А вы чулі – каронавірус можа распаўсюджвацца праз хвалі мабільнай сувязі пакалення 5G, таму што яны аслабляюць імунітэт! Не чулі?!
Насамрэч, канечне, гэта поўнае глупства (дзіўна толькі, што яго падхапілі і разносяць нават некаторыя нобелеўскія лаўрэаты). Як гэта часам бывае, дурны фэйк выйшаў за межы сацыяльных сетак і нарабіў непрыемнасцей у рэальным жыцці. У Вялікабрытаніі пачалі падпальваць мабільныя вышкі 5G і нападаць на супрацоўнікаў, якія абслугоўваюць новыя сеткі. Кіраўніку брытанскай службы аховы здароўя давялося нават публічна выступаць з абвяржэннем.
Чарговая ілюстрацыя да вядомай фразы «каму вайна – а каму...» Далей самі ведаеце. Хтосьці самааддана займаецца справай – лечыць (за што ўрачам яшчэ раз вялікі дзякуй!), а хтосьці – калечыць. Няхай нават і не ў прамым сэнсе.
Адны пад відам валанцёраў або прадаўцоў цудадзейных прэпаратаў ходзяць па кватэрах і спрабуюць падмануць пажылых людзей (як не трапіцца на іх вуду, мы нядаўна расказвалі ў «Актуальным мікрафоне», запіс праграмы ёсць на нашым сайце). Другія рассылаюць электронныя лісты быццам бы ад імя Сусветнай арганізацыі аховы здароўя або проста – з нібыта важнай інфармацыяй пра каронавірус. Адкрылі спасылку – і на вашым камп'ютары вірус! Не карона-, а звычайны такі, камп'ютарны вірус, з усімі наступствамі.
Трэція спрабуюць зарабіць на хайпе вакол новага вірусу. І самі робяць неацэнны ўклад у раскручванне гэтай шуміхі. Усе гэтыя «Ааааа», «Жэсць!», «Жах, што адбываецца» і гэтак далей, якія вы бачыце ў інтэрнэце, маюць на мэце толькі адно: каб вы хутчэй адкрылі спасылку, перайшлі на сайт, у тэлеграм-канал, яшчэ на які-небудзь рэсурс і такім чынам аўтаматычна палепшылі статыстыку наведванняў гэтага рэсурса. А яе потым можна будзе паказаць рэкламадаўцам і папрасіць за гэта больш грошай.
Адсюль і яшчэ адна з'ява, якую заўважылі медыяспецыялісты: як грыбы пасля дажджу растуць тэлеграм-каналы, якія вядуць людзі, нібыта хворыя на каронавірус. Магчыма, і цікава было б пачытаць інфармацыю, як кажуць, ад першай асобы. Толькі ніякай першай асобы там звычайна няма – дастаткова пачытаць некалькі запісаў, каб гэта зразумець.
Вось што пішуць пра адзін з такіх каналаў у Тэлеграме. Да пандэміі ён увогуле быў прысвечаны карэйскім фільмам. Але зараз усе старыя запісы выдалілі, а канал нібыта вядзе дзяўчына з каронавірусам. Вось толькі яе асабістых назіранняў там няшмат, а большасць размешчаных фота можна знайсці ў адкрытым доступе ў інтэрнэце. У асноўным жа – проста інфармацыя агульнага характару плюс рэклама. Аўтар адкрыта піша: цэны за рэкламу на канале актуальныя на сёння, але заўтра яны вырастуць. Новыя падпісчыкі – даражэй рэклама. Нічога асабістага, проста бізнес. Шкада толькі тых падпісчыкаў, якія наіўна вераць, што прачытаюць нешта каштоўнае, а ў выніку трацяць свой час на рознае трызненне.
Зрэшты, і тыя, хто раскручвае шуміху вакол каронавірусу, могуць жаданых грошай не атрымаць (праўда, іх зусім не шкада). Раней выданне New York Times напісала: хоць наведвальнасць буйных выданняў навін вырасла на дзясяткі працэнтаў, іх традыцыйныя рэкламадаўцы з-за пандэміі сыходзяць. У адных проста няма сродкаў (як у сетак атэляў, авіякампаній), а другія абсалютна не жадаюць, каб іх брэнд з'яўляўся ў навінах побач са словам «каронавірус». Каб не было ніякіх негатыўных асацыяцый. Па гэтай прычыне адзін з найбуйнейшых сусветных брэндаў, імя якога не называецца, выдаліў больш за 2 мільёны рэкламных аб'яў з рэсурсаў навін. Так што хайп на захворванні – не толькі дрэнная ідэя ў этычным плане, але і нікуды не вартая бізнес-мадэль. А вось давер можа падарваць назаўсёды.
У апісанай сітуацыі нам зноў варта задумацца пра такую карысную рэч, як інфармацыйная гігіена ў інтэрнэце. Яна, дарэчы, карысная і ў звычайныя, «непандэмічныя» часы. Бо мы трацім шмат часу і ўвагі на абсалютна непатрэбныя рэчы.
Вось некалькі парад.
Заўсёды задумвайцеся: навошта вы зайшлі ў сацсетку (або інтэрнэт увогуле). Вось такое пытанне сабе і задавайце: што я тут буду зараз рабіць? Проста забіваць час, стужку навін праглядаць або ёсць больш дакладная мэта? Калі вы не ведаеце адказу – вамі кіруюць вельмі разумныя алгарытмы. А іх задача адна – каб вы правялі ў сетцы як мага больш часу (як у казіно) і ўбачылі як мага больш рэкламы.
Яшчэ адно пытанне самому сабе: я правёў пэўны час у інтэрнэце – і што я з гэтага запомніў? Можаце нават запісваць, колькі часу «завісалі» у сацсетках, месэнджэрах і што карыснага вынеслі. А вечарам вывучыце гэтыя запісы – вы сапраўды менавіта так збіраліся правесці свой дзень? Галоўнае, што трэба разумець: інфармацыя сёння бясконцая, яна абнаўляецца нават у той час, калі вы спіце – але ці тыя гэта звесткі, без якіх вы не зможаце жыць? На 99% – не!
Калі будзеце задаваць сабе гэтыя два пытанні, то заўважыце, як з часам перастанеце заходзіць у інтэрнэт «на аўтамаце». І будзеце спажываць менш інфармацыйнага смецця.
А яшчэ паспрабуйце часам ладзіць сабе інфармацыйны таймаут. Скажам, на чатыры гадзіны (а лепш – больш) паспрабуйце не шукаць ніякай інфармацыі. Поўная ізаляцыя! А потым самі зрабіце выснову: што для вас сапраўды важна (напрыклад, звесткі пра вашых родных і сяброў), а без чаго, аказваецца, можна жыць.
Больш за тое – жыць спакойна, без нагнятання сітуацыі. Бо ў адрозненне ад вышак 5G, хранічны стрэс, панічныя настроі (у тым ліку ад чытання некаторых навін) сапраўды аслабляюць імунітэт. Гэта пацвердзіць любы ўрач. Яно вам трэба?