Падзяліцца:
«Розгалас. Чаму радыё «жывей за ўсіх жывых». Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 10.11.2020
«Розгалас. Чаму радыё «жывей за ўсіх жывых». Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)

Амаль 100 гадоў таму адметны расійскі паэт і празаік Велімір Хлебнікаў прадказаў з'яўленне інтэрнэту. Прынамсі, многія так лічаць. Самае цікавае, што пры гэтым Хлебнікаў дзяліўся сваімі думкамі пра… радыё. Яго артыкул называецца «Радыё будучыні». Працытую некалькі фрагментаў з яго, і самі вырашайце – ці можна лічыць паэта прарокам?

«Радыё будучыні – галоўнае дрэва свядомасці – …аб'яднае чалавецтва. Навуковая навіна, землетрасенне, пажар, крушэнне на працягу сутак будуць надрукаваны на кнігах Радыё. ...Калі раней Радыё было сусветным слыхам, цяпер яно вочы, для якіх няма адлегласці». Вось як Хлебнікаў апісваў радыёклубы: «Гордыя небаскробы, якія патанаюць у аблоках, гульня ў шахматы двух людзей, якія знаходзяцца ў супрацьлеглых кропках зямнога шару, ажыўленая размова чалавека ў Амерыцы з чалавекам у Еўропе». Паэт прадракаў: у будучыні радыё зможа перадаваць нават адчуванне смаку і паху, а таксама будзе ўрачом, які лечыць без лекаў, на адлегласці.

Гэтыя радкі напісаны ў 1921-ым годзе. Праз чатыры гады пасля – радыёвяшчанне прыйшло на беларускую зямлю. Менавіта чарговы юбілей Беларускага радыё прымусіў прыгадаць, з чаго ўсё пачыналася і задумацца пра перспектывы.

Так, пакуль што радыё не навучылася перадаваць пахі і адчуванне смаку (і шчыра кажучы, цяжка ўявіць, як гэта магчыма фізічна). Але развіццё тэхналогій, безумоўна, дало нам, радыйшчыкам, новыя магчымасці. Невыпадкова мы на Першым нацыянальным канале абралі для сябе неафіцыйным слоганам словы «Больш чым радыё». У сэнсе – больш, чым традыцыйнае радыё.

З развіццём таго самага інтэрнэту, з'яўленне якога нібыта прадказаў паэт Хлебнікаў, мы можам прапанаваць вам, нашым слухачам, больш, чым раней. Я па звычцы сказаў «слухачам», але, напэўна, і гэта ўжо будзе памылкай. Вы ўжо не толькі слухачы. Просты прыклад: нават вось гэты радыёблог хтосьці зараз слухае ў эфіры, а хтосьці чытае ў сацыяльных сетках або ў нашым тэлеграм-канале. Так што слухачы Беларускага радыё усё часцей бываюць і чытачамі і нават гледачамі. Сёння вы можаце зайсці на наш сайт або Youtube-канал і паглядзець відэазапісы самых цікавых і важных эфіраў. Мы рэгулярна робім стрым-трансляцыю ў сацыяльных сетках прамога эфіру адной з папулярных перадач «Актуальны мікрафон».

Дарэчы, відэа- і аудыёзапісы эфіраў вырашаюць адну з праблем, з якой раней часта сутыкаліся некаторыя нашыя слухачы. Яскравы суразмоўца быў у гасцях або важную тэму абмяркоўвалі – але хтосьці недачуў, позна ўключыў прыёмнік, не паспеў запісаць патрэбны кантакт альбо проста жадаў бы яшчэ раз паслухаць цікавую размову… А як яе паслухаць? Эфір прайшоў, і час назад не вернеш. З развіццём інтэрнэту ўсё змянілася. Цяпер мы можам прапанаваць вам так званае «адкладзенае праслухоўванне»: шукайце запіс перадачы на сайце або на Youtube-канале і пераслухоўвайце/пераглядайце колькі заўгодна разоў! Сапраўды цікавыя думкі нашых суразмоўцаў, як паказвае практыка, знаходзяць водгук і праз гады пасля эфіраў.

Так што аматарам пахаваць радыёвяшчанне ў эпоху «ютубаў» і «ціктокаў» я звычайна адказваю: не дачакаецеся! Па-першае, тое, што можа здзівіць іншых, для нас – даўно вядомы фармат. Папулярныя сёння ў многіх краінах падкасты? Дык гэта ж добра знаёмыя радыёперадачы, толькі іншы спосаб дастаўкі інфармацыі. Але многія падкасты робяцца, што называецца, «на каленцы» – а традыцыйныя радыёжурналісты прапануюць куды больш прафесійны падыход. Стрымы? Онлайн-трансляцыі? Слухайце, як вам такі стрым: у 1935-ым годзе на Беларускім радыё ў прамым эфіры адзначалі юбілей творчай дзейнасці Янкі Купалы. Журналісты паставілі мікрафон проста на святочны стол Песняра і ўсё, што гучала за сталом, ішло адразу ў эфір, онлайн, як сказалі б сёння. Так што мы зрабілі прамыя трансляцыі моднымі яшчэ 85 гадоў таму!

І – другая прычына, чаму радыё «жывей за ўсіх жывых». Гэта надзвычай зручнае медыя. Фактычна няма больш такіх СМІ, інфармацыю з якіх можна спажываць паралельна з нейкім іншым працэсам. Радыё дае вам свабодныя рукі і вочы. Вы можаце слухаць радыё і ехаць за рулём або ў транспарце, займацца фітнесам або рабіць ранішнюю прабежку, гатаваць вячэру або выконваць іншыя хатнія справы – гэта ўсё не замінае вам слухаць. Не трэба сядзець, уткнуўшыся ў экран смартфона або тэлевізара, ці трымаючы газету ў руках. Як бачыце, ніякія тэхналагічныя рэвалюцыі не змяняюць гэтай перавагі радыё.

А яшчэ новыя тэхналогіі даюць нам дадатковыя магчымасці для камунікацыі з вамі, нашай аўдыторыяй. Адзін толькі чат у тэлеграм-канале Першага нацыянальнага чаго варты! Апошнім часам там можна назіраць гарачыя дыскусіі і дыялогі з сотнямі каментарыяў за дзень. Заходзьце і пераканайцеся самі!

Менавіта камунікацыя – найважнейшая рэч у наш час, калі свет становіцца ўсё больш атамізаваным. Калі кожны жыве ў сваім «доміку» і часам не ведае, што адбываецца зусім побач. Увогуле чалавек – істота сацыяльная, ён не можа без кантактаў з іншымі. Таму радыё праз слова, праз дыялог дапамагае заставацца нам людзьмі. А Беларускае радыё, як і 95 гадоў таму, застаецца для многіх блізкім і цікавым субяседнікам.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: