Падзяліцца:
«Розгалас. Чаму лепш жыць сваім розумам». Радыёблог Максіма Угляніцы
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 22.09.2020
«Розгалас. Чаму лепш жыць сваім розумам». Радыёблог Максіма Угляніцы

«Людзей слухай, а свой розум май». Цудоўна памятаю са школьных гадоў зборнік народных казак з такой назвай. І ведаеце што? Часам мне здаецца: чым далей, тым усё больш актуальнай становіцца аднайменная казка з гэтага зборніку. Сёння яе не перашкодзіла б перачытаць не толькі школьнікам, але і многім дарослым.

Канечне, падазрэнні, што свядомасць – не самы моцны бок homo sapiens, былі даўно. Што вельмі проста яе абысці і адразу біць на падсвядомасць, на схаваныя чалавечыя жаданні, эмоцыі, інстынкты. Апошнім часам доказы гэтага з'яўляюцца ледзь не штомесяц: спецыялісты толькі і паспяваюць ставіць адпаведныя доследы і ладзіць эксперыменты. Але, напэўна, толькі з бурным развіццём інтэрнэту, інфармацыйных тэхналогій, новых медыя высновы вучоных становяцца настолькі відавочнымі. І тут жа парадокс: многія з нас гэта бачаць, многія ўсё разумеюць, і тым не менш самі лёгка могуць стаць ахвярай.

Сёння я б сказаў так: «Фрэндаў у фэйсбуку слухай, а свой розум май». Або «Тэлеграм-каналы чытай, а свой розум май». Зрэшты, тэхналогіі новыя, але правілы, па якіх яны працуюць, старыя як свет. Як тыя народныя казкі.

Вось вам для пачатку цытата. «Намі кіруюць, нашу свядомасць праграмуюць, нашы густы прадвызначаюць, нашы ідэі нам прапаноўваюць - і ўсё гэта робяць у асноўным людзі, пра якіх мы ніколі і не чулі… Невялікія групы людзей могуць прымусіць - і прымушаюць - нас меркаваць аб прадмеце так, як яны таго пажадаюць». Думаеце, гэта сказаў нейкі аматар канспіралагічных тэорый змовы?

Насамрэч не. Гэта цытата з культавай ужо кнігі «Прапаганда», якая выйшла ў свет у ЗША больш чым 90 гадоў таму. Яе аўтара – Эдварда Бернейса – сёння называюць піянерам PR-індустрыі. Бернейс і сам фігура легендарная. Пляменнік Зігмунда Фрейда, менавіта ён, як лічаць многія, і зрабіў са свайго дзядзькі сусветна вядомага псіхіятра. «Раскруціў» яго, як сказалі б сёння.

Лічыцца, што менавіта Бернейс навучыў амерыканцаў снедаць не проста яечняй, а з беконам (і такім чынам павялічыў продаж адпаведных мясных кампаній), і зрабіў жаночае курэнне сацыяльна прымальнай з'явай (за што яму сказалі «вялікі дзякуй» тытунёвыя гіганты). У абодвух выпадках Бернейс працаваў з так званымі лідарамі меркаванняў – урачамі-дыетолагамі (яны казалі, што бекон – гэта супер!) і дзяўчатамі-мадэлямі (яны з'яўляліся на публіцы з цыгарэтай у зубах). Мільёны амерыканцаў слухалі і глядзелі на гэтых лідараў меркаванняў і паўтаралі за імі, часам нават не разумеючы таго.

Бернейс пісаў: каб адчуць на сабе ўплыў масавай псіхалогіі, людзям зусім не абавязкова збірацца на мітынгі. Чалавек - істота грамадская, ён адчувае сябе часткай вялікай групы, нават калі сядзіць адзін у пустым цёмным пакоі. Калі трэба прыняць рашэнне, першае жаданне, як правіла, - узяць прыклад з лідара. Такі адзін з найбольш выразных прынцыпаў псіхалогіі мас. Менавіта таму адбываецца наплыў кліентаў у банку, пачынаецца паніка на фондавай біржы, становіцца бестсэлерам тая ці іншая кніга або набывае шалёную папулярнасць тэатральная пастаноўка.

Наколькі актуальныя гэтыя словы, напісаныя ў кнізе «Прапаганда», сёння, больш чым праз 90 гадоў! Калі адзін з намінальных аўтараў тэлеграм-канала са штаб-кватэрай у Польшчы шчыра прызнаецца ў інтэрв'ю: так, яго канал – гэта рупар, прапаганда. І калі там пішуць: «у Мінску сабралася 100 тысяч чалавек», на справе можа аказацца, што іх у 10 разоў менш. Як тут не ўспомніць і яскравы фрагмент нядаўняга мітынгу ў Мінску, калі супрацоўнік праваахоўных органаў праз рупар па-беларуску звяртаецца да пратэстуючых: «Ваш духоўны лідар толькі што сказаў вам паварочваць налева». Маючы на ўвазе запіс у тым жа польскім тэлеграм-канале. Адзінае пытанне: а ці ўсе ўдзельнікі ўсведамлялі, хто і навошта імі ў той момант кіруе? Або яны сур'ёзна лічылі, што самі прымаюць рашэнне, куды ісці?

Ёсць яшчэ адна цікавая тэхналогія, звязаная з нашай падсвядомасцю. Адна з самых глыбокіх патрэб чалавека – прыналежнасць да стаі, так склалася эвалюцыйна. А адзін з самых вялікіх страхаў - страх ізаляцыі, адзіноты. Раней чалавека маглі выгнаць з племені – гэта была старажытная форма пакарання. Вось чаму для многіх людзей так важна адпавядаць таму, што ім самім здаецца агульнапрынятым меркаваннем. Быць як усе.

Амаль 50 гадоў таму нямецкая вучоная Элізабэт Ноэль-Нойман увяла паняцце «спіраль маўчання». Звычайна яго звязваюць з апытаннямі грамадскай думкі. Простымі словамі, гэта калі чалавеку здаецца, што ўсе вакол любяць кока-колу, і ён пры апытанні таксама выбірае кока-колу, хоць насамрэч п'е пепсі-колу. Проста каб не выбівацца з агульнай карціны, быць як усе.

З развіццём новых медыя ў інтэрнэце гэта стала яшчэ большай праблемай. Бо ў сацыяльных сетках, тэлеграм-каналах, іншых медыя так лёгка стварыць ілюзію грамадскай думкі. Вам будзе здавацца, што ўсе навокал думаюць так, хоць насамрэч яны думаюць інакш. «Вунь усе на фэйсбуку посцяць фоткі з нейкім сімвалам – напэўна, гэта трэнд сезону? Трэба тады і мне сфоткацца!»

На гэта працуюць шматлікія боты і тролі (даследчыкі з Оксфарду раней назвалі такі працэс «фабрыкацыяй кансенсусу»). Але на гэта працуюць і нашы цалкам рэальныя «фрэнды» у сацыяльных сетках. Звычайна гэта людзі прыблізна аднолькавых з намі поглядаў – не дзіўна, што мы лёгка можам трапіць у так званы «інфармацыйны пузыр». Бачыць вакол сябе аднолькавыя меркаванні. І нам будзе здавацца, што ўсе так думаюць і робяць, хоць рэальна гэта будзе няпраўдай. Атрымліваецца, што людзі пачынаюць жыць у прыдуманым свеце, і на жаль, не заўсёды разумеюць гэта.

Дарэчы, а вы памятаеце, пра што была тая самая казка са школьнай кнігі? «Людзей слухай, а свой розум май»? Там мужчына спрабаваў прадаць на кірмашы пеўня, а ўсе людзі навокал казалі яму, што гэта заяц. Ён сумняваўся-сумняваўся, і ўрэшце сам паверыў, што заяц – аж пакуль той не стаў кукарэкаць. Мараль казкі надзвычай актуальная! «Праўду кажуць старыя людзі: не той дурань, каго завуць дурнем, а той дурань, хто чужым розумам жыве».

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: