Падзяліцца:
«Розгалас. Без людзей». Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 28.07.2020
«Розгалас. Без людзей». Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)

Нядаўна ў адным са сталічных гіпермаркетаў я пратэсціраваў новую тэхналогію – касу самаабслугоўвання. Шчыра кажучы, проста ўбачыў звычайную карціну: вечар, процьма людзей і палова непрацуючых кас. Не хацелася траціць час у чарзе, і раптам прыгадаў: ёсць жа цяпер магчымасць самому папрацаваць касірам. Тым больш, тэхналогія для нашай краіны пакуль новая, хочацца самому паглядзець, як і што працуе. Не тое, каб я быў вялікі прыхільнік любой тэхналагічнай навінкі, але ў выпадку з касамі самаабслугоўвання, думаю, ніхто не будзе спрачацца: за гэтым будучыня, прычым не надта далёкая. Так што лепш асвойваць ужо зараз.

Самае смешнае, што чарга была і да гэтых кас, але, канечне, не параўнаць з чэргамі побач – літаральна пару чалавек. Зрэшты, калі ўсё больш пакупнікоў будуць карыстацца навінкай і ім будзе падабацца, не выключаю, чэргі перамесцяцца сюды.

Нельга пакуль сказаць і што гэта касы без касіраў – супрацоўніцы гіпермаркета стаяць побач, каб у любы момант падказаць і дапамагчы. А пытанняў хапае. Напрыклад, толькі ў мяне такія пытанні з'яўляліся тройчы: то мудрагелісты апарат «прабіў» дзве бутэлькі кефіру замест рэальнай адной, то не мог адсканіраваць іншы прадукт, а ў канцы, пасля ўведзенага пін-коду банкаўскай карткі, надоўга завіс. Я ўжо думаў, давядзецца зараз усё выгружаць і ісці ў чаргу да «жывога» касіра. Але ж спроба завяршылася паспяхова.

Калі ўжо выйшаў з магазіна, злавіў сябе на думцы: дакрануцца да новых тэхналогій было цікава, але, здаецца, я толькі што бясплатна рабіў тое, за што іншыя людзі атрымліваюць грошы… І добра, калі зэканоміў час, але і гэта наўрад ці – без практыкі ў мяне ўсё атрымлівалася марудна. Рэальна хутчэй і прасцей было скарыстацца старым правераным метадам.

Праўда, і такія касы – ужо не зусім навінка. Тэхналогіі зараз развіваюцца імкліва. Навінка – тое, што зараз распрацоўвае сусветна вядомы гігант Амазон. Дарэчы, з гэтай кампаніі і пачалася практыка замены жывых касіраў бяздушнымі апаратамі. Сёння кампанія тэсціруе ў рэальнасці магазіны не толькі без касіраў, але і без прадаўцоў. Замест іх спецыяльныя сістэмы камп'ютарнага назірання сочаць за пакупнікамі і ў выніку выстаўляюць ім кошт за ўсе выбраныя прадукты.

Ёсць і яшчэ адно цікавае рашэнне, пра якое стала вядома літаральна днямі. Яно, дарэчы, можа вырашыць пытанне з тымі доўгімі чэргамі, у якіх многія не любяць стаяць. Размова пра так званы разумны кошык для пакупак. У тэхналогіі выкарыстоўваюцца камеры, датчыкі для аўтаматычнага вызначэння таго, што пакупнікі бяруць з паліц, і нават спецыяльныя шалі — яны тут жа ўзважаць выбраны пакупніком прадукт. Такі разумны кошык вядзе ўліковы запіс усіх выбраных тавараў, а калі чалавек пакідае магазін, проста спісвае суму з яго карткі або з рахунку ў Амазон. Касіры і прадаўцы непатрэбныя. На сёння ў сусветнага гіганта ёсць каля 25-ці магазінаў з такой тэхналогіяй. Падобныя кошыкі распрацоўваюць і іншыя кампаніі, але там усё ж такі трэба папярэдне самому сканіраваць прадукты, перш чым кінуць іх у кошык.

Эксперты лічаць, што гэта адна з апошніх спроб Амазон страсянуць індустрыю супермаркетаў і прапанаваць рашэнне для доўгіх касавых чэкаў. Бо ўсё больш людзей увогуле сыходзяць у інтэрнэт, купляючы сабе ежу і многія іншыя тавары і паслугі онлайн.

Канечне, гэта далёка не адзіная сфера, куды актыўна прыходзяць тэхналогіі, што замяняюць жывых людзей. Так, апошнім часам я ў асноўным заязджаю на тыя аўтазапраўкі, дзе можна самому аплаціць паліва, не звяртаючыся да аператараў. Аператары пакуль што ёсць – але якая тэндэнцыя, не складана здагадацца ўжо зараз. Паступова і тут чалавечая праца будзе замяняцца аўтаматыкай і тэхналогіямі. Зрэшты, адразу відаць і слабыя месцы. Колькі разоў заязджаў на запраўку, а тэрмінал для аплаты або не працуе, або аперацыі з карткай чамусьці не праходзяць. Адной АЗС прыватнай кампаніі, дзе такія фокусы сталі пастаяннымі, я ўвогуле перастаў карыстацца. Было адчуванне, што ўласніку гэтага бізнесу стала не вельмі цікава вырашаць адпаведныя праблемы.

Скажаце – дробязі? А ўявіце, што такога выбару, як зараз – звярнуцца да чалавека або да машыны, – ужо няма. Што засталіся толькі машыны і тэхналогіі. А людзі, якія іх абслугоўваюць, сядзяць дзесьці далёка і пакуль іх дапамогі дачакаешся... І вось што рабіць, калі праблема? На жаль, любая тэхніка недасканалая, таму праблемы гарантаваныя.

Ды і чыста псіхалагічна – уявіце: заходзіце ў краму, а там нікога! Толькі вы. Або яшчэ некалькі пакупнікоў. Ні касіраў, ні прадаўцоў. Нават спытаць няма ў каго (хіба што толькі робаты-кансультанты будуць для гэтага – таксама сумніўная забава). І няхай у вас у руках супертэхналагічны кошык, усё роўна неяк не па сабе. На запраўку заедзеце – і там нікога. У таксі сядзеце – а яно беспілотнае. У музей зойдзеце – там вас штучны інтэлект сустрэне. А людзі дзе?! А пагаварыць? Ды лепш ужо тая ненавісная чарга, чым так.

Не падумайце, я не праціўнік новых тэхналогій. Гісторыя лудзітаў даказала, што змагацца з прагрэсам сэнсу няма. Але і бегчы наперадзе паравоза, здаецца, трэба не заўсёды.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: