«Кастрычніцкі вечар. Twitter поўніцца выявамі вялікай колькасці людзей, якія маршыруюць па вуліцах гораду. Яны заклікаюць урад пайсці ў адстаўку, выкарыстоўваючы рэзкія выказванні. Пазней з'яўляюцца трывожныя відэаролікі, як збіваюць пратэстуючых. Дзе гэта? Зноў Мінск? Кіеў 2014 года? Можа, Масква? Не, гэта Варшава, сталіца пятай па велічыні краіны Еўрапейскага саюза».
Гэта цытата з артыкулу эксперта Еўрапейскага савета па міжнародных адносінах Джоаны Хоса. Яна наракае: Польшча, маўляў, ператвараецца ў «Поларусь», усё больш падабенства з Расіяй і Беларуссю. Пакінем гэтую выснову на сумленні аўтара артыкула, але звернем увагу на яшчэ некалькі момантаў матэрыялу.
Аўтар нагадвае: цяперашнія пратэсты ў Польшчы выкліканы пастановай Канстытуцыйнага суда адносна права жанчын на аборты. І далей піша: з таго часу, як пяць гадоў таму ў Польшчы прыйшла да ўлады партыя «Права і справядлівасць» (PiS), «яна груба захапіла кантроль над судовай сістэмай». Сур'ёзнае абвінавачванне. Адразу ж з'яўляецца пытанне: калі гэта так, магчыма, у Еўрапейскім саюзе ўвялі нейкія санкцыі (хаця б у судовай сферы) адносна аднаго са сваіх членаў? Усё ж такі парушаны прынцып незалежнасці судовай галіны ўлады. Але нешта пра такія захады не чуваць.
Таксама Джоана Хоса паведамляе нам: польскае грамадскае тэлебачанне TVP звычайныя палякі нібыта называюць TVPiS (намёк на скарочаную назву кіруючай партыі). Таму што тэлебачанне кантралюецца ўрадам. Больш за тое, па ацэнцы аўтара, – гэта не больш чым «прапагандысцкая машына». Так, цяперашніх пратэстуючых у эфіры TVP называюць «левымі фашыстамі», а таксама паказваюць рэпартажы пра тое, як дзяцей прадаюць гомасэксуалістам. Зноў жа, не будзем казаць, наколькі справядлівыя такія ацэнкі, але зададзімся пытаннем: магчыма, адпаведныя еўрапейскія структуры дадуць грошай на развіццё незалежных СМІ ў Польшчы, раз з грамадскімі ўсё так дрэнна? Не, не чуваць пра такое. Была, праўда, нядаўна навіна, што выдаткуюць грошы на медыя і – якое супадзенне! – гэтыя медыя якраз знаходзяцца ў Польшчы. Але вось бяда: польская тэматыка іх не цікавіць, яны ўсё больш пра Беларусь пішуць.
Нарэшце яшчэ адна прэтэнзія эксперта Еўрапейскага савета па міжнародных адносінах да кіраўніка «Права і справядлівасці» Яраслава Качыньскага. У сваім тэлезвароце ён намякнуў, што да цяперашніх выступленняў у Польшчы працяглы час рыхтаваліся, што пратэстуючых спецыяльна навучалі, і гэтыя дзеянні накіраваны на знішчэнне Польшчы. Вось, маўляў, – зноў жа, як у Расіі, Беларусі і іншых постсавецкіх краінах, дзе ўлады рэгулярна заяўляюць, што пратэсты не спантанныя, а кіруюцца з-за мяжы. Аўтар не задаецца пытаннем: а што, калі справядліва заяўляюць? Можа, улады гэтых краін лепш ведаюць, пра што гавораць? Вось ужо, здаецца, і ў Польшчы зразумелі. А яшчэ за дужкамі застаецца галоўная думка: за «Права і справядлівасць» прагаласавала большасць палякаў, значыць, палітыку партыі яны падтрымліваюць. І правільная гэта палітыка або не – вырашаць толькі жыхарам краіны, нікому больш.
Гэта датычыцца любой дзяржавы. Давайце возьмем для прыкладу яшчэ аднаго члена Еўрасаюза – Германію. Там некаторыя жыхары апасаюцца, што новы закон аб абароне насельніцтва можа стаць адпраўным пунктам для рэпрэсій і дыктатуры, – піша нямецкае выданне Zeit. Яшчэ раз – рэпрэсій і дыктатуры. І гэта пра Германію. Адзін з раздзелаў закона прапісвае меры аховы падчас пандэмій – маскі, закрыццё рэстаранаў і вось гэта ўсё. Але некаторых немцаў непакоіць, што закон у прынцыпе будзе абмяжоўваць іх правы. Непакоіць настолькі, што яны выйшлі на вуліцы. Як паведамляе выданне, «людзі ўпарта спрабавалі прарваць паліцэйскае ачапленне ў напрамку бундэстага, аднак паліцыя ўзяла верх, ужыла супраць часткова агрэсіўных дэманстрантаў пярцовыя балончыкі і вадаметы». Журналіст Zeit падлічыў: вадамёты супраць пратэстуючых берлінская паліцыя не ўжывала сем гадоў. І вось давялося, што называецца, расчахліць. Яшчэ і каля 400 чалавек затрымалі. Дарэчы, пратэставалі ва ўрадавым квартале і неанацысты, і маладыя дзяўчаты, і пажылыя мужчыны. Пазней у парламенце дэпутаты ад партыі «Альтэрнатыва для Германіі» заяўлялі: «Паліцыя процідзейнічае ўласнаму народу». Якія знаёмыя лозунгі, праўда?
Але без сацыялогіі ў руках мы не можам сказаць дакладна, што думае большасць немцаў. На пратэст выйшлі тысячы, але колькі НЕ выйшлі? Магчыма, якраз большасць жыхароў не супраць новых законаў. А паліцыя мае права наводзіць парадак так, як лічыць неабходным. Правільна атрымаецца або не – немцы самі разбяруцца, унутры сваёй краіны.
Хочаце яшчэ адну займальную цытату? «У якой дзяржаве мы жывём, калі атрады паліцыі выводзяць з мора пенсіянераў?!» Гэта ўжо Францыя. Тое ж выданне Zeit піша, як там змагаюцца з пандэміяй і як ад гэтага стогнуць французы. Так, жанчыну 93 гадоў выводзілі з мора ажно чатыры ахоўнікі правапарадку. Купацца падчас локдауну нельга, а даведкі ад урача (што гэта неабходна для здароўя) у францужанкі не было. «Атрад паліцыі дзеля групкі пенсіянераў на пляжы – адно з наступстваў многіх аўтарытарных правіл парыжскага ўрада», – заключае нямецкае выданне. Гэта пра тое, што французы павінны афармляць даведкі кожны раз, калі выходзяць з дому. Адна даведка – каб адвесці дзяцей у школу, другая – каб купіць сіроп ад кашлю ў аптэцы, трэцяя – каб купіць багет у краме, чацвёртая – каб пайсці на працу. Не дзіўна, што аўтар артыкулу называе французскі локдаун «рэпрэсіўным». Што ж ты зробіш, як еўрапейская краіна – так зноў дыктатура, аўтарытарызм або рэпрэсіі!
Але зноў жа – нешта не чуваць, каб пэўныя еўрапейскія структуры хваляваліся адносна французскіх пенсіянерак, якія ходзяць пад наглядам жандараў. І калі ў Францыі забароняць здымаць паліцэйскіх падчас разгону акцый пратэсту (а ўсё да таго ідзе, ёсць адпаведны законапраект), то наўрад ці супраць Парыжа хтосьці ўвядзе пэўныя санкцыі. Таму што гэта справа Францыі і французаў – вырашаць, правільна гэта або не. Як і справа немцаў і палякаў. І жыхароў любой іншай краіны. Вырашаць, што добра, а што не – без падказкі з-за мяжы.