначэнне ў заходніх СМІ 20-цігадовай амерыканскай прысутнасці ў Афганістане.

Чарговая імперыя пацярпела паражэнне ў гэтай краіне. Ды бог з ёй, з імперыяй! А якія чалавечыя ахвяры?! Некалькі дзясяткаў тысяч забітых і параненых – гэта толькі сярод ваенных. Сярод грамадзянскіх жыхароў Афганістана лік ахвяр ідзе на сотні тысяч. Трыльёны амерыканскіх долараў выкінуты на вецер.

Гісторыя Афганістана прыводзіць нас да дзвюх вельмі простых высноў.

Па-першае, любая навязаная краіне звонку мадэль развіцця амаль стопрацэнтна абернецца крахам. Толькі сам народ унутры краіны можа вырашаць, як яму жыць, з кім сябраваць, як развівацца, якіх лідараў сабе выбіраць. Правільных або няправільных шляхоў развіцця няма і быць не можа – у кожнай краіны свая гісторыя, а ў кожнага народа свой менталітэт. Спробы навучыць іншых, як трэба жыць, часта прыводзяць да трагедыі. Афганістан – толькі адзін з мноства прыкладаў.

І па-другое. Па вялікім рахунку, кожная краіна можа разлічваць толькі на ўласныя сілы. Глабальна ніхто нікому ў гэтым свеце нічым не абавязаны. Спадзяваліся многія афганцы на тое, што за іх усё будзе вырашаць ЗША? Вось і атрымалі, калі гэтая падтрымка ў адзін момант скончылася. Нездарма, аглядальнікі зараз раяць напружыцца кіраўніцтву многіх краін, якія лічаць сябе саюзнікамі Вашынгтона. Як бачым, саюзніцтва можа хутка скончыцца, і нікога нават не будуць пытаць.

За любой працягнутай рукой дапамогі ёсць інтарэсы таго, хто яе працягвае. І добра калі інтарэсы супадаюць – тады можа атрымацца ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва краін. Але так бывае далёка не заўсёды. І ў такім разе за аказаную «дапамогу» потым давядзецца шмат заплаціць.

Думаю, нам, беларусам, справядлівасць дзвюх гэтых высноў ужо не трэба даказваць.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: