Падзяліцца:
«Розгалас. Хочаце, як у Амазон»? Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 08.09.2020
«Розгалас. Хочаце, як у Амазон»? Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)

«Усе на забастоўку» – заклікаюць беларусаў у апошнія тыдні некаторыя тэлеграм-каналы. Найперш гэты заклік скіраваны на рабочых буйных прамысловых прадпрыемстваў. Аднак завадчане не спяшаюцца на яго адгукацца. У асноўным прадпрыемствы працуюць, як звычайна. Кажучы бюракратычнай мовай, у штатным рэжыме.

Магчыма, рабочых спыняе відавочны факт: забастоўкі – гэта страты для іх канкрэтнага прадпрыемства і для беларускай эканомікі ў цэлым. Але, будзем шчырымі, хутчэй за ўсё людзі думаюць не пра высокія матэрыі, а пра ўласны кашалёк. Можна і баставаць, канечне, але жыць тады на што? Не ў светлай будучыні, а сёння і заўтра.

Хтосьці, не выключаю, прыслухоўваецца да меркавання экспертаў. А яны (нават апазіцыйныя) прызнаюць: калі будзе іншая ўлада, то многія заводы могуць увогуле закрыць. Або прыватызаваць, паралельна звольніўшы многіх сённяшніх работнікаў. І зноў-такі пытанне: дзе тады працаваць? Усім ісці на праграмістаў перавучвацца? Вялікае пытанне.

Напэўна, ёсць і тыя, хто застаецца на сваім працоўным месцы, але пра сябе думае: а ўсё ж нядрэнна было б штосьці змяніць. Каб наша прадпрыемства было не дзяржаўным, а прыватным. І працавала б у рыначных умовах. Карацей, як там у іх – у развітых дэмакратычных краінах.

Але ці ўсе ведаюць, як насамрэч «там у іх»? Да якіх умоў працы трэба быць гатовымі? Возьмем для прыкладу, несумненна, дэмакратычную краіну з рыначнай эканомікай – ЗША. І адну з самых вядомых у свеце прыватных кампаній – Амазон. Яна вядомая сваёй выключнай эфектыўнасцю, але што за гэтым хаваецца? Адказ на пытанне можна знайсці ў справаздачы амерыканскага аналітычнага цэнтра «Інстытут адкрытых рынкаў», пра якую днямі напісала выданне Register.

Як высветлілі спецыялісты цэнтра, рабочым на складах Амазон пастаянна трэба паказваць пэўны ўзровень эфектыўнасці (як хутка яны апрацоўваюць заказы). Але фокус у тым, што ніхто ім не гаворыць, якім менавіта гэты ўзровень павінен быць. Ніякай дакладнай шкалы няма. Больш за тое, патрабаванні пастаянна змяняюцца. Калі рабочы ім не адпавядае – спачатку папярэджанне, а наступным разам звальненне. Прычым ён даведаецца пра гэта з электроннага паведамлення, без удзелу кіраўніцтва. Нават і няма ў каго ўдакладніць – за што звольнілі?

Не менш складанае жыццё ў вадзіцеляў кампаніі. Ім трэба дакладна ў тэрмін даставіць 999 з 1000 грузаў, інакш звольняць. Праблема ў тым, што перамяшчацца можна не як захочаш, а толькі па маршрутах, складзеных спецыяльнымі праграмамі Амазон. З-за гэтага многія вадзіцелі пастаянна перавышаюць хуткасць, каб паспець, і ў выніку трапляюць у аварыі.

Вось яшчэ вельмі цікавы пункт са справаздачы «Інстытута адкрытых рынкаў». За супрацоўнікамі складаў пастаянна сочаць з дапамогай відэаназірання, каб яны не збіраліся разам у вялікай колькасці. Асаблівая ўвага – патэнцыйным арганізатарам прафсаюзаў. Калі ёсць падазрэнні, такіх людзей адразу ж пераводзяць працаваць на іншыя склады, каб не падбухторвалі іншых. А яшчэ Амазон запатэнтаваў спецыяльны бранзалет, які пастаянна адсочвае, куды работнік кладзе свае рукі. Калі штосьці не па пратаколе, прылада адразу пачынае вібрыраваць.

Пры ўваходзе на склад рабочыя павінны пакідаць усе свае асабістыя рэчы, з сабой можна ўзяць толькі бутэльку з вадой і празрысты пакет з грашыма. Каб змагацца з магчымымі крадзяжамі, у канцы працоўнага дня ўсіх правяраюць. Прычым чаканне праверкі можа расцягнуцца на гадзіну, але ніхто гэты час не кампенсуе. На абед даецца толькі паўгадзіны.

Не дзіўна, што два гады таму работнікі Амазон арганізавалі дэманстрацыі па ўсёй Еўропе пад лозунгам «Мы не робаты». Адзін з удзельнікаў тады прызнаваўся журналістам: «Сапраўды, не робаты, але часам так хочацца быць адным з іх. Жыць было б куды прасцей». Трывога, дэпрэсія, сарваныя спіны, боль у суставах – толькі некаторыя пастаянныя спадарожнікі рабочых кампаніі. Адна з былых супрацоўніц Амазон, немка Хайке Гаслер прыгадвае ў сваёй кнізе: «Вы павінны пастаянна даказваць свайму працадаўцу, што вы жывы».

Калі пяць гадоў таму New York Times апублікавала вялікі артыкул пра «бессардэчныя метады кіравання» у Амазон, кіраўнік кампаніі Джэф Безас адказаў у духу: такога проста не можа быць, ён не пазнае ў апісаных фактах тую клапатлівую кампанію, якой ён кіруе.

Зрэшты, пра Безаса. Зараз яго багацце ўдвая перавышае паказчык знакамітага Ілана Маска. Безас рэгулярна ўзначальвае розныя рэйтынгі самых багатых людзей свету. Пастаянна з усмешкай глядзіць на нас з экранаў і старонак сусветных медыя. Як успрымаюць гэтыя навіны тыя самыя звычайныя рабочыя са складаў Амазон з пастаяннай дэпрэсіяй і страхам звальнення за дробную памылку – думаю, пытанне рытарычнае.

Хтосьці скажа: затое кампанія эфектыўная, дэманструе добрыя паказчыкі. Рынак сам вырашае, хто моцны, а хто слабы. Але якім коштам? Дзе за гэтымі паказчыкамі жывыя людзі? І ці гатовыя працаваць у такіх умовах беларусы?

Вось яшчэ пытанне для роздуму: што лепш – бессардэчныя, але эфектыўныя метады кіравання або сацыяльная справядлівасць? (Магчыма, не заўсёды эфектыўная па мерках рыначнай эканомікі). Калі з рабочымі размаўляюць, спрабуюць улічыць іх абставіны, а не звальняюць бяздушнымі электроннымі паведамленнямі.

Напэўна, лепш задаваць сабе такія пытанні і шукаць на іх адказы, калі ў чарговы раз бачыш у тэлеграм-каналах заклікі да забастовак і перамен.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: